Свяшчэнны абавязак – зямлю родную абараняць

  • Святлана ЖЫБУЛЬ, Прамень № 73 (10 022) от 30 сентября 2015 01 октября 2015 11:47 Общество Беларуская

    Адметнасць пасёлку Наваколасава надаюць многія асаблівасці, самая яcкравая з якіх – размяшчэнне на яго тэрыторыі вайсковай часці. Пасёлак у многім абавязаны 25-му арсеналу, з утварэннем якога 61 год назад і ўзнік гэты населены пункт. Свята з нагоды гэтай даты было агульным – ваеннаслужачыя паўнацэнна дапаўнялі таленты грамадзянскіх.

    Урачыстасць з нагоды  61-й гадавіны ўтварэння вайсковай часці і пасёлка Наваколасава пачалася на святым месцы – ля помніка загінуўшым воінам у час Вялікай Айчыннай вайны. У бягучым годзе да слаўнай даты – 70-годдзя Вялікай Перамогі – манумент, стэла і помнік у парку былі адрамантаваны.

    Святочнае мерапрыемства ў Наваколасаве ўшанаваў сваёй увагай дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка. Райвыканкам прадстаўляў на ўрачыстасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. Мітынг, на які сабраліся ўсе жыхары пасёлка Наваколасава, вучні і дашкольнікі мясцовых навучальных устаноў, быў адметны парадным строем афіцэраў, а яшчэ – прысутнасцю ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Іосіфавіча Шырокава, Фёдара Ануфрыевіча Каржанкова і ветэранаў Узброеных Сіл. Ім ужо за 80, а некаторым – і за 90 гадоў, таму кранальна было назіраць, як цёпла віталі ўсе гэтых шаноўных гасцей апладысментамі. Былы намеснік камандзіра часці па палітычнай рабоце Рэм Голубеў, які і цяпер прымае актыўны ўдзел у жыцці ваеннага гарадка, успомніў тых, хто стаяў ля вытокаў утварэння вайсковай часці. У ліку іх ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер баявых ордэнаў і медалёў, першы камандзір гэтай часці генерал-маёр Аляксандр Алфёраў, у гонар якога названа адна з вуліц пасёлка Наваколасава. Сам Рэм Іванавіч у свой час кіраваў групай, якая ўзвяла  помнік загінуўшым воінам, ён узначаліў і работу па стварэнні вайсковага музея, добра знаёмы з архіўнымі дакументамі, шмат цёплых слоў сказаў і пра афіцэраў, якія стаялі ля вытокаў стварэння новага роду войск – ракетнай часці стратэгічнага назначэння. У ліку іх і палкоўнік Дронаў, які ўзначаліў потым кінастудыю ваенных фільмаў. Ён падарыў два дакументальныя фільмы аб жыцці арсенала, якія былі паказаны ўдзельнікам святочнай урачыстасці ў Доме культуры, куды перамясцілася свята пасля мітынгу.

    У сучасны момант вайсковай часцю кіруе палкоўнік Віктар Нікіцін. З трыбуны ён расказваў аб этапах, якія прайшла вайсковая часць на шляху свайго станаўлення. За дасягнутыя поспехі часць неаднаразова была заахвочана, у 1968 годзе занесена ў Кнігу гонару Ваеннага савета ракетных войск, узнагароджана вымпелам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь, восем разоў – пераходным Сцягам Цэнтральнага камітэта прафсаюзаў, неаднаразова адзначана Міністрам абароны па выніках комплексных аператыўна-тэхнічных вучэнняў. 25-ты арсенал з'яўляецца вайсковай часцю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на якую ўскладзены задачы па правядзенні комплекснага рамонту рознай ступені складанасці шырокага спектра ўзбраення. Год назад асвоены рамонт метэаралагічных комплексаў.

    Віктар Нікіцін узнагародзіў афіцэраў, прапаршчыкаў, спецыялістаў грамадзянскага персаналу за выдатнае нясенне службы.

    У старшыні Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрыя Каршункова была свая роля – сказаць, чым жыве пасёлак Наваколасава. Радасць для ўсіх, што ўвод новай кацельні, рамонт цеплатрасы, сетак водазабеспячэння вырашылі ўсе праблемы з ацяпленнем ваеннага гарадка. Заасфальтавана вуліца Цэнтральная ў пасёлку Коласава, праводзіцца планавы рамонт жылля, праведзены капітальны рамонт пад'язной дарогі ад магістралі М1 да пасёлка Наваколасава. Усё гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе раённага выканаўчага камітэта і дэпутацкага корпусу. Сіламі сельвыканкама, прадпрымальнікаў, аб'яднання камунальных службаў і жыхароў праводзіцца рэканструкцыя тэрыторыі парку. Чакаюцца інвестыцыі па арганізацыі новых вытворчасцяў на вызваленых тэрыторыях, у будынках вайсковай часці.

    Дзмітрый Каршункоў выканаў прыемную місію ўзнагароджання ветэранаў розных сфер пасёлка Наваколасава. У ліку іх – заслужаныя настаўнікі і выхавацелі, былы дырэктар мясцовай школы мастацтваў Эльвіра Мешчаракова, доўгажыхар Вольга Дзербянёва, стараста пасёлка Коласава Віктар Кузін і іншыя.

    Цёпла прывітаў ваеннаслужачых і жыхароў пасёлка Наваколасава дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, надаўшы вялікую значнасць вайсковай часці ў складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Было адзначана выдатнае ўзаемадзеянне мясцовай улады з кіраўніцтвам часці, што з'яўляецца асновай для добрых сумесных спраў і мацуе традыцыі адзінства грамадзянскага насельніцтва і ваеннаслужачых. Прызнаючы заслугі вайсковай часці і мясцовай агульнаадукацыйнай школы ў развіцці спорту і любоў да біятлону, Мікалай Іванчанка на правах Старшыні Беларускай федэрацыі сучаснага шматбор'я ўручыў Коласаўскай СШ памятны знак, выраблены ў гонар фіналу Кубка свету па сучасным шматбор'і, які ўпершыню прайшоў у нашай краіне ў бягучым годзе.

    На спартыўных перамогах вучняў школы, выдатнай трэнерскай рабоце педагогаў Эдуарда Варывоцкага і Валерыя Кузняцова, якія падрыхтавалі спартсменаў, што ўваходзяць у зборныя каманды вобласці і краіны, акцэнтаваў сваё выступленне намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Вільнявец, адзначыўшы пры гэтым і слаўныя вынікі ў спорце ваеннаслужачых часці. В. а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька падзякавала кіраўніцтву вайсковай часці за вялікую патрыятычную работу, якую праводзяць афіцэры з вучнямі. І як вынік такой сумеснай дзейнасці, кожны год выпускнікі Коласаўскай СШ становяцца курсантамі Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС і камандна-інжынернага інстытута МНС.

    Зладжанасць, узаемаразуменне жыхароў Наваколасава, клопат аб родным пасёлку, уменне жыць адной сям'ёй паказаў і святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі вучняў, выхаванцаў дзіцячага сада, работнікамі мясцовых дзіцячай школы мастацтваў і Дома культуры. Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці з'явілася выступленне людзей у пагонах – лаўрэата тэлевізійнага конкурсу армейскай песні «Звезда» Алесі Багатка і ўдзельніка фінальнага  народнага тэлешоу «Я магу» Ільі Данільчыка.

     Фота аўтара 

    Теги: 
    • {Нет тегов}