Сіёры Кіёсава гаворыць па-беларуску

  • Іван Ждановіч, Голас Радзімы № 38 (3446), чацвер, 8 КАСТРЫЧНІКА, 2015 от 08 октября 2015 Скачать номер 08 октября 2015 00:00 Калейдоскоп Русский

    Заняткі Міжнароднай школы беларусістыкі сабралі ў Мінску студэнтаў і аспірантаў з розных краін

    Самы вялікі скарб, які мае кожны народ і якім ужо апраўдана ягонае існаванне ў свеце — ягоная мова. Яна, вечна жывая магутная плынь, нібы рака, заўсёды знаходзіць выйсці, убірае ў сябе новыя ручайкі, увесь час рухаецца і абнаўляецца. Пра тое ў Мінску гаварылі ўдзельнікі Міжнароднай летняй школы беларусістыкі, якія сабраліся дзякуючы сваёй цікавасці да беларускай мовы, культуры. Арганізатары школы — Белдзяржуніверсітэт і кафедра моладзевай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ. Заняткі праходзілі ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы (РІВШ): па вуліцы Маскоўскай, 15. Падаем адрас для тых, хто захоча і сам прыехаць у Беларусь: далучыцца да духоўных скарбаў беларусаў.

    Заняткі ў Школе беларусістыкі

    Сюжэты пра тое, як праходзілі заняткі, ёсць у інтэрнэце. Гасцей з Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Польшчы, Славацкай Рэспублікі, Расіі, Кітая і Японіі віталі на салідным узроўні: у цырымоніі адкрыцця Школы ўдзельнічалі прарэктар па навучальнай працы БДУ Аляксей Данільчанка, рэктар РІВШ Віктар Гайсёнак, дэкан філфака БДУ Іван Роўда, старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец (ён і вёў некаторыя заняткі). Звярнулі ўвагу на праект беларускія тэлеканалы.
    Прафесар, загадчыца кафедры Лідзія Сямешка расказала: пачынаўся праект у 90-я. Тады яна загадвала кафедрай у БДУ, і ёй з калегамі ўдалося правесці Школу з удзелам філолагаў, гісторыкаў, культуролагаў з 30 краін. Потым яна з мужам-дыпламатам жыла за мяжой, і вось зноў рухае праект  ужо ў РІВШ. “Разаслалі інфалісты на славістычныя факультэты ў розныя краіны: Польшча, Чэхія, Славакія, Германія... — расказала Лідзія Іванаўна. — Прыехалі і выкладчыцы, мае вучаніцы, з Кіева і Таліна — як на стажыроўку. Усяго прыехала 30 чалавек з 8 краін. Гэта няблага, у будучыні плануем развіваць Школу. Удзячны ўсім, хто з разуменнем аднёсся да гэтай справы. Мы звярнуліся ў нашы пасольствы, і ўдзельнікам Школы выдалі бясплатныя візы. Дарогу, харчаванне, жыллё яны аплочвалі самі, і культурную праграму ўдалося арганізаваць з малымі выдаткамі”.
    У Школе, якая працавала два тыдні, былі і лекцыі, і практычныя заняткі. Выкладчыкам (сярод іх вядомыя спецыялісты Аляксандр Лукашанец, Людміла Сінькова, Сяргей Запрудскі) дапамагалі і студэнткі-валанцёркі. Вольга Лабачэўская вяла заняткі па народным мастацтве. Былі кансультацыі па мове, культуры. Лідзія Сямешка лічыць, што зносіны з замежнікамі, якія цікавяцца беларускай мовай, сам досвед іх навучання патрэбен РІВШ, дзе  распрацоўваецца Дзяржстандарт па беларускай мове. Неабходнасць у ім з’явілася, калі ў 2010-м выйшла пастанова Саўміна “Аб пашырэнні сфер выкарыстання беларускай мовы”. Ахвотнікі вывучаць яе ёсць па ўсім свеце, у тым ліку і нашы супляменнікі: “Можам праводзіць заняткі і для іх. Пасольствы, консульствы да справы падключыўшы, актывістаў беларускіх суполак... Калі будзе інтарэс — мы пойдзем насустрач”.
    Як патлумачыла дацэнт кафедры моладзевай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ, кандыдат сацыялагічных навук Святлана Кулеш, інфармацыю пра Школу беларусістыкі можна знайсці на старонцы кафедры ў Фэйсбуку. Там чытаем: “Удзельнікі Школы расстаўляюць акцэнты пры сумесным аналізе моўнай, гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі ў форме розных камунікацыйных мерапрыемстваў. Праходзяць дыскусіі, адкрытыя лекцыі, напрыклад, па праблемах нормы і варыянтнасці ў беларускай літаратурнай мове”. Праграма Школы, удакладніла Святлана Аляксандраўна, уключала 54 гадзіны заняткаў па практыцы маўлення: фанетыка, граматыка, развіццё вуснай і пісьмовай мовы. Былі лекцыйныя курсы па розных аспектах беларускай мовы, гісторыі, культуры. Падзялілі студэнтаў на 2 групы: у першай — пачаткоўцы, у другой — тыя, хто ўжо добра валодае мовай. Усе, аднак, з цікавасцю, нават  натхнёнасцю гатовы вывучаць беларускую культуру, мову. Навучанне ў Школе — міждысцыплінарнае: мова, літаратура, гісторыя, культура. Былі інтэрактыўныя заняткі, майстар-класы, экскурсіі: у мінскія касцёл св. Сымона і Алены і Кафедральны сабор, Музей-запаведнік “Нясвіж”, Музей-запаведнік “Заслаўе”, у філіял Купалаўскага музея “Вязынка”.

    Сіёры Кіёсава

    Хто са Школы запомніўся Святлане Кулеш? Адам Фалбр з Чэхіі: ён свабодна валодае беларускай мовай, а вучыцца на філасофскім факультэце ў Карлавым універсітэце ў Празе. Роланд Рубэн Бівальд з Германіі, вучыцца на факультэце літаратуразнаўства, мовазнаўства і культуралогіі Тэхнічнага  ўніверсітэта  горада Дрэздэна: ён вывучае гісторыю і даследуе знакаміты статут Вялікага Княства Літоўскага. Японка Сіёры Кіёсава з Цукубскага ўніверсітэта (University of Tsukuba) грунтоўна вывучае беларускую мову і амаль свабодна ёю валодае, была ўжо ў Беларусі на доўгатэрміновай стажыроўцы. Яна, па словах Святланы Кулеш, працуе ў горадзе Цукуба і... выкладае там беларускую мову. То, значыць, у Японіі ўжо і гавораць па-беларуску. З Японіі, з вядомага ўсім горада Фукусіма была яшчэ ў Школе і студэнтка ўніверсітэта (Fukushima University) Като Мікіко.
    На занятках гасцям задавалі пытанне, што для іх беларуская мова: спецыяльнасць? захапленне? экзотыка? Чаму яны яе вывучаюць? І Сіёры Кіёсава шчыра адказала: “Гэта ўжо частка майго жыцця...”.
    Госці Беларусі, казала Святлана Кулеш, здзіўляліся, што не ўсе жыхары нашай краіны ведаюць беларускую — дзяржаўную! — мову, не ўсе ўмеюць на ёй свабодна размаўляць. Пэўна, запомняць урок ад іх і тэлежурналісты, да якіх замежнікі прыйшлі на эфір — а тыя не змаглі падтрымаць гаворку з імі па-беларуску...
    Што ж, Міжнародная летняя школа беларусістыкі — гэта, можна сказаць, усім нам школа: яна вучыць саміх беларусаў яшчэ больш цаніць і шанаваць родную мову — вялікую каштоўнасць і святыню.

    Голас Радзімы № 38 (3446), чацвер, 8 кастрычніка, 2015 у PDF

    Теги: 
    • {Нет тегов}