Як у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна “Чырачку” спраўлялі, вясну гукалі

  • Марыя ТУШЫНСКАЯ,, Светлае жыццё 16/2015 от 28 февраля 2015 Скачать номер 02 марта 2015 14:34 КультураОбщество Беларуская

    У нашым раёне з даўніх часоў захаваўся звычай у апошні дзень Масленіцы не толькі праводзіць зіму, але і гукаць вясну песнямі-вяснянкамі, карагодамі і гульнямі на праталінках у высокіх месцах, з частаваннем на прыродзе абрадавымі стравамі, асноўныя з якіх — печыва, яйкі, каша з проса, а таксама стравы, якія спажываюць на Масленіцу.

    А ў вёсцы Тонеж спраўляюць свой асаблівы абрад, які называецца “Чырачка”. Чырачка — мясцовая назва невялікай вадаплаўнай качачкі, якая ў літаратурнай мове называецца чырок. Выяву гэтай птушкі пякуць у гэты дзень у выглядзе фігурнага перніка і раздаюць усім, хто сустрэнецца па дарозе, запрашаюць іх на Чарнычовы горы (або проста Горка). Лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць з выраю вясну.

    Напярэдадні або зранку хлопцы ідуць на традыцыйнае месца, дзе спраўляецца абрад, нясуць туды сухія дровы з лучынай, збіраюць ламачча для вогнішча, а дзяўчаты ў адной з хат ладзяць пудзіла Зімы: з крыжавіны робяць раставую ляльку, апранаюць яе ў старое адзенне. Абавязковы і асноўны атрыбут свята — ялінка з яркімі папяровымі кветкамі. Яе дзяўчаты ўпрыгожваюць перад самым абрадам, паставіўшы ў гаршчок з жытам (сімвалам сям’і). А нясе елачку хлопец, абгарнуўшы ствол хусцінкай.

    Елка — сімвал роду, пэўнай супольнасці, якой з’яўляюцца жыхары гэтай вёскі. Тонеж — сяло вялікае, а горка, дзе гукаюць вясну, знаходзіцца на краю сяла, таму старэйшыя ўдзельніцы адраду едуць туды на вазах ці санях. Па дарозе жанчыны спяваюць: “ Ой, выйдзем, дзевачкі, на новае лета. Зімавалі — не спявалі, вясну ждалі”, “За чарэтам зелененькім стаіць ніва не арана, не арана, не сеяна. Па той ніве ходзіць пані — рве цвяточкі, в’е вяночкі, заве братца”. “Ой, чырачка-пташэчка, не залетай далечэчко, не занось мойго венчыка. Бо мой венчык — патрэбчык. Братка жаніці, сястру замуж аддаці, вяселле спраўляці…”.

    На горах загукаюць вясну “Агу, вясна, агу, красна, што ты нам вынесла? Гаршчок масла, гаршчок сыру. Старым бабам па кіёчку, малым дзеткам — па яечку”. Спяваюць “Чырачку” (ад гэтай песні і ўвесь абрад так называецца), іншыя песні, водзяць карагоды, сярод якіх гульнёвыя — “Яшчур”, “Грушка”, “Перапёлачка”, затым качаюцца з пагоркаў, паляць вогнішча і на ім — пудзіла Зімы. На самы высокі дуб хлопцы ўсцягваюць упрыгожаную елачку. Заканчваецца абрад сумесным частаваннем абрадавымі стравамі тут жа, на горах.

    Прыгожы абрад, старадаўні звычай, які неабходна захаваць для будучых пакаленняў.

    Яшчэ больш ФОТА і ВІДЭА