Новая перамога Уладзіміра Радзеўскага

  • Андрэй КВІР., Дняпроўская праўда №79(10145) от 03 октября 2015 Скачать номер 19 октября 2015 16:15 Экономика Русский

     

    У мінулым годзе сямейны экіпаж у складзе Уладзіміра Радзеўскага і яго сына Андрэя з ААТ “Каманіна” выйшаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод камбайнераў, якія працавалі на камбайне “Ліда-1600” і прымаў удзел у абласных “Дажынках” у Гарадку. Летась Радзеўскія намалацілі 1769 тон збожжа і рапсу.

    Сёлета Уладзіміру Міхайлавічу ўдалося паўтарыць працоўны поспех мінулага года. Яго экіпаж па выніках жніва зноў прызнаны адным з лепшых у вобласці. За сезон У.Радзеўскі разам з памочнікам камбайнера Васілём Харкевічам выгрузілі з бункера камбайна 1703 тоны збожжа або ўсяго на 66 тон менш, чым у 2014 годзе.

    Такая стабільнасць у намалотах сведчыць аб тым, што мінулагодні поспех не выпадковасць, а заканамернасць, падмацаваная высокім прафесіянальным майстэрствам і самааданай працай камбайнераў.

    А першую працоўную перамогу на сёлетнім жніве экіпаж У.Радзеўскага атрымаў яшчэ 8 жніўня, калі першым у раёне дасягнуў рубяжу па намалоту 1000 тон збожжа.

    Сёлетняе жніво для Уладзіміра Міхайлавіча было дваццаць шостым у ролі камбайнера. Ён па праву лічыцца адным з самых вопытных і старанных камбайнераў гаспадаркі, беражліва адносіцца да даверанай тэхнікі. На камбайне “Дон-1500А” адпрацаваў 17 сезонаў, бывала, што намалочваў па 800-900 тон збожжа. У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя гэта быў добры паказчык.

    У 2007 годзе кіраўніцтва гаспадаркі даверыла У.Радзеўскаму працаваць на новым камбайне КЗС-10К. У той год ён упершыню намалаціў больш за 1000 тон збожжа. А ў наступнае жніво ўжо выгрузіў з бункера камбайна 1385 тон збожжа. Гэта быў лепшы паказчык у гаспадарцы і пяты ў раёне.

    Шмат сезонаў у час уборкі збожжавых сабе ў памочнікі на камбайн Уладзімір Міхайлавіч браў сыноў Канстанціна і Андрэя. У жніво 2011 года разам з сынам Канстанцінам на камбайне КЗС-10К намалаціў 1091 тону збожжа і сямейнаму экіпажу было прысвоена першае месца ў раёне сярод камбайнераў, якія працавалі на камбайнах такога класа. А ў мінулым годзе, працуючы з сынам Андрэем на камбайне “Ліда-1600”, дабіўся рэкорднага намалота ў сваёй працоўнай біяграфіі і выйшаў пераможцам абласнога спаборніцтва.

    Як бачым, сёлятняя працоўная перамога заслужаная.

    Пасля жніва камбайнеры памылі і ачысцілі ад пажніўных рэшткаў уборачнай машыну, паставілі яе на захаванне і ўключыліся ў выкананне іншых работ. Уладзімір Радзеўскі на пагрузчыку “Амкадор” у гэтыя дні трамбуе кукурузную сіласную масу, а Васіль Харкевіч на трактары МТЗ-82 вядзе нарыхтоўку глебы да сяўбы азімых пад ураджай будучага года. У хлебаробаў няма перапынку для адпачынку. Трэба дбаць аб заўтрашнім хлебе.