… пасадзілі ветэраны педагагічнай працы, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і навучэнцы Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя.
75 пладовых дрэўцаў, пасаджаных у гонар 75-годдзя ўтварэння прафтэхадукацыі, ужо будучай вясной апрануцца ў белапенныя ўборы. На месцы новага саду яшчэ нядаўна была пустка, а зараз роўненькімі радкамі выстраіліся маладзенькія дрэўцы. Дарэчы, добрая традыцыя – пакідаць памяць пра юбілеі і знакавыя даты ў зялёных туявых алейках і будучых садах – нарадзілася ў ліцэі даўно. Таму і разглядвалі з асаблівай цікавасцю «свае», раней пасаджаныя дрэўцы, былыя выкладчыкі ліцэя, якія прыйшлі на ўрачыстасць. І нават параўноўвалі: чыё вышэйшае і лепш расце.
Пасля невялікай экскурсіі па тэрыторыі ліцэя, якая суправаджалася расказам старшага майстра Алега Іванавіча Шыханцова пра развіццё ўстановы адукацыі за апошнія гады і дасягненні яе навучэнцаў, усе сабраліся ў актавай зале. Павіншаваць калег са святам прыйшоў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Раманавіч Дубок. – Вельмі сімвалічна, што сістэма прафтэхадукацыі адзначае свой юбілей у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, – падкрэсліў Уладзімір Раманавіч. – Што можа радніць гэтыя даты? Многае. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета, згодна з якім «нарадзілася» прафтэхадукацыя, выйшаў 2 кастрычніка 1940 года. Якраз напярэдадні вайны… Перамога кавалася не толькі на палях баявых бітваў, але і на прадпрыемствах, дзе працавалі выхаванцы фабрычных і заводскіх вучылішчаў. Праз некалькі год ліцэй адзначыць свой саракагадовы юбілей. Прыемна, што сённяшнія педагогі працягваюць лепшыя традыцыі, закладзеныя першым дырэктарам Георгіем Ільічом Кумпанам і яго калегамі, і паспяхова рыхтуюць кадры для народнай гаспадаркі. Аграпрамысловы сектар Шчучыншчыны займае адно з лідзіруючых месц у Гродзенскай вобласці. І ў гэтым ёсць заслуга педагогаў ліцэя, якія выхоўваюць кваліфікаваных спецыялістаў.Уладзімір Раманавіч уручыў Пісьмо-падзяку райвыканкама і падарункі, сярод якіх – факсімільнае выданне зборніка вершаў Цёткі 1906 года. З віншаваннямі і падарункамі завіталі на свята прадстаўнікі гаспадарак і арганізацый, якія цесна супрацоўнічаюць з ліцэем: дырэктар саўгаса «Вялікае Мажэйкава» Ю.Г. Бяляўскі, які, дарэчы, у свой час таксама закончыў тады яшчэ СПТВ-198, намеснік дырэктара РУП ЖКГ А.В. Шкіндзераў, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Васілішкі» С.М. Габіс, а таксама намеснік дырэктара СВК «Дэмбрава» Ю.А. Сакута. Усе яны гаварылі аб тым, наколькі важна сёння быць высакакласным спецыялістам, умець працаваць з новай тэхнікай. Для гэтага трэба мець моцнае жаданне вучыцца і грунтоўна асвойваць прафесію. Добра падрыхтаванага спецыяліста з радасцю возьме на работу кожная гаспадарка.Як у такі момант не ўспомніць першыя дні з жыцця тагачаснага вучылішча, не парадавацца поспехам, якіх сёння дасягнула гэта навучальная ўстанова?– Я помню нашу самую першую лінейку, якую мы правялі на каменнай маставой на рынку, – расказвае Георгій Ільіч Кумпан, які ў сістэме прафтэхадукацыі працаваў з 1961 года. – Каля вучылішча яшчэ вяліся будаўнічыя работы і стаяла такое балота – не прайсці. Першых навучэнцаў набралі 300 чалавек, а конкурс складаў два чалавекі на месца. Праз два гады нас была ўжо тысяча… Да гэтай пары не забываецца, як вярталіся нашы навучэнцы з вялікіх будоўляў і прывозілі граматы і падзякі. Яны цягнулі лініі электраперадач у Ленінградскай вобласці, працавалі на Горкаўскім аўтамабільным заводзе, асвойвалі цаліну… Мы ганарыліся такімі рабятамі і ведалі: яны заўсёды будуць працаваць на сумленне. І сённяшнім выхаванцам ліцэя жадаю расці прафесійна, атрымліваць вышэйшую адукацыю і поўнасцю аддаваць сябе прафесіі.
Самыя цёплыя словы гучалі ў адрас былых педагогаў ліцэя: Г.І. Кумпана, Т.В. Кумпан, І.М. Нікалаюка, В.М. Паспешнага, Л.У. Чыжык, Г.Н. Каравайскай, В.А. Баженава, І.С. Чыжыка і іншых. Яны адчувалі сябе так, нібы і не пакідалі гэтыя сцены, у якіх правялі не адно дзесяцігоддзе. Разам са словамі віншаванняў рабяты дарылі ім кветкі. А слайды на экране нагадвалі пры былыя часы і пра тых, каго сёння ўжо няма на гэтым свеце… Павіншаваў сваіх калег са святам і уручыў граматы дырэктар сельскагаспадарчага ліцэя Віталій Мечыслававіч Сцельмашок. Асобныя члены калектыву былі адзначаны прафсаюзнымі ўзнагародамі. Шчыра гучалі са сцэны песні ў выканані Ігара Будзько, Дзмітрыя Кумпана, Алега Шыханцова, Святланы Лунгу, Наталлі Мацко, Івана Чулкова, Кацярыны Кумпан і іншых. Гэты святочны дзень абавязкова пакіне ў памяці ўдзельнікаў урачыстасці самыя лепшыя ўражанні.