Пад апекай Багародзіцы

  • Ірына РАБУШКА., Маладзечанская газета 81/2015 от 24 октября 2015 03 ноября 2015 11:03 Здоровье Беларуская

    У радзільным доме па традыцыі павіншавалі жанчын, якія нарадзілі дзетак у Дзень маці. Сёлета 14 кастрычніка стаў самым «ураджайным» днём за апошнія пяць гадоў: гучным крыкам віталі свет адразу дзевяцера малышоў, пераважна першынцы ў сваіх сем’ях.

    Святочную «эстафету» ў пачатку дзясятай гадзіны раніцы адкрылі двайняты Софія і Вікторыя — другое і трэцяе дзіця ў сям’і Грыгаровічаў. У віляйчан Ганны і Міхаіла  ёсць яшчэ дачка Аляксандра. Пакуль мама адрознівае сваіх малышак на… вагу. Маўляў, Софія больш лёгкая.

    Маладзечанка Юлія Казлоўская ў дзень нараджэння сыночка атрымала ў падарунак ад мужа 25 руж. Свайго першынца шчаслівыя бацькі назвалі Яраславам.

    Узрост бацькоў дзяцей, што з’явіліся на свет у гэты дзень, пераважна да трыццаці гадоў, самай вопытнай маме (яна нарадзіла другое дзіця) – 40.

    У адметны дзень жанчын віншавалі не толькі радня і сябры, але і прадстаўнікі мясцовых улад. З прывітальнымі словамі да іх звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч і начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Івашкевіч. Мамам уручылі памятныя адрасы і падарункі.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.