За сівой завесай часу

  • Кірыл ЗАХАРЧУК, Светлы шлях 45/ от 11 ноября 2015 11 ноября 2015 14:34 Калейдоскоп Беларуская

    Дэлегацыя членаў савета народных музеяў гімназіі, сярэдняй школы №5 і Крэўскага вучэбна-педагагічнага комплексу наведала Лідскі гісторыка-мастацкі музей, дзе адбыўся III злёт народных музеяў устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. Злёт праводзіўся ў рамках абласной акцыі вучнёўскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” з мэтай развіцця кантактаў паміж музеямі для захавання і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны.

    Першы злёт народных музеяў праводзіўся ў Крэве ў маі 2011 года. На ім прысутнічалі прадстаўнікі ад 15 народных музеяў вобласці, ІІ злёт праходзіў у г. п. Любча на Навагрудчыне ў 2013 годзе, на ІІІ злёце прысутнічалі прадстаўнікі саветаў 24 народных музеяў устаноў адукацыі. Культурна-гістарычны патэнцыял народных музеяў нашай вобласці – самы высокі паказчык у Рэспубліцы Беларусь.

    Прадстаўнікі народных музеяў абаранялі сваю эмблему, а дэвізам народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі сталі словы Францішка Багушэвіча: “Хай жа ўсе, усе, хто можа, возьмуць свой кіёк дарожны, у край айчынны час ісці нам, вывучаць свой люд”.

    Удзельнікі паездкі мелі магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі метадамі музейнай педагогікі і цікавымі формамі правядзення экскурсій, а таксама з творчай праграмай злёту “За сівой завесай часу”. Шчодра дзяліліся сваімі набыткамі члены саветаў народных музеяў з Крэва, дзе паказвалі падзеі ў час падпісання Крэўскай уніі. Легенды бацькаўскай зямлі прадстаўлялі ўдзельнікі з Лунненскай СШ Мастоўскага раёна, Любчанскай СШ Навагрудскага раёна. Багатую спадчыну Ашмяншчыны прадставілі члены савета народнага музея Гальшанскай сярэдняй школы.

    Усе выступленні мелі сваю “фішку”, свой твар.

    Засталіся добрыя ўражанні ад наведвання Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея Лідскага раёна, які мае 6 экспазіцыйных музейных пакояў. Вельмі спадабаўся гасцінны прыём у музеі, а этнаграфічны куток здаецца сапраўднай бабулінай хаткай.

    З новымі падыходамі ў дзейнасці музея ўстановы адукацыі ўдзельнікі злёту пазнаёміліся на прыкладзе музея ледавіковых валуноў “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” Радунскай гімназіі Воранаўскага раёна.

    Напрыканцы ўсіх чакала тэатралізаванае прадстаўленне ў Лідскім замку “Карона Вітаўта”. Самі ўдзельнічалі ў серэднявечных гульнях і танцах, нават было дазволена надзець даспехі рыцара і паспрабаваць свае сілы ў сапраўдных рыцарскіх баях.

    Гэтыя яркія ўспаміны будуць натхняць усіх удзельнікаў злёту на далейшае вывучэнне гісторыі свайго краю, і мы з нецярпеннем будзем чакаць новых сустрэч.

    Кірыл ЗАХАРЧУК, Аляксей МАЕЎСКІ, 

    члены савета народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі.