Курс – на новыя тэхналогіі

  • Аляксандр ГОРБАЧ, Івацэвіцкі веснік №87 от 10 ноября 2015 12 ноября 2015 09:32 Экономика Беларуская

    Цудоўны падарунак атрымаў калектыў Івацэвіцкага дзяржаўнага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ў мінулую пятніцу, 6 лістапада: у вучэбнай гаспадарцы прафліцэя ў вёсцы Сярадава пасля маштабнай рэканструкцыі старых будынкаў і пасля ўзвядзення новых адкрыта малочнатаварная ферма. На гэтыя мэты дзяржавай накіравана каля 23 мільярдаў рублёў. Ліцэісты: дзяўчаты і хлопцы, якія спасцігаюць азы прафесіі аператара машыннага даення, цяпер будуць працаваць на самым сучасным абсталяванні. 

    – Для нас гэта вельмі значны дзень, бо адкрыццё новай малочнатаварнай фермы з самым сучасным абсталяваннем дазволіць навучэнцам атрымліваць веды на прынцыпова новым узроўні, – падкрэсліў падчас адкрыцця аб’екта дырэктар прафліцэя Міхаіл Дымовіч. – Мы не можам дазволіць сабе рыхтаваць спецыялістаў, якія пакінуць сцены навучальнай установы і якім пасля трэба будзе давучвацца. Не! Яны павінны атрымаць той багаж ведаў, якія ім выкарыстоўваць у жыцці, у гаспадарках… Дадам, што адкрыццё гэтага аб’екта дазволіць працаўладкаваць 17 жыхароў Сярадава…     

    Вучэбная гаспадарка прафліцэя – другая на Брэстчыне, якая атрымала такое сучаснае абсталяванне для навучання прафліцэістаў. І не толькі прафліцэстаў, звярнула ўвагу Вера Шапавал, намеснік начальніка аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, якая брала ўдзел у мерапрыемстве. Тут, па словах Веры Анатольеўны, можна праводзіць і перападрыхтоўку кадраў гаспадарак вобласці.

    На сённяшні дзень дойны статак вучэбнай гаспадаркі – 84 каровы, а ўсяго тут 307 галоў буйнай рагатай жывёлы. Запланавана павялічыць колькасць дойных рагуль на некалькі дзясяткаў галоў. І вельмі важна закласці ў хлопцаў і дзяўчат, якім працаваць аператарамі машыннага даення, навыкі сучаснай работы – пра гэта гаварыў падчас выступлення Пётр Брыч, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу. Выступоўца звярнуў увагу, што не толькі ручное, але нават машыннае даенне – гэта ўжо старонкі гісторыі. На першы план, калі даенне праводзіцца ў аўтаматычным рэжыме, выходзяць культура вытворчасці, якасць прадукцыі…

    Прысутных віншавалі начальнік Івацэвіцкай ПМК-18 Ігар Панасюк, які падзякаваў за дапамогу ліцэістам і падкрэсліў: пры будаўніцтве МТФ выкарыстоўваліся толькі айчынныя матэрыялы і абсталяванне. Слова таксама бралі Пётр Свібовіч, старшыня Жытлінскага сельсавета, Марына Ніканчук, навучэнка ліцэя… Святочны настрой стваралі навучэнцы ліцэя (педагог-арганізатар Л. Краўчэня). Пасля ўрачыстага адкрыцця прысутныя наведалі аб’ект, пазнаёміліся са створанымі ўмовамі для працы і быту.

    Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).