Унікальная знаходка

  • А. ПЯТРОВА, “НЖ”., Новае жыццё №87 от 04 ноября 2015 19 ноября 2015 09:10 КультураОбщество Беларуская

    1 лістапада на манастырскім падвор’і ў в. Лаўрышава адбылася прэзентацыя гістарычнай пячаткі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, якая была знойдзена падчас раскопак у ліпені бягучага года. Унікальнасць знаходкі ў тым, што гэта не проста адбітак на метале, а сама матрыца – старажытны пламбатар для атрымання пячаткі, якая ў рукі археолагаў трапіла ўпершыню.

    Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўнікі і ўдзельнікі Лаўрышаўскіх археалагічных экспедыцый, загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.М. Жышко, старшыня Шчорсаўскага сельвыканкама Г.В. Лукоўскі, мясцовыя жыхары і шматлікія госці. Пасля малебну, які адслужыў ігумен Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра айцец Яўсевій, адбылася прэзентацыя пячаткі і іншых археалагічных знаходак.

    Прадставіў артэфакт кіраўнік Лаўрышаўскіх археалагічных экспедыцый, доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі, член геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь С.Я. Расадзін.

    Як адзначыў Сяргей Яўгеньевіч, спачатку археолагі думалі, што гэта звычайны брусок для гаспадарчых мэт. Пасля атрыбуцыі (вывучэння, вызначэння сапраўднасці – Рэд.) было ўстаноўлена, што матэрыял, з якога выраблена пячатка – ­шэравата-­ружовы сланец, камень, які здабываўся толькі да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя. Пасля дэталёвага вывучэння ўдалося разгледзець небагатае аздабленне матрыцы і галоўнае – надпіс.

    – Некалькі спецыялістаў па кірылічных надпісах прачыталі старажытнарускія літары П, У і Н. Навуковыя даследаванні вызначылі і гістарычны кантэкст, да якога адносіцца пячатка. Гэта ранні перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Аднак на гэтым работа з матрыцай не скончана, яе вывучэнне будзе працягвацца, – падкрэсліў С.Я. Расадзін. – Гэты год стаў пераломным у нашай рабоце, але не апошнім. Я ўпэўнены, што Лаўрышаўская зямля хавае яшчэ шмат таямніц, якія нам трэба будзе раскрыць.

    Да слова, археалагічныя раскопкі ў Лаўрышаве вядуцца з 2011 года. Агульная плошча даследаванняў склала каля 150 кв.м, глыбіня – каля трох. За пяць гадоў зной­дзены тысячы прадметаў, перыяд якіх гісторыкі і археолагі вызначаюць з ХІІІ па ХVІІІ стагоддзі – час, калі менавіта тут, у Лаўрышаве, знахо­дзіўся мужчынскі манастыр. Месца знаходжання абіцелі пацвярджае і той факт, што сярод артэфактаў няма нівод­най жаночай рэчы.

    Адной з мэт Лаўрышаўскіх экспедыцый з’яўляецца далучэнне моладзі да практычнай дзейнасці па даследаванні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. У якасці добраахвотнікаў усе пяць гадоў на раскопках працавалі дзеці і моладзь з усёй краіны. Ураджэнец в. Лаўрышава Ілля Мантуш – пастаянны ўдзельнік экспедыцый. Зараз з’яўляецца студэнтам V курса зоаінжынернага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У бягучым годзе кіраваў работай студэнцкай групы.

    – У дзяцінстве я заўсёды шукаў скарбы і быў упэўнены, што наша зямля хавае шмат таямніц, – расказаў падчас прэзентацыі Ілля. – Таму калі мне прапанавалі прыняць удзел у раскопках у Лаўрышаве, я з задавальненнем адгукнуўся і паклікаў сваіх сяброў. Вельмі рады, што мне давялося пазнаёміцца з такімі лю­дзьмі, як С.Я. Расадзін, Т.В. Маслюкоў, Г.М. Рызнавокі і інш., якія змаглі аб’яднаць вакол сябе школьнікаў і студэнтаў з усіх куткоў Беларусі. На раскопках было вельмі цікава і весела і я абавязкова буду ўдзельнічаць у іх і далей.

    Пасля выступлення ўдзельнікаў Лаўрышаўскіх археалагічных экспедыцый прысутныя мелі магчымасць агле­дзець прадстаўленыя знаходкі і задаць пытанні кіраўнікам раскопак.

    Пячатку-матрыцу плануецца прадставіць у Нацыянальным гістарычным музеі, а таксама ў гісторыка-краязнаўчым музеі ў Навагрудку. Пастаянным жа месцам захавання з’яўляецца створаны археалагічны музей Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, дзе будуць захоўвацца ўсе знаходкі.

    Тэкст і фота

    А. ПЯТРОВАЙ, “НЖ”.