Твой першы крык усіх нас ашчаслівіў…

  • Анжаліка КРУПЯНЬКОВА, Маладзечанская газета 95/2015 от 16 декабря 2015 15 декабря 2015 11:43 Общество Беларуская

    Арцём Дараховіч стаў тысячным нованароджаным Маладзечна ў гэтым годзе. Урачыстая цірымонія рэгістрацыі прайшла ў ЗАГСе.

    — Спачатку я падумаў, што гэта розыгрыш, — з усмешкай расказвае малады тата Павел Дараховіч. – Мне патэлефанавалі з загса і паведамілі, што наш сын, які з’явіўся на свет

    3 кастрычніка, стаў тысячным нованароджаным і праз нейкі час нас запросяць на яго ўрачыстую рэгістрацыю. Шчасліўчык наш Арцёмка, што тут скажаш!

    Перад пачаткам цырымоніі  мы пазнаёміліся з бацькамі хлопчыка. Павел працуе начальнікам вытворчага цэха ў маладзечанскім філіяле завода ЖБВ ААТ «Крычаўцэментнашыфер», Настасся – маркетолаг на ААТ «Велес-Міт». Яны пазнаёміліся на вяселлі ў сваякоў і адразу спадабаліся адзін аднаму. Пачалі сустракацца, але пажаніліся толькі праз тры гады, калі Насця закончыла інстытут. Мэтанакіраваныя, самадастатковыя, абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, добра зарэкамендавалі сябе на рабоце. Насця з гордасцю гаворыць пра мужа, што ён пачынаў з рабочага, цяпер працуе начальнікам цэха. Арцём – другое дзіця ў сям’і, у яго ёсць двухгадовая сястрычка Соф’я, якая таксама была на ўрачыстасці і вельмі клапацілася аб браціку, сачыла, каб ніхто, акрамя сваякоў, не браў яго на рукі.

    — Нараджэнне дзіцяці – вялікая радасць, але і вялікая адказнасць. Ад вас, паважаныя бацькі, залежыць, якім яно вырасце, як складзецца яго лёс, — звярнулася да віноўнікаў урачыстасці начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Івашкевіч, якая вяла мерапрыемства.

    Настасся і Павел замацавалі сваімі подпісамі акт аб нараджэнні сына. Ала Генадзьеўна ўручыла ім пасведчанне аб нараджэнні, а таксама памятны медаль. Маладых бацькоў павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Людміла Канановіч. Яна падкрэсліла, што гэта важная падзея не толькі для сям’і, але і для ўсяго раёна, а таксама нагадала, што прыгожай традыцыі ўшаноўваць тысячнага нованароджанага горада ўжо дзесяць гадоў, і ўручыла падарунак ад раённага выканаўчага камітэта. Мультыварка дапаможа маладой матулі на кухні і забяспечыць здаровае харчаванне для ўсіх членаў сям’і.

    Прыемна, што калегі Паўла і Настассі таксама не засталіся ўбаку ад гэтай знамянальнай падзеі, прыйшлі ў ЗАГС з падарункамі. Хвалюючымі былі віншаванні і ад бабуль з дзядулямі – яшчэ маладых і поўных сіл. Усіх прысутных парадавалі выступленнямі выхаванцы дзіцячага сада №27.

    Кажуць, перад тым, як з’явіцца на гэты свет, дзеткі выбіраюць сабе бацькоў, сям’ю. Арцёмка не памыліўся, бо нават пасля непрацяглага знаёмства з яго мамай і татам разумееш, наколькі клапатлівыя, добрыя і разумныя яны. Думаецца, што і з месцам нараджэння яму таксама пашанцавала – ён ужо стаў часцінкай гісторыі нашага  Маладзечна.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.