Анлайн-праекты “ІВ” у Год моладзі

  • Редакцыя "ІВ", Івацэвіцкі веснік №100 от 31 декабря 2015 31 декабря 2015 11:28 Общество Беларуская

    Сёння, у апошні дзень 2015 года, мы яшчэ раз узгадваем самыя яркія анлайн-праекты “ІВ”, якія раённая газета правяла ў Год моладзі.

    Першай ластаўкай стаў сумесны праект “ІВ” з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама “Маладыя прафесіяналы раёна”, які доўжыўся амаль паўгода, і дзякуючы якому шляхам народнага галасавання жыхары раёна абралі лепшых прафесіяналаў сваёй справы сярод маладых урачоў, цырульнікаў, настаўнікаў, выратавальнікаў, міліцыянераў і прадаўцоў. Пераможцамі праекта сталі Алена Саўчук, урач-стаматолаг, тэрапеўт стаматалагічнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, Андрэй Мельнік, участковы інспектар міліцыі ААПП Івацэвіцкага РАУС, Наталля Шавель, цырульнік-універсал цырульні “Візіт” ПУП па аказанні паслуг “Стыльны Ход”, Алеся Шалюціна, настаўнік пачатковых класаў, педагог-арганізатар ДУА “Аброўская СШ”, Віталій Куратнік, намеснік начальніка ПАВЧ №1 г. Івацэвічы райаддзела па НС, і Анастасія Слінка, прадавец магазіна “ТПП” №41 вёскі Стайкі філіяла “Аптовая база” Івацэвіцкага райста.

    Сумесна з Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеем раённая газета “Івацэвіцкі веснік” правяла анлайн-віктарыну, прысвечаную 70-годдзю Вялікай Перамогі, “Нам, нашчадкам Перамогі, – ведаць праўду пра вайну!”. У ёй прынялі ўдзел больш за 60 старшакласнікаў школ і ліцэя раёна. Пераможцамі віктарыны сталі: Аліна Савіцкая, навучэнка 10 класа ДУА “Косаўская СШ” (першае месца), Наталля Казімірчык, навучэнка  10-1 класа ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” (другое месца) і Ігар Басалай, навучэнец 10”Б” класа ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” (трэцяе месца).

    Раскрыць новыя таленты – такая задача стаяла і перад чарговым анлайн-праектам раённай газеты і раённага аб’яднання прафсаюзаў “Творчы майстар – у кожным маладым!”. Яшчэ 1 верасня рэдакцыя “ІВ” пачала прыём конкурсных работ майстроў узростам 18-35 гадоў. Так, на першым месцы аказаўся супрацоўнік ААТ “Івацэвічдрэў” Андрэй Молаш. Другі вынік у майстрыхі Вольгі Здзітавец. Трэцяе месца падзялілі трое дзяўчат: супрацоўніца ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Івацэвіцкага раёна” Наталля Дубешка, жыхарка Хадакоў Таццяна Шыян і Ірына Аўрусевіч, супрацоўніца СВК “Мічурынск”. Актыўнасцю вызначыўся і другі этап анлайн-праекта “Творчы майстар – у кожным маладым!”, які раёнка правяла сумесна з РК ГА “БРСМ” і ў якім прынялі ўдзел 32  навучэнцы школ і ліцэяў раёна. Пераможцамі гэтага анлайн-праекта сталі: Карына Дзямковіч, Насця Ладзік, Дар’я Кукса, Ганна Говіна, Святлана Бурвін, Ульяна Галаўніцкая, Елізавета Крот, Елізавета Трафімчык, Ірына Мядзведзька. У хуткім часе юныя творцы атрымаюць узнагароды ад арганізатараў.

    Не менш цікавыя конкурсы “ІВ” правёў сярод удзельнікаў сваіх афіцыйных груп у сацыяльнай сетцы “У кантакце” і “Аднакласнікі”. Па выніках фотаконкурсу “Міс Восень-2015” пераможцамі сталі Святлана Горбач, медсястра УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, Вольга Новік, навучэнка ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, і Юлія Ефімік, настаўніца англійскай мовы ДУА “СШ №83 г. Мінска імя Г.К. Жукава”, спецыяльны прыз ад РА РГА “Белая Русь” атрымала Паліна Савуціна, навуковы супрацоўнік Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Пераможцамі фотаконкурсу “Мама, тата, я – дружная сям’я” сталі: сям’я Папко, сям’я Саюк і сям’я Кудравец з г. Івацэвічы, спецыяльны прыз ад РА РГА “Белая Русь” уручаны сям’і Лукашэвіч з в. Краі.

    Як паказалі праведзеныя анлайн-праекты, такая форма суадносін вельмі падабаецца нашым чытачам. Таму будзьце ўпэўнены, што і ў новым 2016 годзе раёнка прапануе жыхарам раёна шэраг цікавых праектаў. Сачыце за “Івацэвіцкім веснікам” і прымайце ўдзел у нашых праектах. З Новым годам!

    Рэдакцыя “ІВ”.