Адчыніла дзверы новае аддзяленне паштовай сувязі

  • Людміла Дубіна, Кобрынскі веснік 22 от 18 марта 2015 19 марта 2015 09:26 Общество Беларуская

    11 сакавіка адчыніла дзверы сваім кліентам аддзяленне паштовай сувязі Кобрын-7. Новы аб’ект   размясціўся па адрасе: вул. Дзяржынскага, 58.
    На ўрачыстае мерапрыемства прыйшло шмат людзей, у асноўным – жыхары мікрараёна. На іх вачах тут два месяцы шчыравалі будаўнікі, рыхтуючы аб’ект да эксплуатацыі.
    Пачуцці людзей падзялілі і тыя, хто непасрэдна паспрыяў такой падзеі, – старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух, начальнік Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі Наталля Міхнёнак.
    У новым аддзяленні паштовай сувязі паслугі будуць прадастаўляцца ў поўным аб’ёме.  Аб гэтым паведаміла госця з вобласці Валянціна Пух.  Яна засяродзіла ўвагу прысутных на шматграннасці спектра паслуг пошты, у тым ліку і няпрофільных. Асобна спынілася на “навінках” паштовай сувязі, асновай якіх па-ранейшаму застаецца якасць.
    Наталля Міхнёнак адзначыла, што новае аддзяленне дапаможа разгрузіць чэргі на аказанне паштовых паслуг.
    — Мы невыпадкова выбралі гэты мікрараён. Тут пражывае шмат моладзі, якая актыўна карыстаецца паслугамі пошты.
    Добрую перспектыву такога наваселля ўбачыў і Аляксандр Зазуля. Ён павіншаваў людзей са знакавай падзеяй і запэўніў, што Кобрыншчына і надалей будзе прырастаць добрымі справамі.
    Кульмінацыйным момантам мерапрыемства стала пераразанне чырвонай стужкі. Дзверы першым кліентам адчыніла начальнік аддзялення паштовай сувязі Кобрын-7 Інга Сільчук.
    Чаканні людзей апраўдалі сябе. Аб гэтым сведчылі добрыя ўсмешкі, гучныя выказванні падзякі.  Сонечны праменьчык злізгануў па твары першага кліента, а пасля забегаў па пакоі. Здавалася, ён   радаваўся разам з намі.