У цэнаў – вольнае плаванне. Куды заплылі?

  • Валерый ГАПЕЕЎ, Івацэвіцкі веснік №8 от 02 февраля 2016 04 февраля 2016 11:17 Экономика Беларуская

    Параўнаем цэны на асноўныя прадукты ў Івацэвіцкіх магазінах

    Як вядома, для далейшага зніжэння адміністрацыйнага рэгулявання ў сферы цэнаўтварэння пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2016 года №8 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2014 года №35” са спісу сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгуляваліся Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь, выключаны ўсе пазіцыі – хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне.

    Пры гэтым за Мінгандлем для выключэння значнага росту цэн пры ажыццяўленні аналізу сітуацыі на харчовым рынку захавалася права, пры неабходнасці ўводзіць рэгуляванне коштаў на тэрмін не больш за 90 дзён на працягу аднаго года па 15 групах тавараў: 1) рыба свежая (сямейства карпавых); 2) рыба свежамарожаная; 3) масла сметанковае; 4) мука пшанічная; 5) алей сланечнікавы і рапсавы; 6) цукар-пясок; 7) соль кухонная харчовая; 8) шматкі аўсяныя без смакавых і іншых дадаткаў; 9) сухія макаронныя вырабы, якія не змяшчаюць мукі з цвёрдых гатункаў пшаніцы; 10) рыс белы шліфаваны, грэчка; 11) хлеб жытні і жытнёва-пшанічны; 12) мяса (ялавічына, свініна, мяса курэй і куранят-бройлераў); 13) яйка курынае свежае; 14) малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака, смятана, тварог; 15) дзіцячае харчаванне: сухія сумесі, кашы, кансервы і сокі.

    З пераліку сацыяльна значных тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца аблвыканкамам, выключаны агуркі, памідоры, яблыкі.

    Як заўважылі ў аблвыканкаме, на сёння ў вобласці склалася пэўная цэнавая стабільнасць. За год рост цэн па вобласці склаў 11,2 працэнта.

    Пастанова прымалася пасля вывучэння сітуацыі на рынку. На сёння тут існуе дастаткова вялікая канкурэнцыя. Узяць хоць бы наш райцэнтр – у ім працуе некалькі розных уласнікаў на рынку харчовых прадуктаў.

    І вось, мінула колькі часу пасля прыняцця пастановы, што маем у выніку?

    Дзеля адказу на гэта пытанне мы наведалі чатыры магазіны: “Родны кут” Івацэвіцкага райста, харчовы кіёск прадпрымальніка па вул. 70 год Кастрычніка, “Еўраопт” і “MartInn”.

    Але перад тым, як прадставіць вам табліцу з цэнамі па пэўнай групе тавараў, трэба сказаць некалькі слоў. А правільней – выказацца мне, як мужчыне. Найперш пасля наведвання нашых магазінаў, асабліва сеткавых, я зразумеў, што нашы жанчыны – проста геніі! Як можна арыентавацца ў такой колькасці прадуктаў і купляць тое, што і трэба, і максімальна адпавядае бюджэту, і смачна, – я не ведаю і зразумець не змагу.

    Стоячы перад халадзільнай вітрынай, у якой налічыў больш за дзесяць гатункаў сметанковага масла, я зразумеў, што нічога не ведаю пра сучасны маркетынг. Так, так, менавіта пра маркетынг.

    Бо далей, вывучаючы цэны на тых жа пачках масла, заўважыў істотную розніцу: вось быццам бы аднолькавы кошт, але вага аднаго пачка – 200, а другога – 180 грамаў! А ўжо пра тлустасць і казаць не бяруся. Замест звыклых 65 працэнтаў пабачыш якія заўгодна лічбы да 82…

    Вельмі шырокі выбар макаронных вырабаў. Якія тут браць? Шчыра кажу, браў тыя, якія раілі жанчыны-пакупніцы.

    З алеем дык увогуле для мужчыны выбраць добры, не ведаючы маркі, немагчыма. Зноў жа, жанкі параілі, што набыць. Але вось на што звярну ўвагу: вытворцы вельмі ж вялікія эксперыментатары – была ўсім вядомая пластыкавая бутэлька ў 1 літр. А цяпер зірнеш – ужо 900 грамаў. А побач стаіць нібыта трошкі меншая – у ёй насамрэч 845 грамаў…

    Тое ж можна казаць і пра смятану: тут 200 грамаў, тут 220 ужо, тут па 400 пакет, тут па 500… І з тлустасцю “разбежка” яшчэ якая, хоць, шчыра кажучы, смятану адной тлустасці ў 26 працэнтаў знайшоў паўсюдна.

    Да бярозаўскага малака і ягонай тлустасці мы таксама прывыклі, а вось у магазіне “Martіnn” малако не бярозаўскае, і там тлустасць зусім іншая, часам не фіксаваная, пазначаная як “ад і да”…

    Нечакана вялікая розніца ў кошце фаршу. Шукаў я самы звычайны, для катлетаў. Ён так і завецца: катлетны. І вось у тым жа “Еўраопце” ёсць такі фарш па 42 900 за кілаграм, замарожаны, а вось свежы на вітрыне – за 75 500! І ў “MartInn” той фарш свежы за 70 000. Канешне, мне спецыялісты могуць патлумачыць: што да чаго, але, прабачце, з якога мяса тады фарш па 36 000? (не, гэта не з мяса птушкі…).

    Пра каўбасу два словы. Тут параўноўваць не проста цяжка, але немагчыма. Зрэшты, цэнавы дыяпазон на каўбасу вэнджаную вышэйшых гатункаў вельмі шырокі паўсюдна. Таму для параўнання была абраная вядомая з савецкіх часоў вараная, вышэйшага гатунку “Доктарская”.

    Далей, што вельмі важна. Магчыма і прадказальна, што заўтра ў гэтых магазінах цэны будуць іншымі. Да прыкладу, 26 студзеня тая ж бульба ў “Еўраопце” была 3 700 за кілаграм, а 28 студзеня ўжо па 3 900. Яблыкаў у сеткавых магазінах – вялікі выбар, кошты розняцца, я выбіраў з тых, якія, скажам так, не для святочнага стала, а проста сабе з’есці. Дык вось, 26 студзеня былі яшчэ па 11 900, а праз два дні цана ўжо – 15 900.

    У Міністэрстве цалкам абгрунтавана разлічваюць на тое, што ў выніку канкурэнцыі цэны не павінны раптоўна расці. Бо, самі бачым, у пакупніка сёння ёсць выбар: куды ісці і за чым. Разам з тым, у мэтах паляпшэння канкурэнтнага асяроддзя ўпраўленнем антыманапольнай і цэнавай палітыкі Брэсцкага аблвыканкама ажыццяўляецца пастаянны маніторынг сітуацыі на спажывецкім рынку, у тым ліку ў частцы разгляду зваротаў суб'ектаў гаспадарання аб парушэннях антыманапольнага заканадаўства, нядобрасумленнай канкурэнцыі. Таму, калі асобныя вытворцы або арганізацыі гандлю будуць злоўжываць сваім уплывам на рынкавую сітуацыю, гэта будзе спыняцца мерамі анты-манапольнага заканадаўства.

    На спыненне неабгрунтаванага павелічэння коштаў накіравана кантрольная праца, якая праводзіцца супрацоўнікамі ўпраўлення. За 2015 праведзены маніторынг дынамікі рознічных цэн у 466 аб'ектах гандлю вобласці, у ходзе якога розныя парушэнні ўстаноўлены ў 192 (41,2%) выпадках. Кіраўнікам 172 суб'ектаў гандлю накіраваныя рэкамендацыі аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў і прыняцці неабходных мер па недапушчэнні парушэнняў у далейшым. У адпаведнасці з рэкамендацыямі парушэнні ўхіляюцца, вінаватыя ў парушэннях прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці (вымовы, заўвагі), пазбаўленыя прэмій і папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасці.

    Па выніках маніторынгу прызначаныя і праведзеныя запланавыя праверкі 30 арганізацый рознічнага гандлю па выкананні заканадаўства аб цэнаўтварэнні. Парушэнні ўстаноўлены ў 26 (86,6%) выпадках. Да адміністрацыйнай адказнасці за выяўленыя парушэнні прыцягнутыя дзесяць юрыдычных асоб і трыццаць шэсць службовых асоб.

     

    Кошт прадуктаў у магазінах Івацэвічаў

    Родны кут, Прадпрымальнік, Еўраопт,MartInn

    Хлеб івацэвіцкі – 9400,9100,9100,9100

    Малако 3.7% літр –10100,10000,9800,8900

    Смятана (у пераразліку на 200 г, 26%) – 8100,7900,6200,7300

    Тварог 2% 220 гр –12900,9900,12400,9900

    Масла (61,5%-72,5%) – 20200,17800,18500,19800

    Алей (рафінір., сланечн.), 900 г – 22900,22900,23300,27000

    Макароны, 900 г –10300,9900,12400,9800

    Грэчка, 800 г, – 20000,17900,18500,24600

    Мука лідская, 1 кг – 10200,10900,9100,9400

    Цукар, 1 кг –15900,15900,13500,14900

    Рыба, марож. Мінтай, 1 кг– 48300, Не гандлюе,45900,51600

    Каўбаса вар. “Доктарская” – 65200,58700,57900,63300

    Птушка (грудка) 1 кг – 46000,45200, 44900, 48900

    Яйкі (10 шт.) – 18100,16500,17500, 22400

    Фарш, 1 кг –35700,36200,67500, 69900

    Капуста, 1 кг – 4800, Не было,5900, 5600

    Апельсіны, 1 кг – 23900,28900,17900, 22900

    Бульба, 1 кг –3600, Не гандлюе,3900, 4700

    Вада мінер. “Фрост”, 1,5 л –7500,7500,7900, 9000

    Яблыкі,1 кг –11700,15800,15900,14500

    Памідоры свежыя, 1 кг – 40400,45500,32900,37500

     

    Закупляўся алерый ГАПЕЕЎ.