4:1. «Пружанские киты» дома обыграли ХК «Кобрин»

  • Мікола Архуцік, Раённыя будні №11 (9862) от 10 февраля 2016 Скачать номер 09 февраля 2016 14:59 Спорт Беларуская

    У мінулыя выхадныя прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату каманд Заходняй аматарскай хакейнай лігі. «Пружанскія кіты» дома гулялі з ХК «Кобрын».

    Каманды знаходзяцца на розных полюсах турнірнай табліцы: нашы хакеісты яе ўзначальваюць, а госці — замыкаюць. Але, нягледзячы на гэта, балельшчыкаў сабралася ў Лядовым палацы нямала, паколькі пружанская каманда ўжо даўно не гуляла на сваёй пляцоўцы.

    Роўная барацьба працягвалася толькі першыя дзесяць мінут. Потым нашы хакеісты трывала завалодалі ініцыятывай. У першым перыядзе балельшчыкі ўбачылі дзве закінутыя шайбы (вызначыліся Аляксандр Гараўцоў і Раман Чыжэўскі).

    У другім гульнявым адрэзку шайба яшчэ двойчы пабывала ў варотах гасцей. Дубль аформіў Раман Чыжэўскі.

    У трэцім перыядзе пайшлі выдаленні. Нашы хакеісты на працягу некалькіх мінут абараняліся ўтрох супраць пяцёркі саперніка. Выдатна гуляў на гэтым адрэзку матча наш варатар Павел Вакула, які неаднойчы зрываў апладысменты гледачоў. А ўвогуле па ходу сустрэчы варатар шмат разоў выручаў каманду, здавалася б, у самых безнадзейных сітуацыях.

    На што хапіла гасцей, — гэта забіць гол прэстыжу за некалькі мінут да фінальнай сірэны.

    Такім чынам, «Пружанскія кіты» атрымалі ўпэўненую перамогу з лікам 4:1.

    Лепшымі ігракамі матча ў кожнай з каманд былі прызнаны варатары.

    Цяпер пружанскім хакеістам у рэгулярным чэмпіянаце засталося правесці дзве гульні ў гасцях: супраць ХК «Лунінец» і «Гарынь» (Столін).

    Вось які выгляд мае цяпер турнірная табліца  (набраныя ачкі):

    «Пружанскія кіты»            26

    «Рысі» (Івацэвічы)                              17

    «Сталкер» (Баранавічы)                  16

    «Гарынь» (Столін)                             13

    ХК «Лунінец»                                       12

    «Волат» (Пінск)                                   12

    ХК «Кобрын»   6   

    Мікола Архуцік, фота Дзмітрыя Міхеева.