«Снежны снайпер» Максім

  • Міхаіл РАЗУМНІК., Светлы шлях 12/ от 20 марта 2015 20 марта 2015 10:13 Спорт Беларуская

    Выхаванцы трэнера Жодзішкаўскай сярэдняй школы Івана Грышкевіча часта паказваюць выдатныя вынікі на спаборніцтвах самых розных узроўняў летняга і зімняга шматбор’я. На рэспубліканскіх гонках “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба школьныя лыжнікі на працягу сямі гадоў дэманструюць выдатную падрыхтоўку, паказваюць высокія вынікі. Некалькі гадоў запар у камандным заліку юныя жодзішкаўскія спартсмены займалі вышэйшую прыступку п’едэстала.

    Сёлета васьмікласнік Максім Кульша, які выступаў у складзе каманды Гродзенскай вобласці, заняў другое месца ў асабістым першынстве па лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі. Каманда Гродзеншчыны заваявала бронзу. Спаборніцтвы ладзіліся на лыжнаролернай трасе ва ўнікальным зімовым комплексе “Вяснянка”.

    Максім выступаў у старэйшай узроставай групе 2001-2002 гадоў нараджэння. Поспеху папярэднічалі пастаянныя трэніроўкі пад кіраўніцтвам вопытнага і таленавітага настаўніка Івана Грышкевіча. Іван Эдуардавіч выхаваў плеяду выдатных спартсменаў, якія не развітваюцца са спортам і пасля заканчэння сярэдняй школы. А Максім Кульша ўжо мае першы спартыўны разрад. Будзем спадзявацца, што яго прозвішча яшчэ не раз прагучыць сярод пераможцаў і ўвойдзе ў залаты фонд спартыўных дасягненняў Смаргоншчыны.

    Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.