Будаўніцтва лёсу, або справа яго жыцця

  • Леанід ДУДАРАЎ, няштатны карэспандэнт раённай газеты., Дняпроўская праўда №23 (10089) от 21 марта 2015 Скачать номер 24 марта 2015 15:43 Общество Беларуская

     

    Няўхільна ляціць час… Вось у нядзелю будзе 40 дзён, як мы назаўсёды развіталіся з вельмі добрым чалавекам. Для адных ён быў любімым клапатлівым  мужам і спадарожнікам па жыцці, для другіх — самым цудоўным бацькам на свеце, для соцень іншых —надзейным дарадчыкам, таварышам, настаўнікам… Мікалай Міхайлавіч Казлоў, былы дырэктар СПТВ-35, а ў далейшым кіраўнік райсельгастэхнікі, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Дубровенскага райвыканкама, старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы…

    Мікалай Міхайлавіч Казлоў нарадзіўся ў 1931 годзе ў невялічкай вёсачцы Мсціслаў­скага раёна Магілёўскай вобласці.  У сям’і было дзевяць дзяцей. Калі бацька загінуў у 1943 годзе ў баях на паўвостраве Крым, старэйшай сястры Зінаідзе пайшоў васямнаццаты год, а Мікалаю — 13. З таго часу хлапчук адчуваў сябе сталым мужчынам, які клапаціўся пра дом, выконваў цяжкую сялянскую справу.  Нягледзячы на выпрабаванні, паспяхова вучыўся. Скончыў дзесяцігодку з добрымі адзнакамі па ўсіх прадметах і пайшоў пешшу ў Горкі падаваць дакументы ў Беларускую сельгасакадэмію. Тэхнікай ён “захварэў” з тых часоў, калі на вёсцы сталі з’яўляцца першыя трактары, а на трактарыстаў усе пазіралі, як  потым на касманаўтаў, і калі ўпершыню пачуў новае слова “інжынер”. Здаў экзамены і вярнуўся да дому. Выклік на вучобу ў акадэмію яму прынеслі, калі ён з іншымі хлопцамі працаваў на малацілцы — абмалочваў лён.

    Студэнцкае жыццё, па ўспамінах Мікалая Міхайлавіча, было цяжкім і цікавым. Вучыўся ён паспяхова, атрым­ліваў стыпендыю і з гэтых невялікіх грошай (183 рублі да рэформы 1961 года) умудраўся частку адсылаць маці. Па яго прызнанні, катлету у той час ён мог сабе да­зволіць адзін раз у месяц — адразу пасля стыпендыі, астатні час харчаваліся капустай ды бульбай.

    На трэцім курсе М.Казлова адправілі на практыку ў Курманскую МТС у якасці памочніка брыгадзіра. Там ен атрымаў пацвярджэнне таго, што прафесію абраў правільна. Адбылося так, што адзін з трактароў сапсаваўся. І ніхто не ведаў, што трэба рамантаваць. Практыкант выказваў свае думкі, але “прафесіяналы” не прыслухоўваліся, мяркуючы: малады—зялёны. Але хлопец так настойваў на сваім дыягназе, што старэйшыя вырашылі яго праверыць. І трактар  запрацаваў! І гэта быў не адзіны выпадак у час той практыкі — Мікалай адчуваў тэхніку.

    На чацвертым годзе навучання, у 1954, адбылася яшчэ адна значная падзея ў жыцці Мікалая Казлова. Её ажаніўся з дзяўчынай Зояй. Яны ведалі адзін аднаго з маленства. Былі суседзямі, сябравалі ў школе. Так  і пайшлі па жыцці разам, пераадольваючы цяжкасці, выхоўваючы дзяцей, а потым унукаў...

    Атрымаўшы дыплом, Мікалай Казлоў быў накіраваны ў тэхнічнае вучылішча №5 горада Крычава. Малады выкладчык тэхнічных дысцыплін з першага рабочага дня з галавой акунуўся ў работу. Заўважыўшы здольнасці маладога спецыяліста, яго перавялі ў вучылішча горада Мсціслаўля. З групай навучэнцаў гэтага вучылішча М.Казлоў пабываў у камандзіроўцы на цаліне.

    Пасля вяртання з Казахстана 32-х гадовага інжынера прызначылі дырэктарам вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі №35, якое размяшчалася ў паселку Бабінічы Аршанскага раёна. Маладому дырэктару прыйшлося пачынаць усё з нуля: не было тэхнічнай базы, не было нават дзе жыць яго сям’і. А галоўнае, не было калектыву аднадумцаў. Толькі паціху ўсе пачало наладжвацца, а тут новае выпрабаванне — прынята рашэнне аб пераводзе СПТВ-35 з Бабініч ў Дуброўна. Дакладней, вучылішча прапанавалі перавесці ў адзін з населеных пунктаў: Гарадок, Езярышча, Чашнікі і Дуброўна. Усе гэтыя мясціны Мікалай Міхайлавіч наведаў і спыніўся на нашым горадзе. Яму вельмі спадабаліся высокія берагі Дняпра. Менавіта ў тыя часы было прынята рашэнне аб ліквідацыі Дубровенскага раёна, і адміністрацыйныя будынкі органа ўлады  аддалі пад патрэбы СПТВ. Толькі-толькі курсанты (а іх было 600 чалавек) і выкладчыкі размясціліся на новым месцы, як урад прыняў рашэнне пра аднаўленне Дубровенскага раёна. Паўстала пытанне, што рабіць з вучэбным працэсам. Мікалай Міхайлавіч успамінаў, што яму прапанавалі паскорыць выпуск спецыялістаў, а малодшыя курсы распусціць на канікулы, таму што трэба было зноў вызваліць займаемыя памяшканні.

    Даволі аператыўна пры падтрымцы тагачаснага першага сакратара РК КПБ Шабекі і старшыні райвыканкама Фёдарава М.Казлоў  адстаяў рашэнне пакінуць вучылішча ў нашым горадзе.

    З 1964 года Мікалай Казлоў стаў выконваць абавязкі і дырэктара вучылішча і няштатнага прараба-будаўніка: пачалося будаўніцтва  вучэбнага і лабараторнага карпусоў, потым інтэрната, бытавога корпуса ў комплексе са сталовай і спартыўнай залай.

    Каб вытрымаць тэрміны будаўніцтва, ён дабіўся адкрыцця груп курсантаў будаўнічых спецыяльнасцей, у прыватнасці, тынкоўшчыкаў і муляроў. М.М.Казлоў вельмі часта ўспамінаў пра тое, як працавала са сваімі дзяўчатамі майстар вытворчага навучання Любоў Мікалаеўна Гулідава, з якой радасцю сустракалі ўсе працаўнікі ўвод чарговага, вельмі патрэбнага вучылішчу аб’екта. Да таго ж дырэктар паспяваў і пра  калектыў паклапаціцца: яму ўдалося знайсці магчымасць пабудаваць 27-кватэрны дом для работнікаў прафтэхвучылішча.

    Мікалай Міхайлавіч да апошняга свайго дня адносіўся да спраў вучылішча, як да сваіх уласных. Гаварыў, што  СПТВ на ўсё жыццё засталося яго дзецішчам.

    Ён змог пабудаваць не толькі сцены, ён стварыў калектыў спецыялістаў, якім першым на Віцебшчыне даверылі пераход на двухгадовы тэрмін навучання механізатараў шырокага профіля. Конкурс у тыя гады складаў па                                                                            5 чалавек на месца.  Былі навучэнцы нават з Эстоніі. Пры паступленні перавагу аддавалі тым, у каго былі добрыя адзнакі ў атэстаце, дэмабілізаваным з арміі  ці тым, хто меў накіраванне ад гаспадаркі.

    Для сваіх навучэнцаў дырэктар рабіў усе, каб яны авалодвалі прафесіяй і станавіліся добрымі людзмі. Памятаю, што ў час маёй працы ў СПТВ выкладчыкам фізкультуры, звяртаўся да яго з просьбай аб набыцці спецыяльнага насення для футбольнага поля. Дырэктар па­спяхова вырашыў гэтую праблему і калі бухгалтар В.П.Трапкова вельмі абуралася, што за яго трэба заплаціць 600 рублёў, супакойваў яе:

    — Не шкадуй, Пракопаўна, ты гэтых грошай: для дзяцей грэх шкадаваць. Дзяцей патрэбна любіць і рабіць усё, каб раслі яны здаровымі і дружнымі. А грошы былі і            будуць…

    У пачатку 70-х М.М.Казлова прызначылі кіраўніком райсельгастэхнікі, потым ён узначаліў калектыў упраўлення капітальнага будаўніцтва. Але душа яго жыла ў родным прафтэхвучылішчы. І ў 1977 годзе её зноў вярнуўся на пасаду дырэктара СПТВ-35, на якой адпрацаваў да 1991 года, пакуль не надыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак. Але і потым колькі часу ён працаваў у вучылішчы на пасадзе загадчыка метадычнага кабінета.

    — Для мяне вучылішча, яго калектыў — гэта другі дом, — прызнаваўся Мікалай Міхайлавіч. — У ім я жыў, працаваў, адпачываў. Нават мая любімая жонка Зоя Паўлаўна мяне нярэдка папракала, што вучылішча для мяне даражэй за сям’ю. Не памылюся, калі скажу, што разам з калегамі я ствараў людзей: сапраўдных хлебаробаў, рупліўцаў…

    Бязлітасна ляціць час. Не верыцца, што высокая, строгая по­стать чалавека з абсалютна сівой галавой не мільгане дзе-небудзь на ўрачыстым сходзе ці проста на вуліцы нашага горада. Але памяць пра яго справы, пра жыццё назаўседы застанецца ў гісторыі раёна і ў лёсах яго вучняў.

     

     

     

    Теги: