Рэдактар, настаўнік, патрыёт

  • Лідзія ЧАПЯЛОВА., Дняпроўская праўда №18(10188) от 05 марта 2016 Скачать номер 10 марта 2016 15:56 Калейдоскоп Беларуская

     

    Гэты чалавек з’явіўся ў Дуброўне ў 1965 годзе, пасля таго як быў адноўлены Дубровенскі раён і ў ім зноў пачала выходзіць раённая газета пад новай назвай

    “Дняпроўская праўда”. Збіраў калектыў “дняпроўкі” Аляксандр Фядотавіч АГУРЦОЎ. Значна пазней, у 1979 годзе, ён паставіў свой подпіс на першай  старонцы выдадзенай мне працоўнай кніжкі, чым засведчыў пачатак працоўнай біяграфіі, якая доўжыцца тут трыццаць сёмы год….

    У журналістыцы Аляксандр Фядотавіч адпрацаваў 31 год, з іх 29 гадоў — на пасадзе рэдактара газеты. Пачынаў ён сваю газетную дзейнасць у 1949 годзе спачатку ў якасці літсупрацоўніка, затым — адказнага сакратара газеты “Бальшавіцкая трыбуна” ў г.п. Міёры Віцебскай вобласці. Яго рэдактарская дзейнасць пачалася ў палітаддзельчаскай газеце “За камунізм”, якая была створана пры Міёрскай МТС у 1951 годзе. У 1954 годзе, пасля ліквідацыі палітаддзелаў у заходніх раёнах Беларусі, Аляксандр  Агурцоў быў прызначаны намеснікам рэдактара і загадчыкам аддзела партыйнага жыцця, а праз год — рэдактарам Міёрскай раённай газеты “Зара камунізму” (пазней яна стала называцца “Сцяг працы”), якую ён рэдагаваў  6 гадоў. У гэты перыяд  А.Ф. Агурцоў  набыў вышэйшую адукацыю, закончыў Рэспубліканскую  партыйную школу. У Дубровенскі раён яго  накіраваў Віцебскі абкам партыі.

    Дубровеншчына ў тыя часы  мелы вельмі заняпалы выгляд. Органы ўлады Аршаншчыны ўспрымалі далучаны да яе Дубровенскі раён як прыдатак і не ўдзялялі належнай увагі  яго развіццю. Памятаю, з якой горыччу  Алясандр Фядотавіч апавядаў нам пра тагачасныя суцэльна разбітыя дарогі, па якіх “ малако з Лядоў у Дуброўна вазілі толькі на трактарах”, і запушчаныя фермы, якія ён першы раз убачыў на Дубровеншчыне.

     —Я цэлы год жыў ў гасцініцы, не мог перавезці сям’ю ў Дуброўна,— успамінаў  Аляксандр Фядотавіч. — У раён разам са мной прыехаў сакратар абкама Бяляўскі, які распарадзіўся, каб пад рэдакцыю выдзелілі адзін кабінет у райкаме партыі, а друкарню  размясцілі ў гаражы райкама, куды ўжо была дастаўлена друкарская машына. Я спрабаваў пярэчыць: “Хіба ж могуць наборшчык  і друкар  дзень пры дні працаваць з металам у холадзе?”.  А  сакратар абкама мне ў адказ: “А як набіралі газету ў партызанах?” Партызан па-партызанску і меркаваў.

    Пазней пад рэдакцыю была выдзелена частка памяшкання сталовай каля аўтастанцыі. Гэта таксама не радавала, хаця там было цяплей.  Друкарню размясцілі ў зале, дзе раней абедалі наведвальнікі, а творчыя работнікі размясціліся ў памяшканні, дзе да таго была пасудамыйня. У такіх умовах мы працавалі 5 гадоў. У 1969 годзе нам  аддалі пабудову, у якой размяшчалася вытворчая база сельскагаспадарчага  вучылішча. Ваконныя праёмы  былі прабіты да зямлі: праз іх заганялі трактары ў памяшканне. Падлогі не было.  Рэдактар стаў будаўніком…

    Я  таму  ўспомніла гэты аповед свайго настаўніка аб пачатку яго дзейнасці ў раёне, каб чытачы змаглі ўбачыць і адчуць кантрасты ўчарашняга і сённяшняга дня нашай установы і параўналі сучасныя ўмовы работы з тымі, якія нашым папярэднікам даводзілася ствараць сваімі рукамі.

    Аляксандр Фядотавіч быў нешматслоўным чалавекам, але заўсёды з цеплынёй і павагай гаварыў аб  людзях, якія разам з ім працавалі у той час і мужна пераносілі ўсе нязручнасці, ставіў іх у прыклад нам, маладзейшым. Гэта наборшчыкі ручнога набору Вера Самуйлава, Вольга Кабуш, Зінаіда Чапялова, Таццяна Бараўнёва,  з ліку творчых работнікаў— Міхаіл Фрумкін, Анатоль Калько, Аляксей Кісялёў, Ісаак  Коган, Міхаіл Хутарэцкі … З творчымі кадрамі для газеты заўсёды было складана, нярэда прыходзілася браць на працу лю¬дзей выпадковых, і яны тут доўга не затрымліваліся. У сярэдзіне сямідзясятых гадоў ў калектыў газеты спачатку  на практыку, а затым  і на працу пачалі прыбываць выпускнікі факультэта журналістыі БДУ імя У.І.Леніна. Прыязджалі многія, заставаліся ў калектыве адзінкі. Для маладых спецыялістаў  рэдактар Агурцоў  быў аднолькава патрабавальным і строгім  настаўнікам, які  вучыў нас асвятляць у друку усе падзеі грамадскага жыцця раёна не толькі аператыўна, але і аб’ектыўна і ніколі не рабіць паспешных вывадаў, удумліва працаваць над кожным словам, фразай, глыбока  асэнсоўваць тое, аб чым пішаш. Здаралася, што юнацкія амбіцыі, павярховыя погляды на рэчаіснасць і неабгрунтаваныя вывады ў артыкулах маладога спецыяліста  не супадалі з  аб’ектыўнымі патрабаваннямі рэдактара, і даводзілася па некалькі разоў перапісваць свае матэрыялы, выходзіць з кабінета рэдактара крыху пакрыўджанымі. Усведамленне таго, што ён “ляпіў” з нас прафесіяналаў газетнай справы, і ўдзячнасць за навуку прыйшлі крыху пазней, па меры нашага сталення і працоўнай загартоўкі і засталіся ў памяці на ўсё жыццё.

    Яшчэ мы вучыліся ў свайго рэдактара А.Ф. Агурцова не толькі майстэрству пісаць артыкулы і замалёўкі, але і будаваць узаемаадносіны з людзьмі, маральнай чысціні і высакароднасці, прыстойнасці. Наш рэдактар ніколі не баяўся смелых, вострых публікацый, заўсёды быў гатовы адстаяць пазіцыю газеты, нягледзячы на чыны і рангі тых, хто з ёй быў нязгодзен, або каму  яна не падабалася. Журналісцкай непадкупнасці, сумленнасці,  прынцыповасці  ён  патрабаваў ад нас,  за што мы потым былі ўдзячны яму, хоць утрымацца на гэтых пазіцыях не толькі ў газеце, але і ў жыцці было няпроста і нялёгка ва ўсе часы.

    А яшчэ наш Алясандр Фядотавіч быў памяркоўным і даступным таварысцкім чалавекам. Да  яго можна было звярнуцца з асабістым і службовым пытаннем, загадзя ведаючы, што ён зробіць усё, каб станоўча вырашыць  яго.

    Ён не лічыў  ганьбай  пахадайнічаць перад загадчыцай дзіцячага сада, каб уладкаваць туды дзіця супрацоўніка рэдакцыі, і перад кіраўніком прамысловага прад¬прыемства — аб засяленні прыехаўшага на працу маладога журналіста ў інтэрнат, заступіцца за чалавека, які апынуўся у непрыемнай сітуацыі, прызнаць сваю віну нароўні з падначаленым за дапушчаную ў газеце недарэчную памылку ці недакладнасць. А яшчэ вельмі часта мог, не чакаючы з Оршы спецыяліста па рамонту паліграфічнай тэхнікі, закасаўшы рукавы, узяцца за наладку  нечакана выйшаўшых са строю зношаных лінатыпу ці плоскадрукарскай машыны. Работа гэта  была вельмі брудная.

    Яшчэ ўспамінаюцца сціплыя, але вясёлыя рэдакцыйныя святы, частыя тады суботнікі і нядзельнікі, на якія Аляксандр Фядотавіч заўсёды стараўся прыхапіць такі абед, каб яго хапіла ледзь не на ўвесь калектыў. На праполцы буракоў ён займаў для  сябе аднолькавую з усімі дзялянку і апрацоўваў яе разам з усімі з самага пачатку і да канца. Ён аднолькава  па-бацькоўску клапаціўся  аб усіх членах нашага калектыву, ніколі не супрацьпастаўляў сябе іншым.

    Мы ведалі, што Аляксандр Фядотавіч прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне,  меў баявыя ўзнагароды, якімі ніколі не выхваляўся. Рыхтуючы гэты матэрыял да друку, я знайшла на сайце  Мінабароны Расіі “По¬двиг народа” інфармацыю аб тым, за якія заслугі наш былы рэдактар, а ў кастрычніку 1943 года  проста малады радавы баец Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі 1925 года нараджэння Аляксандр Агурцоў, прызваны на службу Касцюковічскім  райваенкаматам Магілёўскай вобласці,  быў  адзначаны Ра¬дзімай. Так, ордэнам Славы III ступені ён быў адзначаны за тое, што “при форсировании реки Туровнянка (приток Западной Двины)  29.06.1944 года тов. Огурцов  А.Ф.  одним из первых оказался  на противоположном берегу и броском гранат уничтожил огневую точку противника и убил четырех немцев…”; медалём “За боевые заслуги”—“при  отражении контратаки  противника в д. Вулька тов. Огурцов огнем из автомата уничтожил 8 фашистских солдат”;  медалём  “За отвагу” — “при прорыве вражеской обороны в районе деревни Гуты — Мале 14.01.1945  тов. Огурцов огнем из автомата уничтожил 9 фашистсих солдат и 2 солдат взял в плен”.  У прадстаўленні да ўзнагаро¬джання А.Ф.Агурцова яшчэ адным  медалём  “За отвагу“ было написана “…участник Отечественной войны в боях на Прибалтийском фронте, Белорусском фронте.

    В боях с немецко-фашистскими захватчиками был  ранен 4 раза. В учебном дивизионе  находился с 1 апреля 1945 года,  показал себя дисциплинированным курсантом, отличником боевой и политиче¬ской подготовки”. 

    За сваю працоўную дзейнасць у рэдакцыі газеты “Дняпроўская праўда“ Аляксандр Фядотавіч Агурцоў двойчы ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, яго добрасумленная праца была адзначана Ганаровымі граматамі  абласнога  камітэта КПБ і  абласнога  выканаўчага камітэта, РК КПБ і райвыканкама, Саюза журналістаў БССР і абласной журналісцкай арганізацыі. Пры ім наша раённая газета “Дняпроўская праўда” была адзначана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР…

    Заўсёды, калі еду да дзяцей на Магілёў¬шчыну, хвалююся перад станцыяй  Копысь:  з вокнаў вагона прыгараднага цягніка добра праглядваюцца падступаючыя да чыгуначнага палатна александрыйскія могілкі, дзе пахаваны А.Ф.Агурцоў, першы і самы галоўны на зары маёй  працоўнай дзейнасці настаўнік, рэдактар, грамадзянін і патрыёт.