Васьмікласніца маладзечанскай СШ №1 Дар’я Бычак — чэмпіёнка Беларусі па ушу і тайландскім боксе.
Для Дар’і першым крокам у спорт быў футбол. Але дзяўчына гэтага не ўтойвае і лічыць, што папулярная гульня ў многім ёй дапамагла і дапамагае цяпер у фізічным развіцці, выхаванні вынослівасці і ўдасканаленні спартыўнай формы. Праўда, як жартуе чэмпіёнка Беларусі па ушу і тайландскім боксе, за дакладныя накаўціруючыя ўдары на рынгу яна атрымлівае медалі і кубкі, а на зялёным полі за гэта абавязкова мела б шмат «гарчычнікаў», а то і чырвоных картак.
Байцоўскі стаж у Дашы невялікі. Летась яна першы раз прыйшла паглядзець, як праходзяць трэніроўкі ў СДЮШАР прафсаюзаў работнікаў АПК і адразу «захварэла» ўсходнімі адзінаборствамі. Бацькі не пярэчылі дачцэ. Купілі ёй пальчаткі, капу, і Даша пачала займацца.
— Спачатку было цяжка, — успамінае дзяўчына. — Пасля першых трэніровак літаральна валілася з ног. А потым усё змянілася. Нават асалоду ад заняткаў стала адчуваць. Бо разумела, што без паўсядзённай працы пра поспех у спорце марыць няма сэнсу.
Пра першыя свае перамогі ў раённых і абласных спаборніцтвах Дар’я Бычак успамінае з усмешкай:
— Мне вельмі хацелася перамагчы. І ў мяне атрымалася! Гэта надало новых сіл і ўпэўненасці. Я радавалася, што ў мяне ўсё атрымліваецца.
Затым была перамога на рэспубліканскім чэмпіянаце. А вось на міжнародным турніры па ушу памяці Дзмітрыя Гвішыані юная спартсменка атрымала сярэбраны медаль. Але гэта ўзнагарода вельмі дарагая для яе, бо была заваявана ў цяжкім паядынку з пяціразовай чэмпіёнкай Расіі Алінай Гафаравай.
Нядаўна ў Асіповічах праходзіла першынство Беларусі па тайландскім боксе. Дар’я Бычак правяла бяспройгрышную серыю баёў і заняла першае месца. У чарговы раз наша юная спартсменка даказала, што ў сваёй узроставай групе яна мацнейшая ў рэспубліцы.
Наперадзе больш адказныя спаборніцтвы: чэмпіянат Еўропы па ушу, Кубак свету па кікбоксінгу. Дар’я таксама мае намер прыняць удзел і заваяваць узнагароды ў гэтых турнірах.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.