Старшакласнікі школы №13 сустрэліся з журналістам і пісьменнікам Валерыям Гапеевым

  • Ірына МІРГАРАДАВА, Слуцкий край 77-82 (15178-15183) от 28 марта 2016 Скачать номер 29 марта 2016 09:36 Культура Беларуская

      Для старшакласнікаў СШ №13 пачатак канікул запомніўся цікавай сустрэчай – журналіст, пісьменнік Валерый Мікалаевіч Гапееў наведаў Случчыну.

    Падлеткі ведаюць яго творы «Урокі першага кахання», «Пастка на рыцара», «Ведзьміна тоня» і іншыя. Размова адбылася вельмі шчырай. Можа, таму, што пісьменнік імкнецца разумець падлеткаў, дапамагчы, абараніць. Валерый Гапееў лічыць, што ў наш час, калі з прастораў Інтэрнэта на дзяцей і падлеткаў абрынваецца зашмат рознай інфармацыі, жорсткай, бруднай, ёсць патрэба ў добрых, светлых кнігах. Каб маладыя людзі памяталі, што ўсё ж такі жыццё не такое жорсткае, што па-ранейшаму цэніцца шчырасць, самае каштоўнае – вернасць, што заўсёды будуць у свеце  любоў і каханне. Таму і пачаў пісаць для гэтай аўдыторыі. І  гэта зусім няцяжка, калі пішаш шчыра, пра тое, што ёсць, што перажыў сам. 

    Закранулі і злабадзённую тэму інтэрнэт-зносін. Гэтая «хвароба» захапіла нас усіх, і дарослых, і дзяцей. Так, вядома, інтэрнэт дае магчымасць задаваць пытанні і атрымліваць хуткі адказ. Значна прасцей пісаць, чым размаўляць, і можна дазволіць сабе больш вольныя паводзіны. Вось толькі да чаго гэта вядзе? Размова сам-насам – гэта адкрытасць, гэта вочы, інтанацыі, голас, якія не схлусяць. Размаўляйце, хаця б па тэлефоне...

     Абмеркавалі аповесць «Урокі першага кахання», пытанні містыкі ў літаратуры і жыцці, напісання твораў, гаварылі пра адносіны пісьменніка са сваімі дзецьмі, пра яго дзіцячыя мары, выбар прафесіі, планы, што хвалюе пісьменніка, якім аўтарам ён сам аддае перавагу, пра многае іншае. Сустрэча працягвалася больш за дзве гадзіны, была цікавай для школьнікаў. Нямала карыснага пачулі падлеткі з вуснаў пісьменніка. Спадзяюся, яны звярнулі ўвагу і запомнілі, што слова – гэта вельмі моцная зброя, карыстацца ім трэба ўдумліва і асцярожна.

    Аўтар самага нечаканага пытання атрымаў кнігу Валерыя Гапеева з яго аўтографам.

     

     

    Теги: