Сакрэты сяўбы

  • Антаніна ТАРАСАВА, Авангард 2016-04-14 от 02 апреля 2016 Скачать номер 05 апреля 2016 09:31 Общество Беларуская

    У аграрыяў пачаўся самы адказны час – сяўба. Чым жа прыкмячальны гэты перыяд?
    Сяўба з’яўлялася бадай што найважнейшай часткай народнага календара, вакол якой склаўся комплекс традыцыйных аграрных ведаў, прыкмет, назіранняў, прыказак, да таго ж абрадавых дзеянняў і вераванняў. Як распавядалі старажылы, у дзень сяўбы ў хатах сяляне падтрымлівалі ўзорны парадак. Цікава чаму? А таму, што ва ўяўленні селяніна хата і ніва ўспрымаліся як двуадзіная іпастась, пасевы павінны быць чыстымі. Яшчэ існаваў такі звычай, як мыцца перад сяўбой і апранаць чыстае адзенне. 
    А вось адкрыццё сяўбы, у наро-дзе казалі засеўкі, праводзілі толькі адборным насеннем, якое змешвалі з зернем, выбраным з зажыннага снапа, які быў зжаты летась, альбо вянка, звітага менавіта пасля заканчэння жніва. Што адметна, як толькі некалькі загонаў было засеяна, селяніна чакаў святочны стол, да якога запрашалі памочнікаў, а таксама сваякоў і суседзяў. У даўніну лічылася, чым больш шчодры пачастунак з нагоды засевак, тым багацейшы будзе ўраджай.
    Цікава і тое, што ў полі сейбіт працаваў часам з сякерай за поясам. Гэта азначала, каб хлеб урадзіўся такім, што яго прыйшлося б ссякаць сякерай. А што тычылася пасеву ільну, то ў народзе хадзілі такія чуткі: лён вырасце высокім толькі тады, калі яго пасее самы высокі чалавек у вёсцы, а доўгім і валакністым  будзе, калі яго пасее дзяўчына з расплеценымі косамі. 
    Як бачым, калісьці існавалі розныя павер’і наконт сяўбы, напоўненыя нейкай таямнічасцю і абрадавай сілаю. Нялішне будзе нагадаць і пра прыкметы, звязаныя з такім адказным перыядам. Напрыклад, на Вялікдзень не выкідвалі рэшткі страў са святочнага стала, каб у дзень сяўбы закапаць косткі і крошкі па краях свайго поля: будзе лепшым ураджай. А вось на пачатку сяўбы абавязкова маліліся і першым кідалі ў зямлю збожжа, пасвячонае на Спленне. Акрамя таго, пачынаць сяўбу забаранялася ў сераду, бо яна лічылася жаночым днём, таму была не прыгоднай для мужчынскіх спраў. 
    І сапраўды, часам трэба звяртацца ў даўніну, каб не забываць, як жылі нашы продкі.