Мы – адзінае цэлае

  • Жанна Найман, Народны голас 4/05/2016 № 35 от 04 мая 2016 Скачать номер 05 мая 2016 15:30 Культура Беларуская

    Пад такім дэвізам на мінулым тыдні прайшла творчая справаздача калектыву Дабрынскай сярэдняй школы, у час якой было прадэманстравана міжведамаснае ўзаемадзеянне гэтай установы адукацыі і арганізацый у рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў у сацыякультурнай прасторы малой радзімы.

    Як зазначыў у час свайго выступлення Аляксандр Пазняк, дырэктар Дабрынскай СШ, сёння мала даць добрую адукацыю падрастаючаму пакаленню, патрэбна яшчэ напоўніць душы дзяцей шчырай любоўю да роднага краю, да роднай Бацькаўшчыны, якая прыняла столькі пакут за сваю вялікую гісторыю. Ён расказаў пра ўзаемадзеянне школы і іншых арганізацый – Дабрынскага КСЦ, сельскай бібліятэкі, пагранзаставы «Роза Люксембург», РАНС, РАУС… – у выхаванні падрастаючага пакалення.

    Затым настаўнікі і вучні пазнаёмілі гасцей з выставамі-прэзентацыямі ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца», дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Зямля мая – абсяг народных скарбаў», фотавыставай «Наша вёска ўчора і сёння».

    Вельмі цікава Валянціна Бяляк-Сакула, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, правяла ў этнаграфічным кутку гульню-экскурсію «Адсюль твой пачатак і тут твой працяг». А Ірына Анішчанка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, і Надзея Алешка, выхавацель групы падоўжанага дня, правялі майстар-клас па цестапластыцы і выцінанцы.

    Шмат прыемных уражанняў атрымалі ўдзельнікі мерапрыемства (а гэта спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, метадысты РВМК, дырэктары і намеснікі дырэктароў школ раёна і іншыя госці) на экалагічнай гадзіне «Цікавы свет белага бусла», якую майстэрскі правяла Вольга Панцэвіч, і на ўроку-сустрэчы «Раскіданыя гнёзды», які падрыхтавалі да 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы Таццяна Паўлоўская і Лідзія Лаворанка.

    Кульмінацыйным момантам творчай справаздачы стаў канцэрт «Мы – адзінае цэлае», які праходзіў у Дабрынскім культурна-спартыўным цэнтры. Настаўнікі і вучні спявалі, чыталі вершы разам са сваімі добрымі сябрамі – работнікамі КСЦ, пагранічнікамі, следчымі, выратавальнікамі-пажарнымі і, канешне ж, бацькамі.

    Ад імя адміністрацыі школы і ўсяго настаўніцкага калектыву былі выказаны шчырыя словы ўдзячнасці і ўручаны падзячныя пісьмы бацькам, якія добра выхоўваюць сваіх дзетак і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці школы, а таксама Юрыю Сарнаўскаму, Валянціне Даўгуненка і Галіне Ракавецкай, работнікам КСЦ; Юрыю Яначкіну, намесніку начальніка аблваенкамата; Дзмітрыю Кончу, намесніку начальніка пагранзаставы «Роза Люксембург»; Яўгену Канаводу, следчаму раённага аддзела Следчага камітэта; Дзянісу Дошчычу, намесніку начальніка РАНС, і інш.

    Каб выхаваць добрага чалавека, патрэбны вялікія мэты, добрыя настаўнікі і станоўчыя прыклады. Усё гэта ёсць у Дабрынскай сярэдняй школе.

    Теги: