Перамогі нязгаснае святло

  • Мария Федорук, Чырвоная звязда 37/2016 от 13 мая 2016 Скачать номер 13 мая 2016 09:26 Общество Беларуская

    У 71-ы раз зазірнула святло Вялікай Перамогі яркім сонечным праменьчыкам у кожны дом не толькі па ўсёй Беларусі, але і ў многіх іншых краінах, заклікаючы людзей ушанаваць памяць сваіх бацькоў і дзядоў, а таксама ўсіх тых, хто паклаў сваё жыццё і здароўе на алтар Вялікай Перамогі, сказаць вайне — «не» і праявіць салідарнасць дзеля захавання міру на зямлі. Па традыцыі масавым і насычаным на розныя культурныя мерапрыемствы стала 9 мая для жыхароў Іванаўскага раёна, якія вось ужо другі год актыўна далучыліся да акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі»: яе сімвал – стужачка ў колерах нацыянальнага сцяга, змацаваная яблыневай кветкай, – стаў абавязковым атрыбутам для кожнага ўдзельніка святочнага шэсця ў гэты дзень.

    Пачалося свята з мітынгаў ля помнікаў воінскай славы ў аграгарадках і вёсках – паўсюль, дзе людзі шануюць вялікі подзвіг герояў-вызваліцеляў.

    У райцэнтры, парушыўшы цішыню на здзіўленне сонечнай майскай раніцы, абвясціла аб пачатку пераможнага дня радыёгазета «Мінулых гадоў святая памяць». Святочна апранутыя людзі, усё больш сем'ямі або цэлымі калектывамі, пад гукі музыкі ваенных гадоў сабраліся на цэнтральнай гарадской плошчы, упрыгожанай сцягамі, дзе адбыўся галоўны мітынг-рэквіем ля помніка воінам-

    вызваліцелям з ускладаннем кветак прадстаўнікамі раённай улады і шматлікіх працоўных калектываў. Яго адкрыў Канстанцін Міхайлавіч Ваўрук, старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў, які акрэсліў значнасць Вялікай Перамогі для нашай краіны. Чырвонай ніткай праз выступленне Канстанціна Міхайлавіча прайшла  тэма пераемнасці пакаленняў і вернасці ідэалам Перамогі. Сугучнымі з папярэднім былі выступленні Міхаіла Паўлавіча Маталянца, ваеннага камісара Іванаўскага раёна, і Васіля Пятровіча Куніцкага, старшыні раённай арганізацыі ветэранаў.

    — Квітнеючы май, блакіт бяздоннага неба і шчырыя ўсмешкі на тварах людзей. Так, гэта радасць жыццю, небу, сонцу. І я шчаслівая разам з усімі, таму што ў мяне ёсць светлая будучыня: магчымасць вучыцца і кахаць, гадаваць дзяцей, працаваць плённа і натхнёна на карысць нашай Радзіме, любімай Беларусі.

    І ўсім гэтым я абавязана вам, салдаты вайны! Тым, хто недажыў, недакахаў, хто так і не спазнаў жыццё.

    Паважаныя ветэраны, я нізка схіляю галаву перад вашым гераізмам, мужнасцю. Дзякуй вам за такі бясцэнны падарунак – права жыць і быць шчаслівымі.

    Няхай не баляць вашы раны, няхай радуюць шчаслівым жыццём вашы ўнукі і праўнукі. А мы пастараемся быць годнымі вас, — з такімі пранікнёнымі словамі выступіла ад імя моладзі дзесяцікласніца гімназіі Наталля Антанюк…

    Затым святары адслужылі паніхіду па загінуўшых. Іх памяць ушанавалі таксама салютам і мінутай маўчання.

    Пасля гэтага святочная калона, у галаве якой былі лічба “71”, Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб, пад гукі духавога аркестра накіравалася ў гарадскі парк Перамогі, дзе ў амфітэатры прайшла тэматычная канцэртна-тэатралізаваная праграма “Мы славім Дзень Перамогі”, падрыхтаваная работнікамі культуры і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Трэба адзначыць, што месца для яе было выбрана ўдала: спякота не дакучала ні артыстам, ні ўдзячным гледачам, сярод якіх было многа людзей сталага веку.

    Як заўсёды з найлепшага боку паказалі сябе работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна. Якраз яны пастараліся, каб выстаўка-экспазіцыя “Вайны далёкай рэха” зацікавіла ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства розных узростаў. Былі тут і “Лясная школа”, і “Медсанбат”, і «Палявая кухня»,  і многія іншыя сцэнкі ваеннай пары…

    На ўлонні прыроды разгарнулася насычаная спартыўная праграма, працавалі гандлёвыя рады Іванаўскага райпо і прыватнае кафэ “Сонечнае”. Было цесна каля кропак, дзе праводзілася “Бяспроігрышная латэрэя”. А якое раздолле дзецям: атракцыёны для любых узростаў, электрамабілі, батуты і мноства сувеніраў, марожанае, папкорн, салодкая вата…

    Завяршылася свята Перамогі бліжэй да апоўначы адкрыццём летняй танцавальнай пляцоўкі, дзе адбылася святочная мала-

    дзёжная дыскатэка.

    Свята суправаджаў прыемны водар квітнеючых побач яблынь. – Мабыць, будзе добры ўраджай, — падумалася мне. – Вось бы парадаваўся яблыкам з Беларусі мой дзядуля Антон Цімафеевіч Барташ, які памёр ад ран 3 сакавіка 1945 года ў Германіі. Я ні разу не была на яго магіле, але мне так хочацца пакласці на яе важкія плады сённяшняга мірнага дня.

    Марыя ФЕДАРУК.

    Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

    Теги: