Сузор'е талентаў

  • Людміла Дубіна, Кобрынскі веснік 27 от 04 апреля 2015 06 апреля 2015 12:29 Общество Беларуская

    Адразу дзве выставы арганізавалі ў Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці ў сярэдзіне сакавіка. У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі тут распачала работу экспазіцыя “Салют, Перамога!” Другая выстава – “Каб сонейка смяялася” – падрыхтавана ў межах раённага фестывалю дзіцячай творчасці “Сузор’е маленькіх талентаў”.
    Шматлікія малюнкі, вырабы з другаснай сыравіны, прыроднага матэрыялу, паперы і тканіны ўражваюць наведвальнікаў багаццем фантазіі аўтараў.
    “Мы планавалі арганізаваць выставы выяўленчага мастацтва, але ўстановы адукацыі горада і раёна  праявілі ініцыятыву, прадставіўшы работы і іншага накірунку”, – расказвае загадчык аддзела выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці  Кобрынскага РЦДТ Аксана Страчук.
    Работы, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю, уражваюць глыбінёй аўтарскіх  пачуццяў. Падоўгу затрымлівае ўвагу кампазіцыя “Вайна і мір”. Гэта своеасаблівая 3D карцінка, якая дае магчымасць пранізаць час, трапіць з ваеннага ў мірнае жыццё. Адразу некалькі тэхнік спалучылі ў рабоце яе аўтары – кіраўнік  гуртка “Майстар Дамавёнак” Кобрынскага РЦДТ Святлана Крачына і выхаванка гуртка Валерыя Кірыеўская. Прыцягвае ўвагу і ордэн Вялікай Айчыннай вайны, выкананы ў тэхніцы арыгамі.
    Не менш цікавыя работы ў выставе “Каб сонейка смяялася”. Асабліва шырока тут прадстаўлены саламяныя вырабы дзівінскай майстрыхі Юліі Піваваравай.
    У выставачнай зале экспазіцыі размясціліся адна насупраць другой. Проціпастаўленне  з’яў – міру і вайны –  з большай сілай адлюстроўвае увесь жах кровапраліцця.
    Зараз выставы працуюць у актыўным рэжыме. Як адзначыла Аксана Васільеўна, пакуль ёсць попыт, работа іх працягнецца.