У рытме вальса

  • Наталля Пархомчык, Пухавіцкія навіны Пухавіцкія навіны 2016-05-18 от 18 мая 2016 18 мая 2016 16:28 Культура Беларуская

    У мінулую суботу ў Мар’інай Горцы ў пяты раз прайшоў рэгіянальны фестываль песні і музыкі “Майскі вальс” на прыз народнага артыста СССР,  кампазітара Ігара Лучанка. На сцэне  раённага цэнтра культуры сваё майстэрства прадэманстравалі 27 выканаўцаў і творчых калектываў з Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей нашай краіны, горада Масквы. Такім чынам, фестываль выйшаў за межы рэгіянальнага. Пухавіцкі раён прадстаўляла самая  вялікая каманда артыстаў, у ліку якіх былі як дарослыя, так і дзеці. 

    Ацэньвала выступленне канкурсантаў прадстаўнічае журы на чале з Ігарам Міхайлавічам Лучанком. Яго намеснікам была Стэла Іванова — кіраўнік народнага  жаночага хору Пухавіцкага раённага цэнтра культуры.

    З прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнуліся кампазітар Ігар Лучанок і старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рымашэўскі. Уладзімір Брані-слававіч адзначыў,  што ў нашым раёне ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю народнай творчасці. І вельмі прыемна, што “Майскі вальс” стаў стартавай пляцоўкай для многіх таленавітых людзей.

    На правах гаспадароў удзельнікаў фестывалю  віталі артысты раённага цэнтра культуры. Выступленне народнага жаночага хору РЦК дапоўніла харэаграфічная кампазіцыя на тэму знакамітых ваенных песень,  якую падрыхтаваў  танцавальны калектыў.

    Дарэчы, музычных твораў, прысвечаных вайне, і ў конкурснай праграме было нямала.  “Майскі вальс” невыпадкова праводзіцца следам за святам Перамогі. Знакамітая песня Ігара Лучанка,  якая дала назву рэгіянальнаму музычнаму форуму, прысвечана менавіта гэтай значнай падзеі. І фестываль  —   прысвячэнне тым, хто здабываў Перамогу, прысвячэнне міру, які дзякуючы  салдатам  Вялікай  Айчыннай усталяваўся на нашай зямлі. Песні на ваенную тэматыку выканалі вучні гімназіі №17 горада Мінска, госць з масквы, ветэран ВДВ, аўтар і выканаўца Вячаслаў Карнееў, і іншыя канкурсанты.

    З  фестывальнай  сцэны  прагучала   нямала  твораў   Ігара  Лучанка. Прычым у самых розных варыянтах. Напрыклад, знакамітую “Спадчыну” на верш Янкі Купалы выканалі  Вікторыя Анісімава і Яўгенія Крэпская з дзіцячай  школы мастацтваў гарадскога пасёлка Свіслач, а імправізацыю на тэму гэтай жа песні — гітарысты Мікалай Трусаў і Андрэй Захарэўскі з Дружненскай дзіцячай школы мастацтваў, якія сталі лаўрэатамі ІІІ ступені.

    На погляд гледачоў, конкурсная  праграма  атрымалася  цікавай. Было нямала выканаўцаў, дастойных  галоўнай  узнагароды. Але журы фестывалю прыняло рашэнне Гран-пры не ўручаць. Пераможцаў  вызначылі ў некалькіх  намінацыях.  

    Самую высокую ўзнагароду  — дыплом I ступені ў намінацыі “Дзіцячая група” —  атрымаў малодшы хор Мар’інагорскай  дзіцячай  школы  мастацтваў (кіраўнік Іна Собаль). За высокі ўзровень індывідуальнага выканаўчага майстэрства дыпломы  II ступені атрымалі Лізавета Якубовіч з  Дружненскай дзіцячай  школы  мастацтваў,   Аляксей   Казючыц  з  Мар’інагорскага аграрна–тэхнічнага каледжа. Трэцяе месца ў гэтай намінацыі таксама ў пухаўчан. Яго падзялілі Карына  Гарнастаева  з  Дружнага і  Аляксандра  Карнейчык  з  Мар’інай Горкі. У дарослай групе дыплом  II ступені атрымала Юлія Жукоўская-Губашына, якая прадстаўляла раённы цэнтр культуры.

    У рытме вальса адгучалі фестывальныя акорды.  Лёгка,  натхнёна, смела… Як у знакамітай песні. Па традыцыі, менавіта “Майскі вальс” у выкананні Міланы Яцэвіч завяршаў фестывальны дзень. З фестывалем мы развіталіся да наступнага года. 

    Теги: 
    • {Нет тегов}