Настаўнікі і вучні — за захаванне балота Ельня

  • Вольга Чарняўская, Кліч Радзімы 43/2016 от 28 мая 2016 27 мая 2016 11:44 Природа и экология Беларуская

    З 20 па 22 мая на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Германавіцкая сярэдняя школа” праходзіў рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” – адукацыі Шаркаўшчынскага раёна”. Менавіта ў гэтыя дні аграгарадок Германавічы наведалі  лепшыя педагогі Рэспублікі Беларусь – члены клуба “Крыштальны журавель”, якія ў розныя гады сталі лаўрэатамі, фіналістамі  і пераможцамі  галоўнага педагагічнага конкурсу ў нашай краіне  —  “Настаўнік года”. Сярод прысутных —  4 уладальнікі вышэйшай настаўніцкай узнагароды  — статуэткі “Крыштальны журавель”: Ірына Рамуальдаўна Клявец — старшыня клуба, настаўніца біялогіі гімназіі г. Смаргонь Гродзенскай вобласці; Інэса Уладзіміраўна Зубрыліна – настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 г. Мінска, старшы выкладчык інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА “Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт”; Віктар Эдуардавіч Жук – настаўнік гісторыі СШ № 1 г. Маладзечна і Юрый Мікалаевіч Андрэйчык – настаўнік біялогіі і пераможца конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2009”. Узначаліў тытулаваную педагагічную дэлегацыю начальнік цэнтра развіваючых педагагічных тэхналогій дзяржаўнай установы “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Іван Віктаравіч Фёдараў.

    З дапамогай вучняў і настаўнікаў Германавіцкай сярэдняй школы на працягу апошняга часу паспяхова рэалізуецца ўнікальны экалагічны праект, накіраваны на захаванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня” – самага вялікага на тэрыторыі Беларусі верхавога балота. Праект, ініцыятарамі якога выступаюць Праграма развіцця ААН у Беларусі  сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры фінансавай падтрымцы Фонда Кока-Кола, носіць назву “Павышэнне патэнцыялу мясцовых таварыстваў у пытанні ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі  з мэтай захавання балота “Ельня”. Як вынікае з самой назвы, асаблівая ўвага аўтараў праекту звернута на вывучэнне і даследаванне водных рэсурсаў: беражлівае расходаванне вады, а таксама правядзенне маніторынгу якасці вады ў Ельнінскім балоце. Вось і ў рамках рэспубліканскага семінара Германавіцкая сярэдняя школа выступіла тэставай пляцоўкай для адпрацоўкі магчымасцяў шырокага ўкаранення курсаў па ўстойліваму кіраванню воднымі рэсурсамі ў школах Беларусі.

    Першымі, хто апрабаваў методыкі на практыцы, сталі 70 вучняў Германавіцкай школы і 11 лепшых педагогаў Беларусі – лаўрэатаў конкурсу “Настаўнік года”, якія наведалі наш рэгіён, каб падзяліцца вопытам і навейшымі метадычнымі распрацоўкамі, а таксама ўнесці асабісты уклад у захаванне ўнікальнага комплексу балотаў “Ельня”.

    Падчас заняткаў  на прыкладзе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка, дзеці даведаліся, чаму неабходна цаніць і захоўваць водныя рэсурсы і біяразнастайнасць унікальнага для нашай краіны балота. Менавіта яно з’яўляецца домам для вялікай колькасці рэдкіх відаў балотных раслін, жывёл і птушак і, бадай што, самым вялікім сховішчам  чыстай прэснай вады на тэрыторыі Беларусі. Вучні і настаўнікі не толькі разам абмеркавалі пагрозы, што існуюць для запасаў чыстай вады і біяразнастайнасці ў нашым рэгіёне, але і прапанавалі шляхі вырашэння некаторых экалагічных праблем.

    Пасля правядзення тэставых урокаў і майстар-класаў былі падведзены вынікі работы з абмеркаваннем  найбольш прымальных методык і падыходаў  для ўкаранення прыродаахоўных тэм у школьныя курсы навучання дзяцей  з іх далейшым распаўсюджаннем ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што ў школах нашай краіны неабходна праводзіць заняткі, якія звернуць увагу дзяцей на пытанні аховы навакольнага асяроддзя і здароўя, а таксама зробяць акцэнт на эканамічную і сацыяльную карысць ад чыстай вады і здаровых балотных экасістэм.

    Магчыма, з дапамогай удзельнікаў рэспубліканскага семінара ў  хуткім часе будзе распрацаваны і спецыяльны курс заняткаў для школьнікаў. А ўжо восенню гэтага года  на базе Германавіцкай сярэдняй школы плануецца адкрыць сучасны эколага-асветніцкі цэнтр, які дазволіць вучням рознага ўзросту ўжо на новым узроўні вывучаць праблемы экалогіі і паспяхова знаходзіць шляхі іх вырашэння. Дзейнасць новага экацэнтра у значнай ступені  будзе вывконваць і інфармацыйную функцыю, прыцягваць увагу шырокіх колаў насельніцтва да глабальных экалагічных праблем, у тым ліку і да захавання ўнікальнага балота “Ельня”, размешчанага на тэрыторыі нашага і суседняга Міёрскага раёнаў. Згадзіцеся, не так шмат на планеце  засталося месцаў, на тэрыторыі якіх ёсць магчымасць захаваць прыроду ў яе першапачатковым, некранутым цывілізацыяй  выглядзе. На тэрыторыі нашага раёна такое ўнікальнае месца ёсць. Яго трэба абавязкова зберагчы. Да гэтага і заклікаюць прадстаўнікі Праграмы развіцця ААН ў Беларусі, Міністэрства прыроды і  Фонду Кока-Кола, дзякуючы якім эколага-асветніцкі цэнтр ужо зусім хутка з’явіцца ў Германавічах.

    У рабоце рэспубліканскага семінара  прынялі ўдзел  многія педагогі  і работнікі аддзела адукацыі нашага раёна, якім у гэты дзень пашанцавала  наведаць адкрытыя ўрокі і майстар-класы лепшых настаўнікаў  краіны.

    -Такая магчымасць здараецца не часта,-было адзначана падчас мерапрыемства,- Майстар-класы прафесіяналаў такога высокага ўзроўню заўсёды становяцца падзеяй, бо лаўрэатаў конкурсу «Настаўнік года» Беларусі ведаюць і з нецярпеннем чакаюць у кожнай школе.

    Завяршыўся семінар паездкай гасцей  у  рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ельня”.