Урач-тэрапеўт А.Ю. Коцік: “Курэнне – праблема не толькі курца, гэта выпрабаванне для яго сям’і”

  • Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, Івацэвіцкі веснік №40 от 31 мая 2016 01 июня 2016 09:19 Здоровье Беларуская

     

    Калі ты курыш, скажам прама, “дело твое – табак”. Не паспееш далічыць і да дзесяці, як у свеце памрэ яшчэ адзін курэц. Сёння гэта хтосьці чужы, у наступныя секунды – нехта знаёмы, а заўтра, можа, і ты. Дваццаць і болей гадоў курэння выкрэсліваюць з біяграфіі 20-25 гадоў жыцця. Найхутчэй вас напаткае рак ці ішэмічная хвароба сэрца, а да гэтага гіпертанія, катаракта, язва, бясплоддзе і яшчэ цэлы букет хвароб могуць стаць вашымі спадарожнікамі па непаўнацэнным жыцці. Цыгарэтны дым штодзень атручвае вашых дзяцей… Магчыма, гэта тыя аргументы, якія прыводзіла б я, маючы на мэце адгаварыць чалавека ад курэння. А ўрач-тэрапеўт УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Алена Юр’еўна Коцік адшукала іншыя словы для сваіх пацыентаў, якія даюць станоўчы эфект.

     

     

    – Алена Юр’еўна, я ведаю пра Ваша адмоўнае стаўленне да курэння і пра тое, што на свой бок Вы перацягнулі нямала курыльшчыкаў. Чаму ўрача-тэрапеўта так усхвалявала гэтая тэма?

     

    – Я ніколі не была паплечнікам гэтай дрэннай звычкі, але асабліва негатыўна стала адносіцца да курэння пасля смерці бацькі-курца, які памёр ад раку лёгкіх. Рэдка гэтай тэмы кранаюцца ў інтэрв’ю, але мне хочацца сказаць пра псіхалагічны аспект курэння і яго наступствы для акружаючых курца людзей. Чалавек курыць і думае, маўляў, гэта маё здароўе і гэта мае праблемы, а іншых мая дрэнная звычка турбаваць не павінна. Але калі ў курыльшчыка інфаркт-інсульт-рак, гэта абарочваецца цяжкім стрэсам, выпрабаваннем для яго сям’і – усе яе члены становяцца хворымі і няшчаснымі. Калі бяда ўжо пастукала ў дзверы, чалавек рэзка кідае курыць, ды бывае позна. Ці пачынаецца цяжкая бітва ўсёй сям’і з хваробай, часта даўжынёю ў гады і дзесяцігоддзі, якія можна было б пражыць зусім інакш – у шчасці, у спакоі. Здароўе вярнуць цяжка, але нават калі цудам вылечылі рак, усё роўна астатняе жыццё праходзіць у страху ўзнаўлення хваробы.

     

    Акрамя таго, цыгарэты цяпер не танныя, і кожныя 10 гадоў актыўны курэц “пракурвае” машыну, добрую адукацыю для свайго дзіцяці альбо цікавы адпачынак. Надта дорага ва ўсіх сэнсах прыходзіцца расплачвацца за сумніўнае задавальненне, і калі чалавек неабыякавы да сябе і родных, ён гэта ўсвядоміць – трэба толькі правільныя словы падабраць.

    – Меры, якія прымаюцца для барацьбы з курэннем у Беларусі, здаюцца Вам дзейснымі?

    – Дзяржава павінна быць зацікаўлена ў антытытуневай прапагандзе. Асноўная маса курцоў да 45-50 год страчвае здольнасць паўнавартасна працаваць з-за пагаршэння стану здароўя, хтосьці мае патрэбу ў дарагім лячэнні, доглядзе, ва ўстанаўленні групы інваліднасці. Выдаткі на ўсё гэта кладуцца на плечы падаткаплацельшчыкаў – мы вымушаны аддаваць частку сродкаў на ўтрыманне і лячэнне інвалідаў, якія страцілі здароўе з-за дрэнных звычак. Ад хвароб, звязаных з курэннем, паміраюць мужчыны ў працаздольным узросце, між тым яны маглі б яшчэ працаваць і працаваць, паляпшаючы дабрабыт краіны і на радасць сваім дзецям. Час зразумець, усвядоміць, прыняць тое, што курэнне – гэта выпрабаванне для сям’і і ўдар па грамадстве і дзяржаве. І мне падабаецца наш дзяржаўны падыход да праблемы курэння – цыгарэты прыбралі з прылаўкаў і вітрын магазінаў, забаронена прадаваць іх непаўналетнім, курыць у пэўных грамадскіх месцах, рэкламаваць табачную прадукцыю ў СМІ і гэтак далей. Але, на мой погляд, кантроль за выкананнем норм антытытуневага заканадаўства не дастатковы, на паперы пакаранне прадугледжана, але пратаколы калі і складаюць на парушальнікаў закону, то рэдка. Між тым, штрафы маглі б дысцыплінаваць народ. Мне непрыемна, калі ля мяне кураць, не пытаючыся дазволу. Чаму я павінна прымаць гэта як норму? Адчыняю акно на праветрыванне, а праз яго табачны дым паўзе ў памяшканне! У Мінску быў выпадак, калі чалавек зайшоў у грамадскі транспарт, накурыўшыся на прыпынку, і дыхнуў у твар выпадковаму спадарожніку, у якога тут жа здарыўся інфаркт, з-за чаго той і памёр.

    – Ваша абурэнне можна зразумець – кажуць, пасіўнае курэнне такое ж шкоднае, як і звычайнае...

    – Так, з’яўляецца ўсё больш звестак пра тое, што прымусовае ці пасіўнае курэнне спрыяе развіццю ў людзей, якія не кураць, хвароб, уласцівых курцам. Калі на працягу 8 гадзін знаходзішся ў закрытым памяшканні, дзе кураць, лічы, што выкурыў пяць цыгарэт. Асабліва пакутуюць дзеці курцоў – яны больш схільныя да розных інфекцый дыхальных шляхоў, уключаючы бранхіт і астму, хваробы вуха – дзіця нават можа згубіць слых, высокая рызыка ўзнікнення ў іх лейкозаў, лімфом, пухлін мозгу. Нарэшце, у іх можа выпрацавацца нікацінавая залежнасць (вядомы выпадак, калі маці, якая не адмовілася ад цыгарэт падчас цяжарнасці, магла сцішыць плач свайго немаўляці толькі калі закурвала ў яго прысутнасці). Акрамя таго, дзеці бяруць прыклад з бацькоў-курцоў.

    – Ці не кожнаму вядома, што курэнне можа прывесці да анкалогіі, але ж у процівагу скептыкі гавораць: ёсць дзяды, якія кураць самасад і жывуць ці не да ста гадоў. Што Вы скажаце на гэта?

    – Скажу, што існуе індывідуальная схільнасць да развіцця рака ў курыльшчыкаў. Не ўсе злосныя курыльшчыкі захварэюць на рак, бо ў некаторых людзей маюцца гены, якія абясшкоджваюць табачныя канцэрагены. Але ж ёсць і адваротныя выпадкі, і іх значна больш – з усіх хворых злаякаснымі новаўтварэннямі 95% кураць. Можа быць праўдай расказ пра дзядулю і самасад, але ніхто не можа ведаць пра сябе наперад, ці схільны ён да раку, ці адносіцца да групы паніжанай рызыкі. Трэба ўлічваць, што ў дзядулі з юнацтва было моцнае здароўе, як і ў многіх людзей, якія цяпер пажылыя. Чаму моладзь слабейшая? Ёсць наступнае меркаванне навукоўцаў: цяпер медыцына на такім узроўні, што амаль адсутнічае смяротнасць немаўлят – выходжваюць неданошаных дзяцей, падтрымліваюць хворых. У той час калі ў даўніну працаваў натуральны адбор – моцныя дзеці выжывалі, а слабыя паміралі.

    – Многія спрабавалі адмовіцца ад цыгарэт, ды безвынікова. Як рабіць гэта правільна? І, дарэчы, ці ёсць сэнс кідаць курыць людзям з салідным стажам курца – здароўе ж не вернеш...

    – Напачатку трэба моцна захацець развітацца з дрэннай звычкай і заручыцца падтрымкай блізкіх і спецыялістаў. Нарколаг і псіхатэрапеўт могуць падказаць правілы паводзінаў у пераходны перыяд, а можна звярнуцца за парадай і проста да тэрапеўта. У аптэцы без рэцэпта прадаюцца таблеткі, пластыры, сублінгвальныя спрэі, якія дапамогуць справіцца з сіндромам адмены – усё ж такі тытунь выклікае залежнасць. Але пералічаныя лекі ўтрымліваюць нікацін у невялікай колькасці, таму прымяняць іх раю як часовую меру, так, як і электронныя цыгарэты. Праўда, канцэрагеннай уласцівасцю валодае не столькі нікацін, колькі араматычныя смолы, але менавіта таму і няма асаблівага эфекту ад пераходу на “лёгкія” цыгарэты, бо ўзровень утрымання смол у іх практычна той жа самы. Практыка паказвае, што людзі могуць даволі рэзка і хутка развітацца з дрэннай звычкай, калі ўзнікае пагроза іх жыццю, таму адмова ад цыгарэт нават для курца са стажам – гэта не звышзадача. У любым узросце адмова ад курэння мае перавагі перад яго прадаўжэннем. У арганізма моцныя ўзнаўленчыя рэсурсы, якія дапамагаюць яму актыўна і з удзячнасцю пазбаўляцца ад шлакаў. Бывае, людзі баяцца кінуць курыць і адразу набраць лішнюю вагу – няма доказаў, што тут ёсць прамая сувязь. Проста былому курыльшчыку не трэба заядаць жаданне выкурыць цыгарэту, і ўсё будзе добра. Найлепш знайсці сабе занятак па душы, які дапаможа адцягнуць увагу ад спакусы.

    З доктарам гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.