Юныя алімпійцы

  • Людміла Дубіна, Кобрынскі веснік 49 от 18 июня 2016 20 июня 2016 12:49 Спорт Беларуская

    31 летняй Алімпіядзе 2016 года былі прысвечаны малыя алімпійскія гульні, якія адбыліся 7 чэрвеня ў выхаваўча-аздараўляльнай установе адукацыі “Краіна дзяцінства”, што функцыянуе на базе СШ № 9 горада Кобрына. Такім чынам рабяты на чале з педагогамі вырашылі падтрымаць беларускіх спартсменаў, якія з 5 па 21 жніўня будуць абараняць гонар краіны ў бразільскім горадзе Рыа-дэ-Жанэйра.

    Вялікая справа пачынаецца з малой, як і вялікі спартсмен — з малога старту. Арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё магчымае, каб удзельнікі алімпіяды адчулі сябе спартсменамі на сто працэнтаў. Тут былі выкананы ўсе каноны алімпійскіх гульняў, створана непаўторная алімпійская атмасфера, пранізаная духам добразычлівасці і салідарнасці. У ліку тых, хто прыйшоў падтрымаць юных спартсменаў, былі госці: намеснік начальніка па спорце і турызме аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Павел Адамовіч і галоўны спецыяліст вышэйадзначанага аддзела Святлана Міранец.

    Варта заўважыць, што алімпійская тэматыка для выхаванцаў СШ № 9 вельмі блізкая. Ужо каторы год ва ўстанове дзейнічае клуб “Юны алімпіеец”, які ўзначальвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Наталля Шапашнікава. Да таго ж здароваму ладу жыцця, у тым ліку спорту, тут надаецца вялікая ўвага, што і адзначыла ў час цырымоніі адкрыцця малых алімпійскіх гульняў дырэктар СШ № 9 Галіна Дземідовіч.

    Праграма малых алімпійскіх гульняў была даволі насычанай. Юным алімпійцам давялося дэманстраваць не толькі спартыўныя ўменні, але і творчыя, а пачаліся спаборніцтвы з конкурсу “Алімпійскі фестываль талентаў”. Наколькі добра праінфармаваны дзеці аб надыходзячай Алімпіядзе, арганізатары вызначалі ў час алімпійскай віктарыны “Знаўцы Рыа”. Прыемна, што значная як для нашай краіны, так і ўсяго свету, падзея выклікае вялікую цікавасць у дзіцячага згуртавання. Яшчэ большага спартыўнага энтузіязму малым надаў прагляд відэафільма пра беларускіх спартсменаў. Можна не сумнявацца, што нашы алімпійцы ў асобах дзяцей маюць шчырых прыхільнікаў. А вось на што здольны аматары спорту СШ № 9, паказалі спартландыя, велатрэк і турыстычны конкурс “Алімпійская сцежка”.

    Завяршыліся гульні конкурсам малюнкаў на асфальце. Быццам пчолкі, працавалі атрады над спартыўнымі сюжэтамі, адлюстроўваючы найбольш яркія свае эмоцыі ад праведзенага дня. Па выніках малых алімпійскіх гульняў 40 рабят са 150 ўдзельнікаў былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі ў разнастайных відах спаборніцтваў. На памяць аб алімпійскіх гульнях кожны маленькі алімпіец атрымаў памятны падарунак.