Любое пытанне патрабуе разгляду

  • Татьяна ПОЛУБЯТКО, Дзянніца 46/2016 от 18 июня 2016 Скачать номер 21 июня 2016 16:13 Общество Беларуская

    Прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў у Шчучыне начальнік упраўлення кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці А.А. Жылко.  Аляксандр Аркадзьевіч уважліва выслухаў людзей, між тым даў зразумець заяўнікам: ён не прыхільнік паспешлівых вывадаў, любое сур’ёзнае пытанне патрабуе разгляду, пры неабходнасці – з улікам прававых аспектаў. Праўда ў кожнага чалавека свая, а закон адзін, ім і трэба кіравацца.

    Жыхарка дома №4 па вуліцы 17 Верасня агучыла перад А.А. Жылко адразу некалькі пытанняў, якія датычаць работы камунальнай службы. У прыватнасці, жанчына не задаволена цеплавым рэжымам у кватэры ў халодную пару года. Яна ж палічыла завышанай суму на аплату за ацяпленне, выстаўленую ў адзін з зімовых месяцаў. Калі сталі разбірацца, высветлілася: у праблемы з ацяпленнем – многа каранёў. Адзін з іх – дом, дзе жыве жанчына, 1970 года пабудовы, а кватэра размяшчаецца акурат над універсамам. Калі ідзе прыёмка тавараў, у памяшканне паступае халоднае паветра. З-за такой “падушкі” падлога ў кватэры настывае.У райвыканкаме пра гэту праблему ведаюць. Як патлумачыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дз.Т. Місюк, які прысутнічаў на прыёме, гэта шматпавярхоўка ўключана ў тытульны спіс на капітальны рамонт, які мяркуецца выканаць у 2019 годзе. Тады ж будзе заменена старая сістэма ацяплення. Заяўніца праінфармавана пра гэта, але чакаць так доўга не гатова. Тым больш, што за гэты  аспект “чапляецца” яшчэ адно пытанне: камунальная служба ўказала жыльцам на неабходнасць зрабіць у пад’ездзе бягучы рамонт. А тыя сумняваюцца, ці ёсць цяпер рэзон фарбаваць старыя вокны, калі наперадзе капрамонт… А.А. Жылко, уважліва вывучыўшы ў прысутнасці спецыялістаў і заяўніцы прадстаўленыя дакументы, прыйшоў да высновы, што тарыфы па аплаце за ацяпленне не былі завышаны. А што датычыць тэмпературнага камфорту, ён даручыў РУП ЖКГ дадаткова звярнуць увагу на сістэму ацяплення дома №4 падчас падрыхтоўкі да асенне-зімовага сезона з мэтай ліквідаваць, калі такія ёсць, усе “дзіркі”, па якіх “уцякае” цяпло. І ўзяць на кантроль цеплавы рэжым у кватэры жанчыны, якая прыйшла на прыём.Намеснік дырэктара РУП ЖКГ А.А. Місюк, які быў запрошаны для размовы, запэўніў: так і паступяць, да таго ж у доме выканаюць бягучы рамонт вокнаў, пасля чаго жыльцы змогуць вызначыцца з навядзеннем марафету ў пад’ездзе. Аляксандр Аркадзьевіч Жылко нагадаў, што рамонт месца агульнага карыстання могуць рабіць не толькі камунальнікі, але і работнікі будаўнічых арганізацый, і індывідуальныя прадпрымальнікі… Жыльцам варта выбраць варыянт, які іх задаволіць з улікам патрэбы, якасці і кошту работ.Дарэчы, начальнік упраўлення станоўча ацаніў работу шчучынскіх камунальнікаў па мадэрнізацыі і замене цепласетак. “У выніку цеплавыя страты зводзяцца да мінімуму”, – адзначыў А.А. Жылко.Выхад з лабірынта, у які патрапілі, жадаючы прыватызаваць жыллё, шукаюць жыхары Ляшчанкі. Аляксандр Аркадзьевіч даў ім слушныя парады з улікам сітуацыі: цяпер пытанне разглядае іншае дзяржаўнае ведамства. Прававыя аспекты патлумачыў вяскоўцам і загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама А.Г. Пятровіч.Узяты на заметку і пытанні, якія агучыў па тэлефоне жыхар вёскі Руткевічы. Мужчына, у прыватнасці, звярнуў увагу на дрэнны стан цэнтральнай вуліцы. Таццяна ПАЛУБЯТКА.Фота аўтара.