Адпачываюць і трэніруюцца

  • В. ПІСАР, “НЖ”., Новае жыццё №50 от 29 июня 2016 08 июля 2016 17:20 Общество Беларуская

    У маляўнічым месцы Навагрудчыны – вёсцы Адампаль, паблізу Нягневіч, працуе абласны спартыўна-аздараўленчы лагер “Алімпіец”. Ён дзейнічае з 1991 года пры ВСУ ”Гродзенская абласная спартыўная дзіцячая і юнацкая школа алімпійскага рэзерву імя А.М. Сапегі”. Будучыя чэмпіёны не жадаюць падчас канікул губляць спартыўную форму, таму кожнае лета прыязджаюць адпачываць і трэніравацца ў лагер. 

    – Летняя аздараўленчая кампанія ў спартыўна-аздараўленчым лагеры перш за ўсё прадугледжвае аздараўленне, сацыялізацыю дзяцей і падлеткаў, – расказвае дырэктар лагера Вячаслаў Уладзіміравіч Шынтар. – У нашым лагеры адпачываюць і трэніруюцца дзеці з 6- да 17-гадовага ўзросту, якія займаюцца ў спартыўных школах не толькі Гродзеншчыны. Прыязджаюць з Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Усяго будзе чатыры змены па 18 дзён. Першая змена ў скла­дзе 156 юных спартсменаў разам са сваімі трэнерамі ўжо адпачыла. 11 спартыўных каманд – валейбалісты, тэнісісты, гімнасты, фехтавальшчыкі, тхэквандзісты і карацісты правялі трэніроўкі.Адпачынак у лагеры аплочваюць баць­кі. Кошт пуцёўкі залежыць ад узросту дзіцяці (прыкладна 3 млн. рублёў). Арганізавана шасціразовае харчаванне. Для спартсменаў яно асаблівае. Згодна з распарадкам дня, работа “Алімпійца” пачынаецца з 8 гадзін раніцы. Пасля снядання дзеці накіроўваюцца на спартыўныя пляцоўкі, дзе пад кіраўніцтвам трэнераў праходзяць заняткі. Трэніроўкі чаргуюцца са шматлікімі спартыўнымі гульнямі, паходамі, прагулкамі па навакольных мясцінах. Сярод выхаванцаў лагера ёсць нямала пераможцаў і прызёраў не толькі раённых, але і абласных спаборніцтваў. Тут выраслі многія вядомыя чэмпіёны, адзін з іх Аляксандр Буцько, беларускі і расійскі валейбаліст, чэмпіён Гульняў ХХХ Алімпіяды ў Лондане. Валейболам пачаў займацца з 10 гадоў у СДЮШАР імя А.М. Сапегі.Трэніроўкі праводзяць трэнеры Т.Ф. Тупіцына, М.А. Пратасава, А.В. Якуцэвіч, С. Бернатовіч, Б.М. Загідулін пад началам дырэктара Гро­дзенскай спартыўнай дзіцячай і юнацкай школы алімпійскага рэзерву імя А.М. Сапегі  М.М. Загідуліна. 

    Пра культурна-аздараўленчую праграму расказала старшы выхавацель лагера Ірына Арсеньеўна Ломаць.– У кожную змену дзецям прапануецца цікавая праграма адпачынку і аздараўлення. Праграма вельмі разнастайная і ўключае тэматычныя гульні, конкурсы, святы і вогнішчы, гульні на мясцовасці. На тэрыторыі лагера  размешчаны пляцоўкі для гульняў у валейбол, футбол, тэніс. Тэматыка фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў улічвае ўзрост дзяцей, традыцыі лагера, наяўнасць фізкультурна-спартыўных збудаванняў, абсталявання і інвентара. Дзеці, якія адпачываюць і трэніруюцца ў лагеры, вельмі дысцыплінаваныя і актыўныя. Яны з вялікай радасцю прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, турнірах. Тыя, хто не першы раз у нас, пытаюцца пра традыцыйныя мерапрыемствы – міс і містэр “Адампаль”, “Клад”, “Аўкцыён”, “Форт Баярд”, “Летняя фіеста”, “Залатая ліхаманка”. Для кожнай змены ў нас распрацаваны і новыя мерапрыемствы – “Дзень дракона”, “Дзень кітайскай культуры”. Таксама арганізоўваем паездкі і экскурсіі.   Трэнер І.В. Карагодзіна:– У лагеры “Адампаль” прайшло і маё дзяцінства. Неаднаразова прыязджала сюды летам. І ўжо другі сезон як прыяз­джаю ў якасці трэнера. Не толькі дзецям, але і дарослым тут падабаецца. Акрамя трэніровак, адпачынку, многія знайшлі і новых сяброў. Тут не прыходзіцца сумаваць, шмат гуляем, трэніруемся. Летам у дзяцей даволі вольнага часу, які можна прысвяціць любімаму віду спорту.

    В. ПІСАР, “НЖ”.