Напамін аб ахвярах вайны

  • Вольга Чарняўская, Кліч Радзімы 56/2016 от 13 июля 2016 13 июля 2016 10:00 Общество Беларуская

    Памятны знак у гонар мірнага яўрэйскага насельніцтва, расстралянага  ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў урачыста адкрыты 10 ліпеня ў аграгарадку Радзюкі. Новы помнік нездарма з’явіўся на радзюкоўскай зямлі. Менавіта на тэрыторыі гэтага населенага пункта 74 гады назад адбылася трагедыя, пра якую і сёння немагчыма забыць. Менавіта пра яе і нагадвае пліта з лаканічным надпісам: каля вёскі Радзюкі ў чэрвені 1942 года былі па-зверску расстраляныя яўрэі з Шаркаўшчынскага гета.

    Як адзначыў падчас свайго выступлення намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, за перыяд нямецкай акупацыі на тэрыторыі нашага раёна ад рук фашысцкіх захопнікаў загінула звыш 2 тысяч мірных жыхароў, пераважная большасць  якіх – прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва. Пасля вайны ў памяць аб  ахвярах Халакосту на тэрыторыі раёна былі ўстаноўлены 3 памятныя знакі: у Іёдах, дзе зімой 19 41 года было знішчана 450 яўрэяў, у Лужках, на тэрыторыі якіх  летам 1942 года фашысты расстралялі 916 мірных яўрэйскіх жыхароў і ў Шаркаўшчыне, на месцы масавага забойства вязняў Шаркаўшчынскага гета. Там знаходзілася прыблізна 1600 чалавек і, па звестках відавочцаў, звыш 500 з іх 18 чэрвеня 1942 года былі знішчаны карнымі атрадамі СС падчас масавага расстрэлу. Астатнім удалося выратавацца і ўцячы ў суседнія вёскі. Групу бежанцаў фашысты схапілі побач з вёскай Радзюкі і расстралялі каля ракі Малонка. Пазбегнуць смерці ў гэты жудасны дзень удалося нямногім. Некаторых, рызыкуючы ўласным жыццём, схавалі мясцовыя жыхары. І вось, нарэшце, 10 ліпеня, дзякуючы падтрымцы грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын” у вёсцы Радзюкі адкрыўся  памятны знак, ля якога ў час правядзення ўрачыстай цырымоніі сабралася вялікая колькасць людзей, для якіх памяць – не пустое слова.