Іван Мележ — абраннік Палесся

  • Ю. Дашкевич, Веснік Чэрыкаўшчыны 54 (11071) от 20 июля 2016 20 июля 2016 09:25 Общество Русский

    Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў невя-лічкай вёсцы на Палессі – Глінішчы (Хойніцкі раён Гомельскай вобласці) ў сялянскай сям’і. Тады вёска цягнулася двума радамі хат уздоўж суцэльнага мора балот. Адразу за ёй гаманілі дубравы, а крыху далей віднеўся бор. Сёння хаты, дзе будучы пісьменнік пабачыў свет, няма. Яе спалілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты, а пасля трагічнага 1986 года родныя мясціны Мележа былі за-бруджаны радыяцыйным пылам.

    Жыццё сялянскага хлопчыка Івана, як і ў большасці вясковых дзяцей той пары, праходзіла на ўлонні прыроды, дзе ён прагна ўбіраў у сябе хараство родных краявідаў, засвойваў маральныя законы, па якіх жылі яго землякі. Прыкладам жыццёвай мудрасці, дабрыні і справядлівасці найперш была маці – Марыя Дзянісаўна, а прыкладам руплівасці, цягавітасці і гаспадарлівасці – бацька – Павел Фёдаравіч.

    Спярша Іван Мележ вучыўся ў пачатковай школе ў родных Глінішчах, дзе ў хлопчыка і ўзнікла ўпершыню жаданне пісаць. У сямігодку будучаму мастаку слова давялося хадзіць у суседнюю вёску Алексічы. Пасля вучыўся ў школе ў Хойніках, дзе захапіўся літаратурай, што і падштурхнула да ўласнай творчасці. Спачатку пісаў вершы, хаваючыся ад усіх, пакуль аднойчы сшытак з паэтычнымі спробамі не трапіў у рукі настаўніку літаратуры, які з павагай сказаў пра здольнасці юнака і параіў  сур’ёзна працаваць  у творчым накірунку і далей. Акрылены гэтым Іван Мележ пачаў пасылаць свае творы ў розныя рэдакцыі. І, нарэшце, у 1939 годзе ў газеце “Чырвоная змена” быў апублікаваны першы верш “Радзіме”.

    Закончыўшы школу з залатым медалём Іван Мележ спрабаваў паступаць у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў па конкурсе. Вярнуўся ў Хойнікі, працаваў у райкаме камсамола.У 1939 го-дзе Мележ усё ж такі становіцца студэнтам таго ж маскоўскага інстытута, але з першага курса будзе прызваны ў армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны трапіць у самае пекла гарачых баёў. У 1942-м быў цяжка паранены, пасля чаго яго камісавалі па стане здароўя з войска. Так Мележ апынуўся ў заволжскім гарадку Бугуруслан. Кватараваў камісаваны франтавік у К. І. Пятровай, з яе дачкой Лідай беларускі юнак з Палесся потым ажаніўся.

    Восенню 1943 года Мележы паедуць на Сходню пад Масквой, дзе адновіць працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У ім Іван Мележ стане вучыцца 2 гады і адначасова працаваць ваенруком. Потым у 1944 годзе ён разам з сям’ёю вернецца ў вызваленую Беларусь, у Мінск. Скончыць універсітэт, стане аспірантам, будзе выкладаць беларускую літаратуру і працаваць у рэдакцыі часопіса «Полымя», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі і апараце ЦК КПБ. 9 жніўня 1976 года смерць нечакана абарве   яго жыццё.

    Творчую спадчыну Івана Мележа складаюць навэлы, апавяданні, крытычныя працы, дзённікі, п’есы і раманы, аднак вяршыняй творчасці лічаць “Палескую хроніку”. Мележ стварыў у трылогіі мастацкія вобразы вялікай абагульняльнай сілы, якія і сучасных чытачоў прымушаюць задумацца над шмат-граннасцю чалавечай асобы і над складанасцю жыцця ўвогуле. Пісьменнік доўга выношваў задуму свайго выдатнага твора. Над раманам “Людзі на балоце” ён пачаў працаваць у 1956 го-дзе, аднак ужо ў 1946-м ў рабочым блакноце быў пакінуты запіс: “Напісаць аповесць пра Палессе”. Пазней Іван Мележ будзе часта падкрэсліваць, што “Палеская хроніка” нарадзілася з памяці пра тое, што было часткай біяграфіі і якое з часам не толькі не губляла сваёй прывабнасці, а, наадварот, станавілася асабліва “цікавым, яркім і значным”. Першыя два раманы – часопісныя варыянты “Людзей на балоце” і “Подыху навальніцы” з’явіліся адпаведна ў 1961 і 1965 гадах, у 1976 годзе у часопісе “Полымя” быў апублікаваны пачатак твора “Завеі, снежань”, які так і застаўся незавершаным.

    За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры ў 1972 годзе Івану Мележу было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Раман “Людзі на балоце” ў 1962 годзе быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа, а за раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” пісьменніку прысуджана Ленінская прэмія — вышэйшая савецкая літаратурная ўзнагарода. У 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа адзначана яго кніга “Жыццёвыя клопаты”.

    Здабытак беларускай кінематаграфіі

    У пачатку 1980-х “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” былі экранізаваны і выйшлі ў пракат. Экраннае ўвасабленне першых двух раманаў “Палескай хронікі” зрабілі рэжысёры Віктар Тураў і Дзмітрый Зайцаў, якія выдатна перадалі хараство беларускай прыроды і высакароднасць народных характараў. У 1983 годзе іх кінастужкі былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

    Цікавыя звесткі:

    Ё На ролю Васіля Дзятліка (сыграў Юрый Казючыц) прэтэндавла 17 чалавек. Алену Барзову адабралі на ролю Ганны Чарнушкі з 22-х прэтэндэнтак.

    Ё У кінапракаце СССР фільм “Людзі на балоце” паглядзела 4,1 млн. чалавек.

    Ё Акцёры Алена Барзова (Ганна), Генадзь Гарбук (Чарнушка, бацька Ганны) і Юрый Гарабец (Глушак, бацька Яўхіма) атрымалі Госпрэмію СССР.

    Ё Нядобразычліўцы прадракалі рэжысёру гучны правал з-за Алены Барзовай – як можа карэнная масквічка сыграць беларускую сялянку з Палесся? Але Тураў не прыслухоўваўся да гэтага. Бабулі з суседніх вёсак навучылі  актрысу трымаць у руках серп, жаць жыта і правільна завязваць анучы.

    Ё У сваёй большасці вядучыя ролі выконвалі рускія акцёры, у тым ліку Юрый Казючыц (Васіль) и Барыс Няўзораў (Яўхім).

    Ё Хаты для здымак куплялі ў насельніцтва. Тураў быў за тое, каб усё ў фільме было сапраўдным – вёска, адзенне, абутак, ежа. Вопратку і абутак шукалі ў палешукоў і таксама скуплялі.

    Ё На кінафестывалі ў Карлавых Варах (Чэхія) фільм «Людзі на балоце» атрымаў прыз за лепшы акцёрскі ансамбль. За ўзнагародай паехалі Тураў і Барзова. І сустрэліся там з даўнім прыяцелем Турава – італьянскім рэжысёрам Дэсантасам, які выказаў такое меркаванне: «Людзі на балоце» – вельмі эратычнае кіно. Мы аголенай натурай не дамагаемся такога эфекту, як вы ў сваёй сацыялістычнай драме. З аднаго позірку герояў адзін на аднаго разумееш, што там такое, ад чаго па скуры бягуць мурашкі». Тураў падобнага не чакаў. А вось Дзярж-кіно СССР гэты пункт гледжання падзяліла з італьянскім рэжысёрам: калі чыноўнікі прымалі фільм, у пракатным пасведчанні зрабілі адзнаку: «Забаронены да паказу дзецям да 16 гадоў».