Першы вадзіцель-тысячнік на Ельшчыне

  • Васіль САКУЛА, Народны голас 30/07/2016/ № 60 от 30 июля 2016 Скачать номер 05 августа 2016 15:24 Общество Беларуская

    На гэтым тыдні ўшаноўвалі першага вадзіцеля-тысячніка, які перавёз тысячу тон збожжа новага ўраджаю. Ім стаў Аляксей Ляўкоўскі, работнік КСУП «Скараднянскі».

    Кожная тысяча тон зерня для любога сельгаспрадпрыемства – гэта значнае дасягненне і падзея. Таму на машынным двары КСУП «Скараднянскі» з самай раніцы стаяла святочная атмасфера. Аляксей Ляўкоўскі ўжо не першы год за рулём МАЗа і на працягу некалькіх уборачных кампаній з'яўляецца адным з лепшых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжавых не толькі КСУП «Скараднянскі», але і Ельскага раёна.

    З перамогай ва ўборачнай кампаніі гэтага года Аляксея Ляўкоўскага павіншавалі дырэктар сельгаспрадпрыемства Васіль Касенка, старшыня Ельскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык, тэхнічны інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза аховы здароўя Вольга Грыгарэнка, старшыня Ельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў ФПБ Алена Захарэнка, работнікі сельгаспрадпрыемства.

    Кіраўнік гаспадаркі ў сваім віншаванні пажадаў спрыяльных умоў надвор'я, працаваць без аўралаў і паломак і, вядома ж, каб і першы камбайнер-тысячнік таксама быў з КСУП «Скараднянскі». Вадзіцелю-тысячніку Аляксею Ляўкоўскаму было ўручана Падзячнае пісьмо абкама прафсаюзаў, каштоўныя падарункі і кветкі. Цёпла сустрэлі прысутныя выступленне вакальнага калектыву Скараднянскага Дома культуры.

    Упэўнены, што прозвішча пераможцы назаўжды застанецца ў летапісе Ельскага раёна. Уборачная працягваецца, і з кожным новым яе кругам залаты збожжавы запас Ельшчыны папаўняецца ўсё больш.

    Няхай жа хлебны каравай 2016 года будзе больш цяжкім, а праца хлебаробаў – удзячнай і паважанай.