У комплексе сельскагаспадарчых работ

  • Таццяна БАРАДЗІНА., Кіравец 63/2016 от 19 августа 2016 Скачать номер 19 августа 2016 14:38 Экономика Беларуская

    Для хлебаробаў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” жніво збожжавых і зернебабовых культур завершана, а іх клопаты пераключаны ўжо на ўраджай будучага года.

    У гэтыя дні пад сяўбу азімых збожжавых культур хуткімі тэмпамі вядзецца падрыхтоўка глебы. На рахунку чыгірынскіх механізатараў — узараная плошча на 223 га, што складае 39% да плана. Дарэчы, гэта лепшы паказчык па раёне. Не сціхае гул трактараў на палетках, дзе яшчэ нядаўна каласіліся збожжавыя культуры: актыўна ўбіраецца салома, якая ўжо спрэсавана на плошчы 300 га, а рулоны звезены з участкаў на 230 га.

    Важным клопатам земляробаў з’яўляецца і забеспячэнне грамадскага пагалоўя кармамі на зімова-стойлавы перыяд. І тут гаспадарка не адстае ад іншых: у траншэі закладзена 6070 т сенажу (148% да плана), нарыхтавана 505 т сена (103%). Спадзяюцца спецыялісты на кукурузу, пад яе занята 350 га, пасевы якой, нягледзячы на летнюю спякоту, радуюць.

    — Зразумела, сёлетняя гарачыня вельмі нашкодзіла ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур,— дзеліцца дырэктар Ігар Кузняцоў.— Але перажываць з гэтай нагоды няма часу: як бачыце, работы яшчэ шмат. І вельмі добра, што калектыў гаспадаркі гэта разумее, што кожны стараецца выканаць даручаную справу як мага хутчэй, пры высокай якасці і захаванні тэхналагічных патрабаванняў. Тым больш, што і тэхніка не падводзіць. Кіраўніцтва, у сваю чаргу, стараецца заахвоціць працаўнікоў як маральна, так і матэрыяльна.

    Таццяна БАРАДЗІНА.

    Фота

    Максіма МІКЕШЫНА.

    Добрасумленна працуюць на нарыхтоўцы кармоў Дзмітрый Конюхаў і Сяргей Ляшчынскі.

    Теги: