Жыхароў раёна стала больш...

  • Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, Івацэвіцкі веснік №71 от 16 сентября 2016 19 сентября 2016 16:50 Общество Беларуская

    З пачатку года ў нашым раёне нарадзілася 399 дзяцей, і гэта на сем больш, чым за 8 месяцаў 2015 года. Але, на жаль, нараджальнасць не перавысіла смяротнасць – за такі ж час зарэгістраваны 561 выпадак смерці ў раёне. Праўда, гэта на 61 выпадак менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. 

    Як расказала карэспандэнту “ІВ” начальнік аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама Наталля Аўрусевіч, хлопчыкаў сёлета нарадзілася больш – 204, а дзяўчынак 195. 79 дзяцей ператварылі сваіх бацькоў у шматдзетных – яны нарадзіліся трэцімі ў сям’і. 25 немаўлят нарадзіліся чацвёртымі, восем – пятымі і адно – шостым.  У чатырох сем’ях нарадзіліся двойні.

    Нараджалі ў асноўным жанчыны ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, 42 мамы былі ва ўзросце ад 35 да 40 гадоў і дзевяці жанчынам, якія нарадзілі, было за 40 гадоў. З ліку ўсіх новаспечаных мам 51 – адзінокія і трое непаўналетніх. Сярэдні ўзрост матуль, якія нарадзілі, – 27 гадоў, а бацькоў немаўлят – 30 гадоў.

    – Што тычыцца самых папулярных імёнаў, якімі бацькі наракалі нованароджаных, то з жаночых гэта Ганна (16 разоў), Вікторыя (12), Анастасія і Ксенія (па 11 разоў), – расказвае Наталля Аўрусевіч. – Калі параўнаць з мінулым годам, то тады найчасцей абіралі імёны Дар’я, Сафія, Вікторыя, Паліна. А ў хлопчыкаў сёлета часта называлі Арцём (14), Максім(13), Аляксандр (11), Данііл і і Кірыл (па 10).

    А якія рэдкія імёны абіралі бацькі для сваіх сыноў і дачушак? Азарый, Дзямід, Назарый, Панкрацій, Савелій, Філат, Ярамір, Амалія, Арыядна, Ая, Глафіра, Ефрасіння і Ляйсан.

    Калі казаць пра ўзровень нараджальнасці ў разрэзе гарсельвыканкамаў, то самы нізкі паказчык – у Аброўскім і Волькаўскім сельвыканкамах, дзе з пачатку года нарадзілася па тры дзіцяці ў кожным. У Косаўскім гарсавеце правялі 15 рэгістрацый нараджэнняў, у Целяханскім сельвыканкаме – 48, у Стайкаўскім – 14, у Рэчкаўскім – 12, у Падстарынскім – 11.

    Нягледзячы на тое, што для Беларусі характэрна дэмаграфічная праблема, меры для яе вырашэння прымаюцца і прыносяць плён. Так, даследчыкі адзначаюць зніжэнне ліку абортаў у Беларусі ў апошнія гады, акрамя таго, усё больш дзяцей нараджаецца ў бацькоў, якія заключылі законны шлюб. А што ў нашым раёне? Як паведаміла карэспандэнту “ІВ” загадчыца жаночай кансультацыі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Наталля Кавалевіч, і ў  Івацэвіцкім раёне апошнім часам паменшыўся лік жанчын, якія робяць аборты. Больш стала і тых, каго ўдалося адгаварыць ад перапынення цяжарнасці. Так, за 8 месяцаў бягучага года ў раённай бальніцы аборты зрабілі 27 жанчын і 8 жанчын адмовіліся ад свайго рашэння пазбавіцца ад дзіцяці пасля размовы з урачамі. Пры першасным звароце з жанчынай, якая рашылася на аборт, гутарыць урач акушэр-гінеколаг, які мае ў арсенале не толькі пераконваючыя словы, але і тэматычныя буклеты і відэа. Затым з жанчынай размаўляе псіхатэрапеўт. Трэба сказаць, што прафілактыкай абортаў можна лічыць і парады гінеколагаў адносна метадаў кантрацэпцыі, якія атрымліваюць жанчыны падчас прыёму ў жаночай кансультацыі. Практыка даказвае эфектыўнасць такой сістэмы работы.

    Стымулам для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі стала назначэнне сямейнага капіталу сем’ям пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года (калі ўсе дзеці ў сям’і – непаўналетнія). Сямейны капітал роўны суме ў 10 тысяч долараў плюс працэнты, якія “набягуць” на гэтую суму за час, пакуль грошы будуць захоўвацца на рахунку ў ААТ “Беларусбанк”. Нагадаем, што скарыстацца грашамі можна толькі пасля дасягнення сынам ці дачкой паўналецця і ў тым выпадку, калі ў шасцімесячны тэрмін пасля нараджэння дзіцяці бацькі звернуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы з заявай.

    Як паведамілі карэспандэнту “ІВ” у службе “Адно акно” Івацэвіцкага райвыканкама (каб. 111), з пачатку бягучага года з заявай аб налічэнні сямейнага капіталу ў службу звярнуліся 102 чалавекі. Звычайна пасля падачы заявы райвыканкам у месячны тэрмін прымае рашэнне аб назначэнні ці аб адмове ў назначэнні сямейнага капіталу. Адносна 95 чалавек у гэтым годзе было прынята станоўчае рашэнне, і 7 заяў яшчэ разглядаюцца. Сёлета аднаму чалавеку адмовілі ў выдзяленні грошай, а вось у мінулым годзе адмоў не было – з заявамі звярнуліся 126 чалавек, і ўсе атрымалі сямейны капітал. Дарэчы, скарыстацца правам на  яго атрыманне можна толькі аднойчы.

    На што ж можа быць патрачаны сямейны капітал? На паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслугі ў сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя і іншае. Датэрмінова скарыстацца капіталам можна толькі ў тым выпадку, калі якому-небудзь члену сям’і ці некалькім з іх спатрэбяцца платныя медыцынскія паслугі.

    Нараджэнню дзяцей звычайна папярэднічаюць шлюбы. Па інфармацыі аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама, усяго за 8 месяцаў бягучага года ў раёне зарэгістравана 264 новыя сям’і, што на 34 менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Найбольш шлюбаў заключалася ў Івацэвічах – 183, але адметна, што, напрыклад, у Даманаўскім сельвыканкаме зарэгістравана 26 шлюбаў, роўна на палову больш, чым у Целяханскім – там утварылася 13 сем'яў. У Косаўскім гарвыканкаме зарэгістравана 10 шлюбаў, у Быценскім – 5. У астатніх сельвыканкамах паказчык яшчэ больш нізкі.

    Сталі жонкамі дзве непаўналетнія дзяўчыны, 10 нявест і два жаніхі былі ва ўзросце 18 гадоў. Але каханню пакорлівыя ўсе ўзросты – 9 жаніхоў і 5 нявест да вяселля адзначылі 55-гадовы юбілей.

    У гэтым годзе было зарэгістравана 18 шлюбаў паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і іншаземцамі: 7 – з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, 7 – з грамадзянамі Украіны і па адным шлюбе – з грамадзянамі Турцыі, Казахстана, Азербайджана і Грузіі.

    Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.