У Германавіцкай школе адкрыўся экалагічны клас

  • Вольга Чарняўская, Кліч Радзімы 89/2016 от 05 ноября 2016 04 ноября 2016 13:33 Природа и экология Беларуская

    Першы ў Беларусі спецыялізаваны экалагічны клас па ўстойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў “Прырода роднага краю” адкрыўся 27 кастрычніка ў Германавіцкай сярэдняй школе. Дзякуючы гэтаму ў вучняў рознага ўзросту з’явілася ўнікальная магчымасць на новым узроўні вывучаць праблемы экалогіі і паспяхова знаходзіць шляхі іх вырашэння.

    — Дзейнасць новага экалагічнага класа ў значнай ступені будзе выконваць інфармацыйную функцыю, прыцягваць увагу шырокіх колаў насельніцтва да глабальных экалагічных праблем, у тым ліку і да захавання ўнікальнага балота “Ельня”, размешчанага на тэрыторыі нашага і суседняга Міёрскага раёнаў, — адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, куратар праекта Наталля Анатольеўна Арэшкава. — Не так шмат на планеце засталося месцаў, на тэрыторыі якіх ёсць магчымасць захаваць прыроду ў яе першапачатковым, некранутым цывілізацыяй выглядзе. На тэрыторыі нашага раёна такое ўнікальнае месца ёсць, і яго трэба абавязкова зберагчы. Да гэтага і заклікаюць прадстаўнікі Праграмы развіцця ААН у Беларусі і Фонду Кока-Кола, дзякуючы якім са студзеня 2016 года  паспяхова рэалізуецца міжнародны праект «Стварэнне патэнцыялу мясцовых таварыстваў у пытанні ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі з мэтай захавання балота „Ельня“. Асаблівую ўвагу аўтары праекта звяртаюць на вывучэнне і даследаванне водных рэсурсаў: беражлівае расходаванне вады, яе ачышчэнне, правядзенне маніторынгу якасці вады ў балоце „Ельня“ — адным з самых вялікіх у Еўропе верхавых балотаў. Фінансаванне дадзенага праекта ажыццяўляецца Фондам Кока-Кола па новай партнёрскай ініцыятыве ПРААН і Кока-Колы „Новы свет: ініцыятывы ў галіне інклюзіўнага і ўстойлівага развіцця чалавечага патэнцыялу“. Адміністрацыйную падтрымку праекта аказвае ПРААН ГЭФ „Кіраванне тарфянікамі на аснове ландшафтных падыходаў з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод“ (»Тарфянікі-2").

    Спецыялізаваны экалагічны клас у Германавічах, які з'явіўся пры фінансавай падтрымцы сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і Фонду Кока-Колы, ужо на сённяшні дзень забяспечаны сучасным абсталяваннем, інтэрактыўнымі экспанатамі і стэндамі. У прасторным і светлым памяшканні для юных эколагаў устаноўлена новая сучасная аргтэхніка: ноўтбук, тэлевізар, фотаапарат, мультыфункцыянальнае тыпаграфскае устройства. У бліжэйшы час там будзе прадстаўлена дадатковая спецыяльная літаратура, іншае неабходнае для работы абсталяванне, у тым ліку і сучасная кампактная метэастанцыя.

    Новы экалагічны клас адкрыўся непадалёку ад тэрыторыі заказніка «Ельня». Пры гэтым менавіта ў Германавіцкай сярэдняй школе ўжо даволі працяглы час адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца экалагічнае выхаванне моладзі. У  названай навучальнай установе гэта дзейнасць рэалізуецца пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі вышэйшай катэгорыі Марыны Аляксандраўны Фёдаравай. Па ініцыятыве педагога прадстаўнікі школьнага экалагічнага клуба прынялі ўдзел у праекце “Малыя рэкі — вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна”, што фінансаваўся Еўрапейскім Саюзам. У школе наладжана цеснае супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Дзісенскім лясгасам і Германавіцкім лясніцтвам, а таксама з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага біясфернага заказніка “Ельня” вучні праводзяць свае назіранні, займаюцца даследчай дзейнасцю, рэзультаты якой потым дасылаюць навукоўцам. Таму і невыпадкова, што менавіта ў Германавічах з'явіўся спецыялізаваны экалагічны клас, які дазволіць вучням ужо на зусім іншым узроўні, больш дакладна і якасна вывучаць асаблівасці прыроды свайго краю і рэгіёну.

    На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця новага экалагічнага класа прысутнічалі намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Міхайлавіч Качаноўскі, прадстаўнікі Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта, Праграмы развіцця ААН у Беларусі, вытворчага прадпрыемства «Кока-Кола Бевриджис Белоруссия», настаўнікі і вучні Германавіцкай сярэдняй школы, іншыя госці ўрачыстасці, якія не засталіся ў баку ад глабальных экалагічных праблем.

    Ад імя кіраўніцтва Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто займаўся рэалізацыяй праекта «Стварэнне патэнцыялу мясцовых таварыстваў у пытанні ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі з мэтай захавання балота „Ельня“ выказаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі.

    Навучыць юнае пакаленне ашчадна і паважліва адносіцца да навакольнага асяроддзя і жыць у гармоніі з прыродай — надзвычай важная задача ў нашы дні. З новым сучасным экалагічным класам, забяспечаным усім неаходным, рэалізаваць іх будзе значна прасцей. Наведаць экаклас у Германавічах могуць усе жадаючыя. Дастаткова папярэдне дамовіцца аб гэтым па тэлефоне.