Заслужаны калектыў — у госці да нас

  • Ігар Адамовіч, Раённы веснік №№ 216-218 от 12 ноября 2016 16 ноября 2016 09:55 Культура Беларуская

    Адметнай падзеяй у культурным жыцці Чэрвеньшчыны стаў прыезд заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.

    Сцэна раённага Цэнтра культуры і адпачынку ажыла цудоўнымі чыстымі галасамі вядомых і пачынаючых спевакоў — салістаў аркестра. Падчас канцэрта прагучалі песні з розных праграм, створаных калектывам, у выкананні Алесі Дзяржавец, Наталлі Тамела, Яўгена Цымбаліста, Руслана Мусвідаса, Аляксандра Салаўёва, Дзмітрыя Качароўскага, Галіны Грамовіч, Таццяны Глазуновай, Валерыі Грабусавай і іншых. «Жывая» аркестравая музыка ад пачатку ўзяла залу ў палон і не адпускала да апошніх гукаў. Мо, таму канцэрт, які доўжыўся больш за гадзіну, падаўся надта хуткаплынным. А, бадай, адзіным яго хібам стала тое, што ў праграме не знайшлося месца ніводнай песні на беларускай мове. Хаця, як вядома, іх у калектыву шмат. Зрэшты, ці не нагода запрасіць аркестр у Чэрвень яшчэ раз?

    А за гэтае выступленне ўдзячнасць артыстам і асабіста Міхаілу Фінбергу выказала ад імя кіраўніцтва раёна і гледачоў намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька.