З “пераабуваннем” аўто трэба паспяшацца

  • Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС., Івацэвіцкі веснік №87 от 15 ноября 2016 17 ноября 2016 14:26 Общество Беларуская

     Зіма ў бягучым годзе прыйшла рана; як вынік, дарогі сталі заснежанымі, слізкімі. Павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, найчасцей рэгіструюцца з’езды ў кювет, бо вадзіцелі рухаюцца “па-летняму”. Так, у кювеце аказаліся грузавыя транспартныя сродкі, вадзіцелі якіх не ўлічылі стан аўтадарогі каля вёскі Панкі, на “алімпійцы”…

    Асабліва хацеў звярнуць увагу вадзіцеляў: перад пешаходным пераходам, на слізкім пакрыцці, не заўсёды атрымаецца затармазіць “па-летняму”, таму захоўвайце дыстанцыю, выбірайце мінімальную хуткасць. 
    І паспяшайцеся замяніць гуму: хаця заканадаўча вызначаны іншыя тэрміны – з 1 снежня па 1 сакавіка, – калі любы дзяржаўтаінспектар спытае строга за гэтае парушэнне, тым не меней, важна разумець, што бяспека патрэбна не інспектару, а вам. 
    Івацэвіцкім райаддзелам міліцыі ў лістападзе праводзілася аперацыя “Час стаць прыкметным”, цягнулася яна 10 дзён. За гэты час мы прыцягнулі да адказнасці 97 пешаходаў і веласіпедыстаў – як у Івацэвічах, так і раёне. У іх ліку – 25 нецвярозых удзельнікаў дарожнага руху. Мы вымушаны звяртаць менавіта на гэтую катэгорыю ўдзельнікаў асноўную ўвагу, бо ўсе цяжкія дарожна-транспартныя здарэнні, зафіксаваныя ў апошні час, звязаныя з веласіпедыстамі і пешаходамі. 
    І яшчэ. Правілы дарожнага руху недвухсэнсоўна патрабуюць: у перыяд галалёду і снегападу эксплуатацыя веласіпеда забаронена! Гэта нясе сур’ёзную пагрозу, у тым ліку – веласіпедысту. Таму не здзіўляйцеся, калі вас, шаноўныя веласіпедысты, спыніць дзяржаўтаінспектар і пацікавіцца: чаму на такім слізкім пакрыцці вы працягваеце рухацца на веласіпедзе?
    Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.