Родны край Міколы Пракаповіча

  • Вячаслаў БУРДЫКА, Народная трыбуна 47/2016 от 18 ноября 2016 22 ноября 2016 11:53 Культура Беларуская

    У Мікалая Мікалаевіча два дні нараджэння: фактычна 21 кастрычніка, хоць у пашпарце запісана… 1 лістапада.

    У чым тут справа? Ды звычайная на той час рэч. З-за шматлікіх сялянскіх клопатаў бацькам не было калі зарэгістраваць дзіця менавіта ў тым месяцы, калі яно нарадзілася. А за пратэрміноўку накладваліся даволі сур’ёзныя штрафныя санкцыі. Ды старшыня сельсавета аказаўся чалавекам спагадлівым – ён і параіў запісаць хлопчыка “лістападаўскім”.

    Аднак гэта, так бы мовіць, проста жыццёвы факт, які непасрэдна да яго творчасці адносін не мае. А адкуль цяга да літаратуры ў сына звычайнага заводскага рабочага з прыгараднай вёскі Пугачова з-пад Брэста? Міколаў бацька, зацяты руплівец і маўчун, мала ўмешваўся ў сынаву школьную вучобу ды ў ягоныя захапленні. Намацваў Мікола свае нацыянальныя карані самастойна – праз “ліцвінства” тутэйшых жыхароў, праз непаўторную прыроду, урокі, няхай і рэдкія, беларускасці ў школе.

    Сапраўды, у народзе кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.

    – У мяне ніколі не ўзнікала жадання некуды з’ехаць адсюль, – прызнаецца Мікола. – На сваёй зямлі натуральна сябе пачуваю. Мне тут утульна і добра ва ўсіх адносінах. Я ўвогуле чалавек, які прывязаны да аднаго месца. Радзіма для мяне – гэта маленькая радзіма ў першую чаргу. І Брэст – мой родны горад, хоць я і вясковец. Прыгарад Брэста за Мухаўцам раней быў вёскай Пугачова. Там практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаўся потым амаль усё сваё жыццё на тэлебачанні: народныя традыцыі, песні, святы. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вяселлях... 

    Ды і ў сямейных каранях Пракаповічаў была таксама творчая жылка. Ягоны дзед Ілья (Гальяш) са Слонімшчыны лічыўся майстрам не толькі пілы і сякеры, з якімі хадзіў у заробкі, але і скрыпкі. Не адзін верш прысвяціў потым яму ўнук-паэт. Менавіта такім вершам адкрываецца першы самастойны зборнік Міколы Пракаповіча “Неад’емнае” (1982):

    Здаваўся бязважкім кляновы смычок

    Натруджаным пальцам ягоным,

    А скрыпку лагодна прымала плячо,

    І хата сціхала ўтрапёна.

    А з паэзіяй у Міколы даволі дзіўна атрымалася. У яго быў сусед Дзмітрый Васільеў, родам з Масквы, былы танкіст. Ён ваяваў, меў ордэн Славы, працаваў правадніком на чыгунцы. І… пісаў вершы, песні на іх. Перыядычна друкаваўся ў абласной газеце “Заря”. Прыклад суседа захапіў юнага Пракаповіча.

    – І вось мы сталі рыфмаваць з суседам разам, – распавядае Мікалай Мікалаевіч. – Спачатку быццам бы ў жарт. А неяк адзін мой вершык на рускай мове (калі шчыра, дык напалову мой, бо сусед добра падправіў і напалову дапісаў) надрукаваў у газеце. Я тады вучыўся ў шостым класе СШ №4, што на Валынцы, і, вядома ж, стаў героем школы. 

    Вось з таго часу і пачаўся яго шлях у літаратуру, найперш у паэзію. Пісаў і па-руску, і па-беларуску. Аднойчы, ужо ў старэйшых класах, настаўніца беларускай літаратуры сказала “пачынаючаму паэту”: “Мікола, выбірай, на якой мове ты пішаш”. Ён і выбраў – беларускую.

    А пасля Дзмітрый Васільеў прывёў Міколу на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры газеце “Заря”, пазнаёміў з Міхасём Рудкоўскім, які гэтае літаб’яднанне тады ўзначальваў.

    З выбарам прафесіі стала ўсё ясна. Пасля заканчэння школы пайшоў вучыцца “на паэта” на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Вядома ж, там вучылі не “на паэтаў”, а на настаўнікаў. Але, як і многім, хто цягнуўся да прыгожага пісьменства, да літаратуры, Міколу зноў пашанцавала – у той час на філфаку выкладаў Уладзімір Калеснік. Ён і стаў сапраўдным літаратурным настаўнікам для Міколы Пракаповіча.

    Праўда, пасля таго, як атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі, давялося год настаўнічаць на Піншчыне, у Асабовіцкай васьмігадовай школе.

    – Да гэтага ні разу не быў на Пінскім Палессі, – успамінае Мікалай Мікалаевіч. –  У гэты цудоўны край закахаўся адразу. Які там неймаверны каларыт, якія людзі! Дарэчы, мясцовыя жыхары называлі мяне “вучыцелёк”: не таму, што малы ростам, а таму, што быў маладым настаўнікам. Безумоўна, у той час і пазней, калі ўжо непрацяглы час працаваў на радыё, а затым на тэлебачанні, то лічыў сябе ў першую чаргу паэтам. Праца на тэлебачанні была дзеля заробку, паэзія – для душы. Адно цягнула другое. Ад сустрэч з людзьмі, ад ведання нацыянальных абрадаў нараджаліся і вершы, і тэлепраграмы.

    Больш за 40 гадоў аддаў Мікалай Мікалаевіч тэлебачанню – практычна ўсё свядомае жыццё. Яго аўтарская перадача “Край” – гэта праект, які ведаюць усе творчыя людзі Берасцейшчыны. Дарэчы, выйшла ў эфір больш за 500 яе выпускаў. Але “Край” не першы праект Пракаповіча. Спачатку ён вучыўся ў Міхася Рудкоўскага ў тэлечасопісе “Буг”. Менавіта Рудкоўскі ўбачыў у маладым Пракаповічу талент журналіста і запрасіў у аддзел мастацкіх праграм Брэсцкага аблтэлерадыёаб’яднання. І не памыліўся. Вельмі хутка Мікола стварыў свой праект – тэлеперадачу “Берасце”, прысвечаную краязнаўству. Потым былі іншыя праекты – і ўсе яны звязаны з творчымі людзьмі роднага краю, прафесійнымі і непрафесійнымі рамёствамі, выставамі, імпрэзамі, народнымі святамі. Яму гэта было вельмі цікава, таму і атрымлівалася таленавіта. Хоць, напэўна, 40 гадоў адно і тое ж… Можна і расчаравацца – не такая ўжо Берасцейшчына вялікая.

    – Расчаравання не было. Ні ў паэзіі, ні ў журналістыцы, – шчыра прызнаецца Мікола Пракаповіч. – Стамленне, так, было. Па тэмах, здаралася, “хадзіў” па трэцім крузе. Але ж людзі! Талентаў на Берасцейшчыне шмат. І аднаго Пракаповіча на ўсіх не хапала. Быў такі момант, калі мне прапаноўвалі рабіць перадачу на ўсю краіну. Задумваўся, як жа. Але  не хацелася ехаць туды, дзе нікога і нічога не ведаю. Я нарадзіўся на Берасцейшчыне, тут жыву, мне тут падабаецца, мне тут утульна і цёпла. Жонка нават кпіць часам: у цябе, маўляў, замест сям’і – “родная студыя”. Аднак наша пакаленне такое, мы заўсёды жылі працай, асабліва калі маладымі былі. У адным аддзеле працаваў разам з такімі талентамі, як Уладзімір Калеснік, Алесь Касько, Таццяна Собач, Наталля Якімава… Мы ўсе былі розныя і па-свойму цікавыя.

    А чаму ён звязаў сваё жыццё менавіта з культурай? Так, на мой погляд, праявілася яго любоў да Беларусі, да беларускай мовы. І гэта стала яшчэ адной магчымасцю пісаць, здымаць пра беларусаў і на беларускай мове. І людзі ў пераважнай большасці адказвалі яму па-беларуску. 

    – Я нікога не прымушаў гаварыць па-беларуску. Памятаю, як аднаго з абласных колішніх кіраўнікоў неяк “вылавіў” на мастацкай выставе і задаў яму адно пытанне па-беларуску, другое таксама на беларускай мове. А ён адказвае па-руску, – 

    успамінае Пракаповіч. – Я трэцяе пытанне задаю і чую адказ… па-беларуску. А калі журналіст прыходзіць і задае пытанне па-руску, а потым гучыць “за кадрам” беларуская мова, гэта не натуральна. Найперш я шукаю беларускасць. У Беларусі, у яе людзях, у гісторыі, яе традыцыях. Бо ёсць калектывы, гурты, якія сапраўды жывуць усім гэтым: будзь то аўтэнтыка альбо другасныя формы фальклору. Такі інтарэс вывеў мяне на досыць шырокае кола людзей, сапраўды зацікаўленых у тым, каб жылі культура, традыцыі, мова і мы былі не пазбаўлены сваёй уласнай гісторыі. А душэўнасць знаходзіцца… Калі ты сустракаеш чалавека, які жыве творчасцю, то яна і ёсць тая самая душа. Рыхтуючы праграму, ты абапіраешся на душу свайго суразмоўцы і на сваё ўласнае ўспрыманне таго, пра што ты расказваеш гледачам. Цікавасць ёсць да беларушчыны – 

    і тое добра.

    Кожная перадача “Краю” – 13 хвілін. Заўсёды тэматычная.  Прысвечаная пэўнай падзеі або творчай асобе. Сваёй задачай стваральнікі “Краю” лічылі захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, выхаванне ў гледачоў павагі да свайго мінулага, прапаганду народнай творчасці і народных рамёстваў, прафесійнага мастацтва Берасцейшчыны.

    – Я стараўся расказваць пра тых людзей, калектывы і падзеі, якія падаваліся цікавымі мне і былі важнымі для грамадства, для нашага горада, вобласці, краіны, – тлумачыць Мікола Пракаповіч. – Мы не павінны забываць, хто мы і дзе нашы карані. Беларусамі мы можам стацца, калі будзем шанаваць сваё. І гэта мяне таксама хвалявала і ў жыцці, і ў праграмах: мне заўсёды было важна, як чалавек ставіцца да сваёй мовы, да сваёй радзімы.

    У гісторыі перадачы былі і няпростыя часы. Так, у 2003 – 

    2005 гадах з-за адсутнасці фінансавання яна ўвогуле не з’яўлялася на тэлеэкранах. Вярнулася ў эфір дзякуючы падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама. З таго часу пашырыліся і рамкі перадачы. Між тым, Мікола Пракаповіч прызнаецца:

    – З гадамі пачынаў адчуваць большую адказнасць, у першую чаргу перад тым, пра каго рабіў праграму. Сам сталеў, больш адказна ставіўся да свайго слова. А пачынаючы кожную новую праграму, хваляваўся, бы над першай праграмай.

     

    * * *

    Першая кніга Міколы Пракаповіча “Белая вежа” была надрукавана ў калектыўным зборніку “Нашчадкі” (1979). Далей былі паэтычныя зборнікі “Неад’емнае” (1982) і “На кругі свае” (1986).

    За зборнік вершаў “Мяжа надзеі” выдавецтва “Мастацкая літаратура” адзначыла Міколу Пракаповіча прэміяй імя М. Багдановіча (1993). Мікола Пракаповіч з’яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка (2008). 

     

    Як лірык, Мікола Пракаповіч заўсёды дбаў пра глыбіню, вобразнасць і душэўнасць сваіх твораў – таму кранаюць сэрца чытача, напрыклад, паэма “Неад’емнае” са славутымі маналогамі, “Казкай пра чорта” ды іншымі раздзеламі, паэма “На кругі свае” з трапяткім вобразам белай птушкі – духу Айчыны, змястоўныя баладныя цыклы гістарычнай тэматыкі, многія самабытныя вершы пра мову, тую самую старую, якая не хоча паміраць. Ніхто, здаецца, так па-сучаснаму і так па-свойму не пісаў пра стаўленне да роднай мовы сённяшніх маладых спажыўцоў-пустадомкаў:

    …І папыліць у горад,

    між кумпякоў і бульбы, –

    мазолістых рук набыткам, – 

    у торбах, у сумках модных,

    каторы ўжо раз забытая

    мова мая – боль мой.

    А побач нараджаюцца ўсё новыя вершы пра вернасць і нявернасць у сяброўстве, каханні, лірычныя або іранічныя замалёўкі… Вельмі шкада, вядома, што апошнім і немалым ужо часам ліра Міколы Пракаповіча маўчыць… І ўсё ж гэта не азначае, што схаладнела душа. Яна, цёплая і жывая, шчыміць адзінотаю і, як раней, цягнецца да палескай прыроды, астраўкі якой дзе-нідзе захаваліся, да мудрых і творчых людзей Палесся, хоць іх, на жаль, таксама ўсё менш, да нездрадлівых сяброў і сваіх вучняў-паслядоўнікаў, нарэшце да Слова – уласнага тэлеэфірнага і пісанага іншымі ў кніжках.

    Алесь КАСКО, паэт.

     

     

    * * *

    – Нам вельмі прыемна, што “Край” Міколы Пракаповіча цесна супрацоўнічае з намі, а сам Мікалай Мікалаевіч – ганаровы чытач нашай бібліятэкі. За час свайго існавання “Край” ператварыўся ў своеасаблівы тэлевізійны летапіс Берасцейшчыны. Гэтая перадача – духоўная каштоўнасць нашага рэгіёна.

    Ала МЯСНЯНКІНА,

    намеснік дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага.

     

    Мікола ПРАКАПОВІЧ: 

     

    * * *

    Знікае адзінае, 

    што яшчэ маю, –

    сядзіба радзінная 

    над небакраем…

    Куды я ступлю 

    са світальнага ганку,

    калі ты забрала

    з сабой калыханку,

    дзяцінства грыбное, 

    пякучыя росы, слядок мой, 

    безабаронны і босы?

     

    * * *

    Жыццё падарыла нам дзіва:

    Як ветрыку лёгкі павеў,

    Аднойчы пачуеш — Радзіма,

    Пасля зразумееш — навек.

    I будуць дарогі вяртацца

    У той незабыты куток,

    Дзе ў квецені белых акацый

    Жыцця твайго чысты выток.

    Дзе змалку да болю знаёмы

    I дрэвы, і твары людзей,

    I роўнага болей якому

    Ніколі не знойдзеш нідзе.

     

    * * *

    Язычнік я. 

    Другой не маю веры.

    І, заварожаны, гляджу,

    Як тонкае лязо аеру

    Блішчыць 

    у кропельках дажджу…

    …Тут шчырым быць я не баюся.

    І як далёкі прашчур мой,

    Я зноў надоўга застаюся

    Сам-насам з небам і зямлёй.

    Теги: 
    • {Нет тегов}