Шлях у будучыню

  • Татьяна Полховская, Полесская правда № 95 2016 от 26 ноября 2016 Скачать номер 02 декабря 2016 14:48 Общество Беларуская

    Прысела… Агледзелася… Утульны і чысценькі пакой, пасярод якога зусім яшчэ маладзенькая ўрач завіхаецца каля сваёй пацыенткі – дзяўчынкі гадоў пяці:

    – Дыхай глыбока і роўна! – просіць малую ўрач. – Не бойся, мая прыгажуня, не бойся! Проста скажы, што ў цябе баліць, і я вылечу… Хутка будзеш па вуліцы бегаць.

    – А марожанае можна будзе есці? – засмяглымі вуснамі пытаецца дзяўчынка.

    – Ды колькі схочаш! – Ларыса Анатольеўна, схіліўшыся над дзіцяцем, пяшчотна гладзіць яго рукі і шчокі, адначасова аглядваючы іх.

    Доктар слухае сэрца малой і задаволеным голасам кажа:

    – Ну, вось, усё добра. Будзеш прымаць гэтае лякарства, і табе стане значна лепш.

    Ларыса Анатольеўна выпісвае рэцэпт на лякарства і падае яго бабулі, якая ўвесь час сядзіць побач і ўважліва назірае за ўрачом і ўнучкай.

    Ларыса Анатольеўна Бялко (на здымку) больш за год працуе ўрачом агульнай практыкі ў Малоткавіцкай амбулаторыі. Ларыса Анатольеўна са Століншчыны: там нарадзілася і вырасла. Пасля заканчэння сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, дзе атрымала спецыяльнасць «лячэбная справа». У Малоткавічах аказалася дзякуючы размеркаванню, аб чым ніколькі не шкадуе:

     – І хоць працую тут я не так даўно, але паспела прывыкнуць да людзей, якія звяртаюцца да мяне за дапамогай, а таксама да калектыва, – расказвае Ларыса Анатольеўна. – Для мяне вельмі важна заваяваць іх давер.

    З першага дня работы Ларыса Анатольеўна пачала працаваць з уласцівай ёй ўдумлівасцю і спакоем. Першую палову рабочага дня ўрач Бялко праводзіць у амбулаторыі, дзе прымае пацыентаў, у другую выязджае на вы-клікі. Участак, які абслугоўваюць спецыялісты Малоткавіцкай амбулаторыі, вялікі, усяго дзевяць населеных пунктаў: аграгарадок Малоткавічы, пасёлак Садовы, вёскі Жабчыцы, Дамашыцы, Залессе, Стахавічы, Дубае, Берказы, Сасновічы. На гэтай тэрыторыі пражывае 5 195 чалавек. Значная частка іх – людзі сталага ўзросту, кожнаму з якіх у першую чаргу патрэбна медыцынская дапамога, а таксама ўвага і дабрыня.

    І так амаль кожны дзень… Вяскоўцы паважаюць сваю «доктарку» і ахвотна звяртаюцца да яе за дапамогай. А яшчэ ўрач Бялко ўпэўнена ў тым, што ў медыцыне галоўнае – практыка.

    І толькі вечарам, калі ў дамах загараецца святло, малады ўрач прыязджае да сябе на кватэру. Яна заварвае духмяную гарбату, налівае яе ў кубачак і павольна апускаецца ў любімае крэсла. Прыемная стома разліваецца па целе чалавека, які сумленна працаваў увесь дзень і цяпер мае поўнае права вылучыць час і для сябе. На душы робіцца так хораша і так добра… На імгненне ў памяці ўзнікае вобраз жанчыны, якая некалькі дзён назад выклікала ўрача. Як пасля аказалася, у яе бацькі час ад часу здараюцца праблемы з сэрцам. Ларыса Анатольеўна добра памятае, як адчула на сабе неспакойны позірк. Чарнявая жанчына стаяла ў кутку, ля самых дзвярэй, і пільна сачыла за ўрачом і бацькам. Позірк яе быў жаласлівы і разгублены, як у дзіцяці, якога забіраюць ад бацькоў. Засмучаная горам дачка не магла глядзець у той бок, дзе паміраў яе бацька. Ёй хацелася дапамагчы хоць чым-небудзь, але яна толькі моцна прыкусіла губы...

    У апошні час на працу ў раён прыехала шмат маладых спецыялістаў: фельчараў, акушэраў, урачоў… У кожнага – безліч планаў, ідэй, мар, для рэалізацыі якіх патрэбны веды і жаданне дабіцца пастаўленай мэты. Напэўна, нямала будзе на іх жыццёвым шляху розных перашкод і цяжкасцяў, але яны вераць у свае сілы і глядзяць ў будучыню шчаслівымі вачамі.