Культываваць здаровы лад жыцця

  • Татьяна Ступакевич, Дзянніца 96/2016 от 10 декабря 2016 Скачать номер 12 декабря 2016 18:15 Общество Беларуская

    Стан дэмаграфічнай бяспекі на тэрыторыі Шчучынскага раёна за 9 месяцаў бягучага года – такое пытанне было разгледжана на чарговым пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы, якое праходзіла на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк. 

    – Сітуацыя несуцяшальная, – зазначыла Ганна Станіславаўна. – Смяротнасць у раёне перавышае нараджальнасць, а самае балючае, што абрываюцца жыцці людзей яшчэ досыць маладых. 90 чалавек сёлета памерла ў працаздольным узросце, каля 36% з іх – па знешніх прычынах.Сярэдняя працягласць жыцця ў нашым раёне складае 73,2 года, а ў Шчучыне – 68,3 года. Згадзіцеся, гэта вельмі мала. У чым жа прычына? Менавіта па ініцыятыве раённай улады была запрошана маніторынгавая група з упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, якая вывучала прычыны дэмаграфічнай праблемы на Шчучыншчыне. – Што можна зрабіць па лініі медыцыны, фізічнай культуры і спорту, той прафілактычнай работы, якую праводзяць супрацоўнікі міліцыі і пажарнай службы? Як паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю? – звярнулася Г.С. Хвядзюк да членаў савета і запрошаных, сярод якіх былі медыкі, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі цэлага шэрагу зацікаўленых службаў.Намеснік галоўнага ўрача Шчучынскай ЦРБ Ю.В. Мілюта скрупулёзна прааналізавала дэмаграфічную статыстыку, падкрэсліваючы, што менавіта лад і ўмовы жыцця насельніцтва ў значнай ступені ўплываюць на ўзровень здароўя.– На базе райбальніцы працуе школа гіпертоніка, дзе навучанне прайшлі больш за 70 чалавек, – зазначыла Юлія Віктараўна. – Урачы пастаянна выступаюць у прэсе. Вялікую прафілактычную работу праводзяць валанцёры Чырвонага Крыжа. Добрую справу робяць аглядавыя камісіі, што дзейнічаюць у сельсаветах, устараняючы фактары небяспекі жыцця вяскоўцаў. Асабіста ад сябе Ю.В. Мілюта як доктар звярнулася да прысутных: “Штодзень кантралюйце свой ціск, прымайце меры, калі ён не ў норме. Сёння надзвычай важна папярэдзіць інсульты і інфаркты.” Дарэчы, у адным з бліжэйшых нумароў “Дзянніцы” мы запросім Юлію Віктараўну падрабязна расказаць аб тым, як можна і неабходна захаваць здароўе, імкнучыся да даўгалецця.  Галоўны санітарны ўрач раёна П.С. Волчак лічыць, што надзвычай важна павысіць матывацыю жыхароў раёна весці здаровы лад жыцця. Не лепшым чынам адгукаецца, калі людзі несвоечасова праходзяць медагляды. І тут на сітуацыю можа паўплываць такі дакумент, як калектыўны дагавор.Аб тым, якая работа праводзіцца ва ўстановах адукацыі, каб замацаваць здароўезберагальныя тэхналогіі, расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.В. Гваздоўскі.– Аднак пасля заканчэння вучобы многія, на жаль, развітваюцца з фізкультурай і спортам. Значыць, варта ўдасканальваць на прадпрыемствах і ў арганізацыях укараненне здаровага ладу жыцця, – лічыць  Іван Вікенцьевіч. – Менавіта працоўныя калектывы павінны больш уплываць на развіццё фізкультуры і спорту. Хацелася б, каб актыўней раскупляліся абанементы ў плавальны басейн аг. Васілішкі, была па поўнай задзейнічана тая цудоўная спартыўная база, што створана ў раёне. Сёння нават прыватны бізнес шукае сваю нішу ў аказанні спартыўна-аздараўленчых паслуг. Значыць, гэта запатрабавана. І гэтым трэба карыстацца.Аб выяўленні сямейнага недабрабыту менавіта на ранніх стадыях, барацьбе з бытавым п’янствам, іншымі негатыўнымі з’явамі гаварылі ўдзельнікі гэтага адкрытага і шчырага дыялогу. Свае прапановы ўносілі намеснік начальніка РАУС Д.І. Жынко, галоўны санітарны ўрач раёна П.С. Волчак, старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Т.І. Зубрыцкая і многія іншыя. Вынікі пасяджэння савета па дэмаграфічнай бяспецы падвяла Г.С. Хвядзюк.Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.