Пяцігадовая сенсацыя

  • Віктар ВІКТАРУК, Народная трыбуна 52/2016 от 23 декабря 2016 26 декабря 2016 00:46 Общество Беларуская

    Вядучы праграмы Максім Галкін так прадставіў нашу юную зямлячку: “Заслужаны кнігачытальнік Беларусі, галоўны кнігалюб СНД, каралева дэкламацыі, юная лэдзі з дзіўнай памяццю”.

    А памяць у Дарыі сапраўды ўнікальная. Яна даслоўна памятае ўсе кніжкі, якія прачытала. Максім Галкін гэта спецыяльна праверыў (у прамым эфіры!):

    – Колькі кніжак ты прачытала за сваё “вялікае” жыццё?

    – Больш чым 100. Гэта мой любімы занятак. Кожны дзень бяру чарговую кніжку і чытаю, чытаю, чытаю...

    – У якім жа ўзросце ты навучылася чытаць?

    – Мне тады было два гады.

    – Але ты не толькі чытаеш, а яшчэ і запамінаеш тое, што прачытала?

    – Так. Але я не спецыяльна, яно неяк само запамінаецца...

    Вядучы адкрыў казку “Прынцэса на гарошыне” Г.Х. Андэрсэна, разгарнуў недзе на сярэдзіне, прачытаў фразу – і дзяўчынка выразна на памяць прадэкламавала далейшы тэкст казкі. Тады Максім Галкін узяў “Баладу пра маленькі буксір” І.Бродскага, “Папялушку” Ш. П’еро, некалькі іншых кніжак, аўтары якіх вядомы далёка не кожнаму даросламу, і Дарыя артыстычна і пераканаўча цытавала і іх. Вядучы ад здзіўлення запытаў у Дарыінай мамы: “Кацярына, скажыце, навошта Вы зрабілі аўдыёдзяўчынку з аб’ёмам памяці ў 4 гігабайты?” “А гэта не мая заслуга, – адказала мама. – Яна ад нараджэння такая”. 

    За перамогу ў тэлешоу Дарыі Скамарошчанка ўручылі медаль “Лучше всех!”, кветкі і велізарны рукзак з цукеркамі.

    А ў заключэнне – некалькі слоў пра сям’ю Дарыі. Яе мама Кацярына Таберка – архітэктар па адукацыі, выдатна малюе, піша вершы, вядзе ў інтэрнэце свой блог “Книжный шкап”. Тата Уладзімір Скамарошчанка – вядомы брэсцкі графік, дызайнер, мастак, фатограф. Дзядуля Анатоль Скамарошчанка – таксама вядомы беларускі мастак і скульптар. Бабуля Ніна Чураба – мастак і мастацтвазнаўца, яна – малодшая дачка знакамітага берасцейскага майстра жывапісу і графікі Мікалая Чурабы. У Дарыі ёсць малодшы брацік Даніла, якому нядаўна споўнілася два гады і ён ужо вучыцца чытаць. Так што Дарыя вырасла ў атмасферы духоўнасці і мастацтва. Дарэчы, і сама яна пераняла ў сваіх продкаў не толькі сямейную любоў да чытання, але і да паэзіі, літаратуры, творчасці ў цэлым. А яшчэ Дарыя добра гуляе ў шахматы, выдатна танцуе і малюе. Карацей кажучы, талент праяўляецца ва ўсім, за што б ні бралася дзяўчынка. Застаецца толькі пажадаць ёй поспехаў у далейшым жыцці і шчаслівага лёсу.  

    Теги: 
    • {Нет тегов}