Ёсць ідэя — будзе і мільён

  • Полина КОНОГА, Рэспубліка 39 (6687), 28 февраля 2017 от 28 февраля 2017 28 февраля 2017 01:47 Экономика Русский

    Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва ў самым разгары. Ужо заўтра адбудзецца яго кульмінацыя — XVIII Асамблея дзелавых колаў. На ёй бізнес-супольнасць прадставіць частку прапанаваных сістэмных мер па паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне, а таксама канкрэтныя прапановы па зніжэнні рэгулятарнай і падатковай нагрузкі. Праект Нацыянальнай платформы бізнесу—2017 атрымаў  назву «Ад узаемаразумення да ўзаемадзеяння». Якiя прапановы магчыма ў ёй знайсцi?

    Праект дакумента — гэта пакуль толькі чарнавік, які можа быць дапрацаваны. Канчатковы варыянт Платформы-2017 будзе гатовы бліжэй да красавіка, і менавіта ён на бліжэйшы год стане настольным дапаможнікам для прадстаўнікоў дзяржорганаў і бізнесменаў. У Рэс­публіканскай канфедэрацыі прад­прымальніцтва прыво­дзяць такія лічбы: з 2006 года на зака­надаўчым узроўні рэа­лі­завана больш за 420 пра­па­ноў, прад­стаўленых бізнес-суполь­насцю ў папярэдніх дзесяці выпусках платформы. А за апошнія шэсць гадоў было прынята каля 200 нарматыўных актаў, якія дазволілі вырашыць набалелыя пытанні прад­пры­ма­льнікаў.

    У цяперашні праект дакумен­та дзелавыя колы ўнеслі 86 пра­паноў па шасці напрамках: добрасумленная канкурэнцыя; эфектыўная дэбюракратызацыя; рэгулятарная аптымізацыя; інстытуты эфектыўнага развіцця і росту; пашырэнне доступу да маёмасці, актываў і інвестыцый; адказнае партнёрства. Віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Лілія Коваль распавядае больш падрабязна аб асноўных тэзісах зборніка і яго асаблівасцях:

    — Дакумент распрацоўваўся на працягу трох месяцаў. Заўтра праект будзе вынесены на абмеркаванне, пасля чаго мы яшчэ будзем прымаць прапановы. Адрозненне Платформы-2017 у тым, што з самай першай літары ў рабоце прынялі актыўны ўдзел не толькі прадпрымальнікі і прадстаўнікі бізнес-асацыяцый, але і Мінэканомікі адправіла ў каардынацыйны савет намесніка дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Аляксандра Каліноўскага. Акрамя таго, удзел у распрацоўцы дакумента прымалі прадстаўнікі гандлёва-прамысловай палаты, а таксама Беларускага фінансавага фонду. Мы вельмі гэтаму рады, паколькі цяпер можам больш кампетэнтна сфармуляваць свае прапановы.

    Платформа складаецца з не­калькіх кірункаў, тры з якіх заўсёды нязменныя. Га­лоўны — добрасумленная канкурэнцыя. Менавіта з гэтага раздзела пачынаецца платформа. А самая першая прапанова, якую ўносяць распрацоўшчыкі, — забарона органам дзяржкіравання, а таксама кантралюючым і наглядным арганізацыям уваходзіць у склад заснавальнікаў і ўласнікаў суб'ектаў гаспадарання, паколькі гэта прыводзіць да канфлікту інтарэсаў. Акрамя таго, прапануецца ўстанавіць адзіныя правілы ліцэнзавання для арганізацый, якія ажыццяўляюць платныя медыцынскія паслугі (незалежна ад форм уласнасці); устанавіць адказнасць за парушэнне тэрмінаў аплаты бюджэтных абавязацельстваў. Усяго па гэтым раздзеле бізнес уносіць 15 прапаноў.

    Больш за ўсё змяненняў (31) дзелавыя колы ўнеслі па кірунку «рэгулятарная аптымізацыя». Тут прадпрымальнікі хацелі б знізіць падатковую нагрузку. У прыватнасці, устанавіць мараторый на ўвядзенне новых падаткаў, збораў, пошлін, а таксама на выплату падатку на прыбытак да 1 студзеня 2021 года для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Акрамя гэтага, прапануецца прывесці меры адміністрацыйнага пакарання (штрафы, канфіскацыі) у адпаведнасць з памерам нанесенай шкоды і ступенню грамадскай небяспекі. Яшчэ адзін пункт тычыцца адмены павышаючых каэфіцыентаў да базавых ставак падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, а таксама арэнднай платы на зямлю.

    Яшчэ сем прапаноў унесена па кірунку «эфектыўная дэбюракратызацыя», 11 — у раздзел «інстытуты інклюзіўнага развіцця і росту», па 10 і 12 прапаноў у раздзелы «пашырэнне доступу да маёмасці, актываў і інвестыцый» і «адказнае партнёрства» адпаведна. Распрацоўшчыкі платформы кажуць, што дакумент накіраваны на вырашэнне самых вострых эканамічных праблем краіны, а пазіцыя прад­прымальніцкай супольнасці з'яў­ляецца канструктыўнай і патрыятычнай. Платформа заклікае ўсе органы дзяржкіравання да шырокай дыскусіі, падчас якой трэба прыняць салідарныя стратэгічныя рашэнні.

    Афіцыйна

    Ірына КАСЦЕВІЧ, намеснік міністра эканомікі:

    — Пра што мы будзем казаць заўтра на Асамблеі дзелавых колаў і што будзем абмяркоўваць? Пытанняў у Платформе-2017 вельмі шмат, але галоўнае — дыялог. Наша задача — максімальна прыцягнуць органы дзяржкіравання да ўдзелу і абмеркавання актуальных пытанняў, у тым ліку і да зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес. Па гэтым пытанні я  прадстаўлю даклад, дзе дэталёва раскажу пра тое, што ўжо зроблена, а над чым яшчэ неабходна папрацаваць, каб лібералізаваць умовы. Дарэчы, у гэтым плане нам ужо ёсць чым ганарыцца: у рэйтынгу «Вядзенне бізнесу» мы на 37-м месцы. А ў гэтым годзе ў нашым партфелі ужо ёсць шэраг рэформ, якія будуць улічаны ў новым дакладзе.

    Што тычыцца платформы, вось што хачу сказаць: тыя 86 прапаноў, якія ўнесены бізнес-супольнасцю, гэта не новыя пункты, якія з'явіліся ў дакуменце. Сёння больш за палову гэтых прапаноў ёсць у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года, некаторыя рэалізаваны ў комплексе мер па рэалізацыі праграмы. Так, ёсць ужо праект пастановы, які дазволіць пакетным прынцыпам укараніць методыку ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння. Рыхтуюцца і іншыя дакументы.