Ад слоў – да справы: на чарговым пасяджэнні Маладзёжнага савета прагучалі канкрэтныя ідэі і задачы

  • Наталля ГЕРБЕДЗЬ, Івацэвіцкі веснік №31 от 18 апреля 2017 20 апреля 2017 09:29 Калейдоскоп Беларуская

    Ужо другі год пры Івацэвіцкім раённым аб’яднанні прафсаюзаў існуе Маладзёжны савет, у які, нагадаем, уваходзяць прадстаўнікі ініцыятыўнай, творчай моладзі. У мінулую сераду, 12 красавіка, моладзь сабралася ў УА “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” на чарговае пасяджэнне.

    Так, гэта ўжо не першая сустрэча, нават самыя нечаканыя фарматы прапанавалі нам арганізатары. У апошні раз гэта быў фармат квэсту, такая гульня дапамагла членам савета пазнаёміцца і стаць камандай. Зараз жа настаў час перайсці ад слоў, ідэй і разважанняў да справы. Савет павінен працаваць, і праца гэтая – у канкрэтных мерапрыемствах і акцыях. Такім быў лейтматыў гэтага пасяджэння. Аднак спачатку адбылося знаёмства з “сэрцам” установы адукацыі – музеям. Па тэматычных пакоях музея моладзь правяла Таццяна Варабей, майстар працоўнага навучання і старшыня прафсаюзнай арганізацыі прафліцэя. Многія былі тут упершыню. Мясцовы музей славіцца колькасцю экспанатаў і іх гісторыяй. Тут ёсць работы навучэнцаў, супрацоўнікаў ліцэя, і рэчы з гісторыяй: прадметы побыту беларуса пачатку мінулага стагоддзя, ваенныя “рарытэты” і іншае. Дарэчы, рыхтуецца да адкрыцця яшчэ адзін тэматычны пакой музея, ён будзе прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, гэта будзе аналаг зямлянкі.

    Сустрэча прадоўжылася ў канферэнц-зале прафліцэя. Ірына Краўчук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, запрасіла моладзь да шчырага дыялогу і складання сумесных планаў. Спачатку Ірына Віктараўна запрасіла членаў савета ўступіць у групу Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў у сацыяльнай сетцы “ВК”, так прасцей будзе наладжваць сувязь. А яшчэ расказала моладзі аб конкурсах, якія праходзяць сёння ў раёне.   

    Моладзь абмяркоўвала таксама сумесныя планы па ўдзеле ў майскіх святах, закранулі ў размове і летні адпачынак, будучыя раённы і абласны тур-злёты, спаборніцтвы і іншае. У членаў савета ёсць ідэі і прапановы і яны гатовы ўдзельнічаць у акцыях, мерапрыемствах, цягнуць за сабой такіх жа цікаўных калег і сяброў. У тым і мэта існавання такога касцяка, які будзе цэнтрам аб’яднання працоўнай моладзі. 

    А яшчэ хутка члены Маладзёжнага савета будуць хадзіць у госці на працоўныя месцы адзін да аднаго. У складзе савета прадстаўнікі самых розных сфер, цікавымі будуць для астатніх экскурсіі на прадпрыем-ствы і ў арганізацыі.    

      Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.