Вясновыя клопаты “Коласа”

  • Валянціна БОБРЫК, Івацэвіцкі веснік №34 от 03 мая 2017 03 мая 2017 16:54 Экономика Беларуская

    Для навуковага таварыства вучняў “Колас” Цэнтра дзіцячай творчасці г. п. Целяханы вясна пачынаецца ў лютым. Менавіта так было сёлета – толькі сонца на некаторы час агаліла зямлю, як юныя памочнікі вучонага-агранома Леаніда Жыцянёва накіраваліся на вопытны ўчастак – весці пасеў азімых узораў збожжавых з паўднёвых краін. 

    Пэўна, наяўнасцю вопытнага ўчастка зямлі сёння можа пахваліцца з усёй вобласці толькі Целяханскі Цэнтр дзіцячай творчасці. Для юных аматараў навукі і практыкі ўчастак ў 25 сотак – прастора для дзейнасці. Але калекцыя ўзораў збожжавых, якая сабрана за амаль тры дзясяткі гадоў навукова-практычнай работы, не ўмяшчаецца на роўненька, пад шнурок, адведзеных дзялянках. Высяваецца штогод каля 400 узораў, а гэта толькі частка калекцыі збожжавых. І юныя навукоўцы абрабляюць, заўважу, уручную(!) яшчэ 8 сотак зямлі, якая знаходзіцца побач з участкам. 
    Мы планавалі вясной пабываць на вопытным участку коласаўцаў, каб на свае вочы паглядзець, як рыхтуецца глеба, што за чым садзіцца, сеецца і якія атрымліваюцца ўсходы. На першым тыдні красавіка паездка ажыццявілася, і якое здзіўленне чакала нас, калі мы падышлі да вопытнага ўчастка. Уся зямля была не толькі ўскапана і разраўняна, а і пароблены раўнюткія дзялянкі з праходамі. Прызнацца, не ўтрымаліся ад воклічу захаплення ідэальнай карцінай.
    – Учора ў нас на ўчастку быў генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Ігаравіч Барадзін, ён таксама быў уражаны нашай работай, – кажа педагог дадатковай адукацыі Леанід Жыцянёў. – А сёння я быў у Целяханскім Цэнтры культуры і вольнага часу, дзе вяду клуб “Агароднік”, і сваім слухачам падкрэсліваў, што работа на зямлі павінна прыносіць не толькі карысць, а і добрыя эмоцыі, радаваць вока. Калі ўнікнуць у сэнс слова сельская гаспадарка (Agriculture), то даслоўна яно перакладаецца як культура поля. Вось мы і стараемся, каб было і воку прыемна. 
    За весніцамі вопытнага ўчастка злева бурна зелянеў калекцыйны ўчастак гексаплоідных відаў пшаніцы.
    – Я расказваю сваім дзецям, што Целяханы некалі наведаў кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які, між іншым, акцэнтаваў увагу на развіцці сельскай гаспадаркі нашага краю і асабліва на вырошчванні пшаніцы еўрапейскіх гатункаў, – кажа Леанід Аляксеевіч. – Ці распавядаю падчас пасяўных работ пра мясцовыя гатункі пшаніцы, якія вырошчваліся на Целяханшчыне болей за сто гадоў назад. Напрыклад, гатунак пад назвай “Высокалітоўка”, які быў выведзены ў Высока-Літоўску. Там графіня Марыя Патоцкая ў сваёй сядзібе арганізавала селекцыю збожжавых культур і запрасіла да сябе вядомага агранома Ксаверыя Бяляўскага. Ён не толькі кіраваў маёнткам, а і праводзіў навуковыя даследаванні і стварыў навукова-эксперыментальную базу па вывядзенні і размнажэнні новых гатункаў збожжавых культур. Высокалітоўка была вельмі папулярнай на землях Берасцейшчыны і за яе межамі. 
    Прызнацца шчыра, слухала кіраўніка навуковага таварыства і па-добраму зайздросціла: дзеці атрымліваюць веды не толькі па біялогіі, а і па гісторыі, прычым веды ўзаемазвязаныя, якія даюць поўную карціну таго, што адбывалася на нашай зямлі ў мінулым. А ў спалучэнні з жывой практыкай, калі ты бярэш у рукі тыя зярняткі і  апускаеш у глебу, гісторыя ажывае і дае працяг.
    Ідзём далей. Тут ужо расце калекцыя цыбульных. 
    – Кандык буйнакветкавы, яго вельмі любяць пчолы, расце на горных лугах Паўночнай Амерыкі, на скалістых гарах, – тлумачыць Леанід Аляксеевіч. – Вось калекцыя касача (ириса) сібірскага, а ўвогуле, калекцыя касачоў налічвае 60 гатункаў, за імі –  калекцыя лілейніка гібрыднага і півоняў – 36 гатункаў амерыканскай селекцыі.
    Півоні атрымалі з цэнтральнага батанічнага саду Беларусі, дзе працуе вучань Жыцянёва Андрэй Зубараў. А з галоўнага батанічнага саду Расійскай Федэрацыі, куды адправілі калекцыю пшаніцы, атрымалі гейхеры, гейхерэлы, тыярэлы, талмею. Лісце гэтых дэкаратыўных мнагалетнікаў рознай афарбоўкі і формы, ёсць і гафрыраванае. Усе яны ўдала ўпісваюцца пры ландшафтным дызайне. Перавага гэтых раслін у тым, што радуюць вока з вясны да восені і лісцем, і кветачкамі. У даўніну гейхеру  выкарыстоўвалі як лекавую расліну.
    Далей цвіце рабчык імператарскі, яго яшчэ называюць “царская карона” за незвычайны выгляд кветкі. А на выхадзе з доследнага ўчастка – калекцыя пшаніцы з Нацыянальнага цэнтра генетычных рэсурсаў Украіны. Гэта тыя гатункі, якія вырошчваліся да сярэдзіны 20 стагоддзя. 
    Далей участак пераразае канаўка. Кіраўнік навуковага таварыства вучняў тлумачыць, што пасля “патопа” 2005 года яны вырашылі ратавацца канаўкамі і вырылі іх рыдлёўкамі ўручную ажно тры. Цяпер спакайней адчуваюць сябе навукоўцы, калі раз’юшыцца лівень. 
    – Як угнойваеце глебу?
    – Прымяняем сідзераты – зялёныя ўгнаенні. Сеем лубін і фацэлію, пераворваем і атрымліваецца глеба з перагноем. Структура глебы пры гэтым паляпшаецца, абагачаецца азотам і рост пустазелля прыгнятаецца, – кажа вучоны-аграном.
    – Калі мы атрымліваем насенны матэрыял, які лічыцца нацыянальным здабыткам краіны, то падпісваем пагадненне, – кажа Леанід Аляксеевіч. – Сутнасць яго ў тым, што калі мы ў даследваннях  будзем мець дасягненні, то павінны паведаміць аб гэтым генетычнаму цэнтру, а калі захочам падзяліцца з кім насенным матэрыялам, то толькі з іх дазволу. І такіх правілаў прытрымліваюцца селекцыйныя ўстановы ўсіх краін. 
    Адно было незразумела – як утрымаць у памяці, дзе што і якое расце, калі на вопытным участку амаль няма ніякіх таблічак? 
    Леанід Аляксеевіч усміхнуўся: “Гэта вельмі проста. Мы малюем схему пасадкі, з указанем усіх дадзеных. І ў такім выпадку можна не хвалявацца, што штосьці пераблытаецца. Бо раней мы ставілі таблічкі, але гэта вельмі нязручна. Тым больш, што таблічку можна пераставіць, хаця б дзеля жарту, а ў нас – кожны ўзор строга запісаны. На кожнай паласе 76 радкоў. Каб пазбегнуць мітусні, памылак, мы карыстаемся схемай, якая знаходзіцца ў кабінеце. Пакуль па памяці ўсё ведаю, але на ўсялякі выпадак, каб не збіцца, паглядваем у яе”.
    Мы размаўлялі, а дзеці шчыра працавалі на ўчастку (на здымку). Час ад часу яны звярталіся да кіраўніка з пытаннямі. Ён уважліва слухаў і даваў кароткія ўказанні, а то і нахіляўся і сам паказваў, што і як рабіць. Гэта карціна нагадвала адносіны не кіраўніка і вучняў, а бацькі і дзяцей, які за справай паспявае пацікавіцца адзнакамі ў школе, ці вывучыў матэрыял, што рабіў дома...
    – Як зацікавіць сённяшніх дзяцей такой не інтэрнэтнай справай, падзяліцеся сакрэтам?
    – Вядома, адной пшаніцай не зацікавіш, – кажа кіраўнік навуковага аб’яднання. – Асабліва дзяўчынак. Для іх мы займаемся цыбульнымі, сухацветамі, бо яны любяць кветкі. Іншых цікавіць азеляненне, таму мы займаемся вырошчваннем і размнажэннем дэкаратыўных дрэў і хмызнякоў. Пасадзілі і абрыкосы, няхай дзеці ласуюцца. А яшчэ мы ходзім у паходы, удзельнічаем ва ўсіх цікавых мерапрыемствах і святах нашага Цэнтра. Штогадова вядзем догляд за папуляцыяй святаянніку чатырохкрылага. І сёлета ў гэтым урочышчы павысякалі непатрэбнае кустоўе.
    Усе дзеці малайцы, памочнікі. І я ўпэўнены: тое, што яны сёння вучацца рабіць, знойдзе працяг у іх жыцці. Калі не ў маладосці, то ў сталым узросце. Па зямлі абавязкова прачнецца туга, яна пакліча. 
    Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.