Маладзёжныя інтарэсы ў прыярытэце

  • Алена Пятушка, Браслаўская звязда 37/2017 от 13 мая 2017 Скачать номер 19 мая 2017 13:54 Здоровье Беларуская

    Нядаўна на базе ЦРБ адбыўся выязны семінар маладзёжнага савета Віцебскага абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў аховы здароўя.

    У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Мужычэнка, старшыня маладзёжнага савета абласнога камітэта прафсаюза Надзея Балашэнка, старшыня прафкама супрацоўнікаў медуніверсітэта Аляксей Пагоцкі і старшыня прафкама студэнтаў гэтай вучэбнай установы Аляксандр Мясаедаў.

    Рабочая сустрэча пачалася з агляду раённай бальніцы і паліклінікі. Галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч пазнаёміў гасцей з умовамі работы браслаўскіх урачоў і расказаў ім пра інавацыйныя накірункі дзейнасці ўстановы аховы здароўя.

    Пасля гэтага ў фармаце круглага стала старшыня прафкама ЦРБ Аксана Рэдзько паведаміла ўдзельнікам семінара пра работу з моладдзю. Яна адзначыла, што на сённяшні дзень у браслаўскай установе аховы здароўя працуюць 109 маладых медыкаў ва ўзросце да 31 года і ўсе з’яўляюцца членамі прафсаюза. Каб яны засталіся ў калектыве, вядзецца грунтоўная і мэтанакіраваная работа. Так, згодна з заканадаўствам, маладыя супрацоўнікі атрымліваюць усе выплаты, дапамогі і льготы. Пры патрэбе ў жыллі спецыялістам выдзелены дзве кватэры. Прадугледжана і кампенсацыя найму жыллёвых памяшканняў у памеры 3 БВ штомесяц. Адміністрацыя ЦРБ аказвае садзейнічанне ў прадастаўленні маладым спецыялістам льготных крэдытаў на набыццё хатняй маёмасці. За імі замацоўваюцца вопытныя настаўнікі. Любы малады медык мае магчымасць прайсці курсы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.

    Таксама адным з важных накірункаў работы з моладдзю, падкрэсліла А. Рэдзько, з’яўляецца арганізацыя іх вольнага часу. Штогод браслаўскія медыкі актыўна ўдзельнічаюць у раённых і абласных мерапрыемствах рознага накірунку, дзе абавязкова ўваходзяць у лік прызёраў. Весела і яскрава адзначаюць яны як прафесійнае свята, так і каляндарныя.

    Адным словам, у раённай установе аховы здароўя ствараюцца ўсе належныя ўмовы для прафесійнага станаўлення моладзі і яе насычанага грамадскага жыцця.

    У той жа дзень удзельнікі семінара накіраваліся на базу адпачынку «Браслаўскія азёры», дзе прадоўжылі сваю работу. У фармаце адкрытага дыялогу яны разгледзелі пытанні калектыўна-дагаворнага рэгулявання сацыяльнай абароны моладзі, абмеркавалі праект метадычных рэкамендацый для маладых спецыялістаў «Павышэнне кваліфікацыі і перакваліфікацыя медыцынскіх работнікаў: магчымасці, абавязкі, прававыя аспекты». Нямала ўвагі было ўдзелена момантам рэалізацыі праграмы «Стратэгічны рэзерв 2020», якая дзейнічае на базе медуніверсітэта і мае на мэце выяўленне і падрыхтоўку прафсаюзных лідараў і лідараў для кіруючых пасад у сістэме аховы здароўя.

    На наступны дзень пасля падвядзення вынікаў рабочай сустрэчы ўдзельнікі семінара наведалі найбольш прыгожыя і адметныя мясціны Браслаўшчыны.

    ■ Алена Пятушка

    Теги: