Урокі памяці

  • Дар’я ГОРАВА, Новае жыццё №36/2017 от 11 мая 2017 07 июня 2017 15:51 Общество Беларуская

    «Засваенне ўрокаў Халакоста неабходна дзеля таго, каб мы і нашы дзеці ніколі не сталі ахвярамі, ніколі не сталі катамі, ніколі не сталі абыякавымі назіральнікамі чужых трагедый». Гэтыя словы І. Баўэра сталі дэвізам польска-беларускага дакументальна-адукацыйнага праекта па вывучэнні яўрэйскай спадчыны, удзел у якім з 2011 года прымае і сярэдняя школа №8 г. Навагрудка (раней – гімназія №2).

    Мы прынялі ўдзел у праекце таму, што ў Навагрудку падчас акупацыі ў 1941-1944 гг. загінула звыш 28000 чалавек, кожны трэці з якіх быў яўрэем.Былы кіраўнік музея Жанна Яўгеньеўна Нягода, якая з’яўлялася каардынатарам праекта, сумесна з вучнямі правяла даследаванні па вывучэнні гісторыі заснавання навагрудскай яўрэйскай абшчыны, Халакоста на тэрыторыі СССР, дзейнасці яўрэйскага супраціўлення на Навагрудчыне і  партызанскага атрада братоў Бельскіх. Найбольш актыўны ўдзел прынялі былыя вучні гімназіі Антон Ермакоў, Юлія Кавальчук, Віялета Паўловіч, Ва­дзім Пісарук.За час работы ў праекце наш школьны музей наведалі сваякі Бельскіх (малодшы брат Аран Бельскі і дачка Бельскага Асаэла, якая падарыла школьнаму музею кнігу Пітэра Дафі «Браты Бельскія»), яўрэі, якія нарадзіліся ў час вайны на Навагрудчыне і якія працавалі ў час вайны ў нямецкім шпіталі, што змяшчаўся ў будынку нашай школы. Пасля візіту гасцей з Ізраіля (23 чэрвеня 2011 г.) вялася перапіска з сям’ёй Флэйшман. Яны перадалі ў наш музей Тору ў памяць аб Хаіме-Ісэры Яффэ (бацьку Перлы), які нарадзіўся ў Навагрудку ў 1922 г. Дзякуючы праведзенай рабоце, школьны музей папоўніўся такімі экспанатамі, як дакументы аб генацыдзе фашыстаў, дыскамі з яўрэйскай музыкай беларускіх кампазітараў, фотаздымкамі «Памяць кожнага з нас» і вучэбнымі матэрыяламі «Вывучэнне яўрэйскай спадчыны Беларусі», кнігай успамінаў «Як мы перажылі Халакост» Джэка Кагана і Доўа Кагана. У межах праекта была распрацавана экскурсійная карта знакавых аб’ектаў культурнай спадчыны яўрэяў у Навагрудку, якая і сёння выкарыстоўваецца падчас правядзення экскурсій. Вынікам работы стала размяшчэнне матэрыялаў на партале «Віртуальны Штэтл» (www.sztetl.org.pl).Наша ўстанова сябруе і супрацоўнічае з былым дырэктарам Навагрудскага краязнаўчага музея Тамарай Вяршыцкай, якая з’яўляецца адным з даследчыкаў яўрэйскага супраціўлення. Менавіта дзякуючы ёй са студзеня 2017 года мы ўдзельнічаем у новым міжнародным праекце сумесна са школамі Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі, Літвы, Украіны і Малдовы. Кіраўнік праекта – Элі Рабіновіч. З нашага боку праект каардынуе настаўніца англійскай мовы Алена Ула­дзіміраўна Штэпа-Траццяк. Яго ўдзельнікі – вучні 9-11 класаў (на здымку).Школы ў праекце абменьваюцца фактамі мясцовай гісторыі, асаб­ліва звязанай з яўрэйскай абшчынай. У цяперашні час мы займаемся развучваннем яўрэйскай  партызанскай песні. Песня «Zog nit keynmol az du geyst dem letstn veg» («Ніколі не кажы, што гэта апошні шлях!») была таксама вядома як «Гімн яўрэйскіх  партызан». Яна была напісана маладым віленскім паэтам Хіршам Глікам на мелодыю песні савецкага яўрэйскага  кампазітара Дзмітрыя Пакраса «То не хмары – навальнічныя аблокі». Песня з’явілася ў 1942 годзе і хутка распаўсюдзілася па іншых гета і лагерах, а пасля паўстання ў Варшаўскім гета яна стала афіцыйным гімнам віленскага падполля. Для ўдзелу ў праекце бардам і перакладчыкам Аляксеем Жбанавым песня была перакладзена на беларускую мову пад назвай «Ты не кажы, што гэта дзень апошні твой».Удзел у міжнародных праектах па вывучэнні яўрэйскай спадчыны для нашых вучняў вельмі важны, таму што школа змяшчаецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры – адным з многіх, якімі багаты старажытны Навагрудак. Гісторыя нашага горада шматгранная, і адна з гэтых граней належыць міралюбіваму і гераічнаму яўрэйскаму народу. Старшакласнікі, члены пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» імя Тувія Бельскага, імкнуцца аднавіць і захаваць памяць пра людзей, якія на працягу многіх стагоддзяў уносілі свой адметны ўклад у эканамічнае і культурнае развіццё Навагрудка. Мы спадзяемся, што дзейнасць у межах новага праекта дазволіць нам папоўніць экспазіцыю школьнага музея, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

    Теги: 
    • {Нет тегов}