Іголачка тонкая, але дастае да сэрца

  • Алена Карсакова, Дняпроўская праўда №60(10334) от 02 августа 2017 Скачать номер 10 августа 2017 11:29 Культура Беларуская

    С пакон вякоў вышыўка на Беларусі з'яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна адлюставала свет старажытных вобразаў, якія ўзыходзяць да  міфалогіі, звычаяў, уяўлення продкаў аб узаемадзеянні  з навакольным асяроддзем, паэтычнае асэнсаванне прыроды.  Традыцыйныя беларускія нацыянальныя касцюмы нельга ўявіць без вышытага арнаменту.  Гэта адзін з самых найстарэйшых спосабаў ўпрыгожання адзення і стварэння хатняй утульнасці. У беларускай народнай вышыўцы шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, палякаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў).

    Цікава, што ў Беларусі вышыўка выкарыстоўвалася не толькі для аздаблення адзення і святочных убораў, але і для бытавых тэкстыльных прадметаў: абрусы, ручнікі. У побыце вышыўка была не забавай, а абавязкам жанчын і дзяўчат. Калі майстэрства работніцы было на высокім узроўні, рукадзелле магло прыносіць добры прыбытак: вышыўка лічылася прэстыжным рамяством.

    Зараз цікавасціь да гэтага народнага рамяства пашыраецца. Менавіта таму ў скарбонцы брэндавых мерапрыемстваў раёна з’явілася яшчэ адно свята: нядаўна Калінаўскі СДК правёў “Свята вышыванкі”. На сонечнай пляцоўцы каля СДК размясцілі выставу вышытых вырабаў. Шчыра віталі гаспадары свята — ансамбль“Калінаўскія маладзіцы” і дзіцячы ансамбль “Глыбінка ”(Калінаўка) — гасцей — ансамблі “Надзея” (Сваташыцы), “Кудзеліца” (Дуброўна), “Беларусачка” (Асінторф), “Сяляначка”(Станіславова).

    Трэба адзначыць, што ўдзельнікі і гледачы таксама мелі ў сваім адзенні нешта  вышыванае. А ансамбль з Асінторфа ўвогуле прадэманстраваў канцэртную вопратку, якую кожная ўдзельніца вышывала для сябе сама.

    Арганізатары з удзячнасцю ўзгадалі пра жанчын, якія берагуць і перадаюць сакрэты традыцыйнай беларускай вышыўкі. Сярод іншых называлі Юлію Федараўну Лук’янаву, работы якой  склалі аснову выставы. Яна і іншыя майстрыхі атрымалі ад арганізатараў сувеніры. На свяце было шмат музыкі і добрага настрою. Спадзяемся, што “Свята вышыванкі” атрымае трывалую прапіску  на калінаўскай зямлі.