Анатолий Кухарчук в канун 70-летнего юбилея: «Все остается в памяти, откладывается в глубинах души»

  • Марына Вакульская, Раённыя будні №58 (10010) от 02 августа 2017 15 сентября 2017 08:20 ЗдоровьеОбщество Беларуская

    Анатоль Кухарчук не толькі для пружанскай медыцыны — асоба, без перабольшвання, легендарная. Больш за сорак гадоў таму Анатоль Іванавіч прыехаў на работу ў Пружаны, стаў першым загадчыкам аддзялення рэанімацыі раённай бальніцы, развіваў новы ў 1970-я гады медыцынскі накірунак, актыўна ўкараняў новыя тэхналогіі.

    Нягледзячы на ўзрост, Анатоль Іванавіч па-ранейшаму каля аперацыйнага стала. У сваім шчыльным рабочым графіку доктар знайшоў час і для таго, каб сустрэцца з карэспандэнтамі «раёнкі»: напярэдадні свайго юбілея — а якраз 2 жніўня Анатоль Іванавіч адзначае 70-годдзе, з чым яго і віншуем, — ён расказаў, як пачынаўся шлях у прафесію, узгадаў пра развіццё анестэзіялогіі на Пружаншчыне і ўвогуле шчыра расказаў пра сябе.

    Не следчы, а медык?

    Прайшоў роўна 41 год, як Анатоль Кухарчук стаў анестэзіёлагам. Варта згадаць, што медыцына рызыкавала застацца без высокакваліфікаванага спецыяліста.

    — Я ж спачатку марыў стаць следчым, — прызнаецца Анатоль Іванавіч. — Тым не менш, у 1964 годзе са школьным атэстатам у руках чамусьці прыйшоў у Брэсцкае медыцынскае вучылішча.

    Дакладнага адказу на пытанне, чаму здрадзіў дзіцячай мары, ён і сам не ведае. Паціскаючы плячыма, гаворыць: «Хутчэй за ўсё па той прычыне, што не было юрыдычнага факультэта недалёка ад дома, у родным Брэсце». Тым не менш, як паказаў час, выбар аказаўся правільным.

    За два з паловай гады службы ў арміі, дзе быў фельчарам палка, крыху паднабраўся вопыту і вырашыў пасля дэмабілізацыі ісці вучыцца далей па абраным шляху. Так у 1969 годзе і апынуўся ў Гродзенскім медінстытуце.

    Першыя крокі

    У Пружаны Анатоль Кухарчук прыехаў ужо сямейным чалавекам: пружанцам вядома, што яго жонка Святлана Мікалаеўна — таксама медык. Узялі шлюб на трэцім курсе інстытута.

    Выпуск анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, у якім быў Анатоль Кухарчук, стаў усяго толькі другім па ліку ў Гродзенскім інстытуце: гэта быў час, калі анестэзіялогія нараджалася як накірунак у медыцыне. Увогуле ў той год у Брэсцкую абласную бальніцу для праходжання ардынатуры па такой вузкай спецыяльнасці прыбылі толькі два чалавекі. Аднаго з іх і адправілі ў Пружаны...

    Вось як успамінае пра той час сам урач:

    — У першы ж працоўны дзень мяне чакала шэсць аперацый са штучнай вентыляцыяй лёгкіх. Ніякіх спецыяльных апаратаў не было: даводзілася ўсю аперацыю «дыхаць рукой». Увогуле аперацый тады рабілі вельмі многа. Выязджалі часта і па ўсім раёне: у Ружаны, у Шарашэва, у Купліно, дзе некалі стаяла медсанчасць...

    Рэаніматалогія: учора і сёння

    Першым дыхальным апаратам Пружанскую ЦРБ аснасцілі толькі ў 1978 годзе — праз два гады пасля таго, як прыслалі спецыяліста. Новаму медыцынскаму накірунку сталі надаваць больш увагі: увялі яшчэ некалькі ставак для сярэдняга медперсаналу, а неўзабаве ў 1986 годзе было адкрыта рэанімацыйнае аддзяленне на шэсць ложкаў. Да 2014 года Анатоль Іванавіч з’яўляўся яго нязменным загадчыкам.

    Колішняе аддзяленне рэанімацыі і параўноўваць не варта з тым, якім яно з’яўляецца сёння. Цяпер гэта асобны блок у бальніцы, дзе ёсць і палаты інтэнсіўнай тэрапіі, і сучаснае абсталяванне, пра што раней можна было толькі марыць. Акрамя загадчыка, тут працуюць яшчэ 6 урачоў, а таксама 15 медсясцёр і 8 санітарак.

    — Сёння мы працуем, выкарыстоўваючы больш якасныя і бясшкодныя метады анестэзіялогіі. А якая апаратура: бачыш усё — пульс, ціск, аб’ём кіслароду, вядзецца маніторынг ЭКГ… Раней жа даводзілася арыентавацца не на шматлікія датчыкі, а толькі на гемадынаміку пацыента, колер яго скураных покрываў, на рэагаванне.

    Вылучае, праўда, Анатоль Іванавіч усё-такі і адзін плюс у тым, савецкім часе, — гэта ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў.

    — З-за адсутнасці апаратуры рэаніматолагі былі практыкамі: ставілі дыягназы па сімптомах. Цяпер з-за наяўнасці разнастайных дыягностык: ультрагукавой, камп’ютарнай, магнітна-рэзананснай тамаграфіі — урач губляе ў належным клінічным вопыце.

    Нічога не забываецца

    Існуе меркаванне, што ў рэанімацыйным аддзяленні працуюць людзі калі не чэрствыя, дык, як мінімум, абстрагаваныя ад негатыву, які адбываецца навокал: усё-такі іх пацыенты часта знаходзяцца на мяжы жыцця і смерці. І жыццё далёка не заўсёды перамагае. Анатоль Іванавіч запэўнівае:

    — Гэта міф: усё адкладваецца ў памяці, асядае ў глыбінях душы. Шчыра кажучы, не веру я, што чалавек можа быць абсалютна раўнадушным.

    Урач успамінае пра выпадкі з практыкі, калі за адно дзяжурства даводзілася канстатаваць смерць чатырох чалавек. Увогуле колькасць аперацый, у якіх больш як за чатыры дзясяткі гадоў прыняў удзел А.І.Кухарчук, вылічваецца тысячамі: лёгкімі і складанымі, тыповымі і не толькі — усіх не згадае. Прычым свой адбітак у душы пакідаюць нават паспяховыя.

    … Было гэта шмат гадоў таму. Дзевяностагадоваму пацыенту рабілі аперацыю. Вадкасці разам з крывёй за аперацыю анестэзіёлаг-рэаніматолаг пераліў прыкладна паўтара вядра! Дзядуля застаўся жыць.

    У чым адназначна перакананы доктар: рэаніматолаг — прафесія не для слабанервовых. Нярэдка быў сведкам, калі ўрач не вытрымліваў і пераходзіў на іншую спецыяльнасць.

    — Апаратура і прафесіяналізм урача — добра. Але павінна быць і жаданне жыць у пацыента. На гэты конт аднойчы мой калега выказаўся: «Канешне, апаратура зможа паказаць ціск, пульс, зафіксаваць даныя… Але ты на вочы паглядзі — яны ўсё раскажуць». Вось і я так лічу: калі ёсць бляск у вачах, шанец на выздараўленне ці паспяховы зыход аперацыі намнога большы.

    Шчыра пра асабістае

    Сёння з вышыні пражытых гадоў Анатоль Іванавіч прызнаецца, што часу на дом і сям’ю ў яго не заўсёды хапала. Але родныя ставіліся да гэтага з разуменнем. Жонка Святлана — вядомы ў раёне акушэр-гінеколаг — не па чутках ведала, якіх ахвяр патрабуе прафесія.

    — Дачка часта сядзела і выглядвала ў акно, калі ж мама ці тата вернуцца з работы. Іншы раз даводзілася браць яе з сабой на дзяжурства і пакідаць начаваць у бальніцы. Ды ўсяго не раскажаш. Як сёння падумаю: здзек над дзецьмі, — успамінае доктар.

    Тым не менш, Кухарчукі выгадавалі двух цудоўных дачок. Старэйшая Іна, дарэчы, таксама стала медыкам. Малодшая Алена — эканаміст.

    Цікаўлюся:

    — Самае дарагое, чым Вам давялося ахвяраваць дзеля работы?

    — Што ўжо пра гэта казаць — час усё роўна не вернеш. Ад пастаяннага хвалявання і напружанага графіка работы здароўя, адназначна, не прыбавілася. Напэўна, больш увагі трэба было ўдзяляць дзецям.

    Нягледзячы ні на што, Анатоль Іванавіч адчувае сябе шчаслівым.

    — Я пражыў доўгае жыццё, займаўся цікавай і, што немалаважна, такой неабходнай для людзей справай. І, канешне, задаволены, што мяне акружаюць любімыя людзі — дзеці, жонка.

    Замест пасляслоўя

    Адным словам, амаль усё жыццё Анатоля Кухарчука — гэта працоўныя будні, ненармаваны рабочы дзень. Даводзілася па трое сутак не бываць дома.

    — Сёння наўрад ці хто паверыць, што, бывала, за месяц наязджаў па 150 гадзін звыш месячнай нормы. І звышурочных тады не было — усё трымалася выключна на энтузіязме.

    Не толькі за самаадданую працу, але і за прафесіяналізм доктара не раз адзначалі граматамі на розных узроўнях.

    На пытанне: «Чаму застаўся ў Пружанах? Былі ж магчымасці для кар’ернага росту», — Анатоль Іванавіч жартуе:

    — Я — брастаўчанін, жонка — ураджэнка Гродна. Вось і аселі паміж гэтымі гарадамі, каб нікому не было крыўдна.

    Нягледзячы на тое, што за столькі гадоў да Пружан па-сапраўднаму прыкіпелі душой, сёння Кухарчукі, якія збіраюцца пайсці на заслужаны адпачынак, усё ж плануюць пераехаць у Гродна, дзе жывуць іх дочкі. Каб цяпер, калі ўжо не будуць абцяжараны працоўнымі справамі, больш часу праводзіць з роднымі людзьмі.

    Слова калегам

    Алег ЛАЗАКОВІЧ, загадчык аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі ЦРБ:

    — Анатоль Іванавіч — чалавек вядомы ў асяроддзі спецыялістаў, у тым ліку, дзякуючы правадніковым анестэзіям — найбольш бяспечным для пацыента, але складаным для ўрача. І калі я ехаў на работу ў Пружаны, мяне папярэдзілі: тут робяць «праваднікоў» больш, чым ва ўсёй вобласці разам узятай — трэба будзе трымаць марку.

    Сёння хочацца сказаць дзякуй старэйшаму калегу за падтрымку, за навуку, за настаўніцтва, за каштоўны вопыт. Калі Анатоль Іванавіч перадаваў мне кіраўніцтва аддзяленнем, папрасіў захаваць галоўнае — атмасферу ў калектыве. Абавязкова буду прытрымлівацца атрыманага наказу і развіваць назапашаную базу.

    Павел ПРАТАСЕВІЧ, старшы выкладчык кафедры анестэзіялогіі-рэаніматалогіі Гродзенскага медуніверсітэта, урач рэаніматолаг-анестэзіёлаг Гродзенскай абласной бальніцы:

    — Я пазнаёміўся з Анатолем Іванавічам у 2006 годзе, калі прыехаў у Пружаны на адпрацоўку. Акрамя таго, што ён — цудоўны чалавек, кіраўнік, гэта яшчэ і прафесіянал. Ён праводзіў па некалькі аперацый за дзень — нагрузку меў каласальную, працаваў, не шкадуючы сябе.

    Канешне, гэта Настаўнік з вялікай літары. Пад яго кіраўніцтвам першыя крокі рабілі многія рэаніматолагі- анестэзіёлагі, якія раз’ехаліся не толькі па нашай краіне, але і працуюць за мяжой.

    Асобна трэба згадаць пра школу правадніковай анестэзіі, якая ёсць у Пружанах: з моманту з’яўлення рэгіянарнай анестэзіі, дзякуючы Анатолю Кухарчуку, Пружанскі раён заўсёды быў лідарам па выкарыстанні розных яе методык. Нават тады, калі ўзнікалі сумненні наконт гэтага віду наркозу. Хаця, як паказаў час, гэта адзін з самых лепшых яго відаў пры траўматалагічных аперацыях.

    Алена КОТ, старшая медсястра аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі :

    — Я працую ў аддзяленні побач з Анатолем Іванавічам з 2008 года. Для мяне ён стаў настаўнікам, які навучыў літаральна ўсяму. Першы час, канешне, было складана, бо прафесіянал сваёй справы імкнецца, каб побач з ім працавалі толькі выдатныя спецыялісты. Ён заўсёды ставіцца з разуменнем да людзей, з адказнасцю — да работы. Такімі людзьмі, якія самааддана прысвяцілі ўсё сваё жыццё абранай справе, застаецца толькі захапляцца. Здаецца, сёння такіх мала. Словам, гэта той выпадак, калі гавораць: «Урач ад Бога».

    Людміла ЗАРЭЦКАЯ, медсястра-анестэзіст:

    — Пра Анатоля Іванавіча Кухарчука ўпершыню пачула, калі яшчэ вучылася ў Брэсцкім медвучылішчы: іх групу і яго, у прыватнасці, ставілі ў прыклад не толькі як спецыялістаў, але і як актывістаў, спартсменаў. Сам Анатоль Іванавіч займаўся боксам і нават меў першы разрад.

    Пазней лёс звёў нас у Пружанах. І вось разам адпрацавалі каля сарака гадоў. Згадзіцеся: такое здараецца нячаста. Прызнаюся, што было складана — у яго заўсёды высокія патрабаванні да кадраў. Але ні разу не пашкадавала аб выбары, і, калі можна было б вярнуць час назад, яшчэ раз прайшла б свой працоўны шлях побач з ім як з кіраўніком, як з калегам.

    Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.