Калі ніякая культура не лішняя

  • Виктор КУКЛОВ, Народная газета № 38 (6438) 22 cентября 2017 г. от 22 сентября 2017 22 сентября 2017 00:00 Культура Русский
    Да святкавання 950-годдзя Мінска падрыхтавалі вельмі насычаную і разнастайную праграму. Нават пры вялікім жаданні немагчыма было ахапіць усе мерапрыемствы. Аднак сапраўдныя прыхільнікі тэатральнага мастацтва не пакінулі без увагі падарунак польскіх гасцей. 9 верасня Новы тэатр імя Казімежа Дэймека з Лодзі, горада-пабраціма Мінска, паказаў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі спектакль Kobro. Не прайшло і тыдня — два вечары, 15 і 16 верасня, РТБД на вялікай сцэне Новага тэатра даносіў да жыхароў Лодзі “Чарнобыльскую малітву”.

    Зрэшты, маналогі герояў дакументальнай аповесці нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у выкананні вядомых беларускіх акцёраў слухаў не толькі польскі глядач. Спектакль уключылі ў праграму фестывалю “Лодзь чатырох культур”. Гістарычна склалася, што ў гэтым старажытным горадзе, як цаглінка з цаглінкай, трывала цэментаваліся культуры палякаў, немцаў, яўрэяў, рускіх, якія тут жылі. Яны будавалі фабрыкі, храмы, тэатры, стадыёны. Але, зразумела, не толькі яны. Сюды сцякаліся і прадстаўнікі іншых народаў, у тым ліку беларусы. Ёсць і выразныя культурныя сляды. Яскравы прыклад — вядомы мастак-авангардыст Уладзіслаў Стржэмінскі. Ён нарадзіўся ў Мінску. У 1922 годзе разам з жонкай Катаржынай Кобра, таксама мастачкай-авангардысткай (менавіта яна ў цэнтры ўвагі ў спектаклі Новага тэатра), пераехаў у Польшчу. Пахаваны Стржэмінскі на Старых могілках у Лодзі.

    У гэтым годзе фестываль чатырох культур уключаў каля 50 акцый, канцэртаў, спектакляў, дыскусій, майстар-класаў. А ўзнік гэты форум у 2002 годзе, каб адрадзіць былыя традыцыі, перарваныя драматычнай гісторыяй мінулага стагоддзя. Да Другой сусветнай вайны ў Лодзі жыло больш за 230 тысяч яўрэяў, якія складалі трэцюю частку насельніцтва горада. У пачатку вайны ўсіх яўрэяў сагналі ў гета, многіх адправілі ў лагеры смерці.
    Чарнобыль — яшчэ адна глыбокая рана на “сэрцы” ХХ стагоддзя. Наступствы найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы сучаснасці ў прамым сэнсе зачапілі за жывое не толькі жыхароў Беларусі, Расіі і Украіны — краін, якія найбольш пацярпелі ад радыеактыўнай “чумы”. Гэта чорны боль усяго чалавецтва, горкі ўрок мірнага атама.
    — Мы ўбачылі нязвыклую, але вельмі важную пастаноўку, — сказаў віцэ-прэзідэнт Лодзі Кшыштаф Пяткоўскі пасля спектакля. — Гэты сумесны творчы праект — добры працяг нашага супрацоўніцтва, якое развіваецца ўжо 25 гадоў. Лодзь і Мінск звязвае дагавор аб пабрацімстве, таму ў двух гарадоў шмат агульнага ў розных сферах. Мы маем намер умацоўваць супрацоўніцтва як у эканоміцы, так і ў культуры, адукацыі, ахове здароўя, спорце.
    “Чарнобыльская малітва” не паставіла кропку і ў тэатральных кантактах, наадварот — гэта толькі пачатак.
    — Беларускі глядач вельмі цёпла сустракаў польскую трупу, а ў Лодзі нашых акцёраў чакалі авацыі, спектакль атрымаў вельмі добрыя водгукі і ў СМІ, і сярод гледачоў. Зроблены першы цудоўны крок, у якога абавязкова будзе працяг, — упэўнены дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі. — У нас з Новым тэатрам цікавыя планы. У прыватнасці, ёсць намер стварыць беларуска-польскую п’есу і потым паставіць сумесны спектакль, у якім могуць быць задзейнічаны акцёры абодвух тэатраў. Мы ўвогуле пашыраем супрацоўніцтва з Польшчай. У кастрычніку паедзем у Беласток, дзе прымем удзел у двух фестывалях, пакажам там адразу тры пастаноўкі.
    Далучыліся да “Чарнобыльскай малітвы” і мінскія журналісты, якіх запрасілі ў Лодзь Пасольства Польшчы ў Беларусі і ўлады горада. Што ж, як прынята ў тэатральным асяроддзі, — апладысменты!..
    kuklov@sb.by

    Теги: 
    • {Нет тегов}