«Другі хлеб» радуе ўраджаем

  • А. ГАНЦЭВІЧ, Новае жыццё №77/2017 от 30 сентября 2017 15 ноября 2017 15:10 Сад и огород Беларуская

    У гэтыя дні асаблівае ажыўленне на бульбяных палетках раёна: у самым разгары ўборка «другога хлеба». На мінулым тыдні мы наведаліся на бульбяное поле ААТ «Прынёманскі», дзе з гектара атрымліваюць больш за 300 цэнтнераў.

    – Сёлета, нават нягледзячы на не вельмі спрыяльныя ўмовы надвор’я, у нашай гаспадарцы атрыманы добры ўраджай бульбы, – паведаміў дырэктар ААТ «Прынёманскі» А.У. Садоўскі. – На працягу многіх гадоў мы займаемся вырошчваннем бульбы. У 2010-2014 гадах гаспадарка была ўключана ў рэспубліканскую праграму па развіцці бульбаводства. Дзякуючы гэтаму было пабудавана бульбасховічша на 2000 тон і набыта тэхніка, неабходная для вырошчвання бульбы. Былі часы, калі бульбяныя палеткі займалі каля 140 га, аднак плошчы скарацілі ў сувязі з нізкай рэнтабельнасцю культуры ў мінулыя гады.Каб атрымаць добры ўраджай, у гаспадарцы строга прытрымліваюцца тэхналогіі, праводзяць усе набходныя работы па доглядзе за культурай, планамерна працуюць над сортаабнаўленнем. На прынёманскіх палетках вырошчваецца не толькі добра знаёмы ўсім сорт «скарб», каля  6 га  займае бульба новага сорту «Янка». Як адзначылі ў гаспадарцы, менавіта гэты сорт будзе дамінаваць у будучым годзе.– Сёлета пад бульбу адведзена 75 га, з якіх плануем атрымаць валавы збор не менш за 2500 тон, – адзначае Андрэй Уладзіміравіч. – Асноўная задача пры вырошчванні любой культуры – гэта яе рэнтабельнасць. У гэтым годзе, дзякуючы высокай ураджайнасці, бульба станоўча спрацуе на эканоміку гаспадаркі. Большая частка ўраджаю будзе рэалізавана на Боркаўскі крухмальны завод, таксама рэалізуем бульбу прадпрыемствам і арганізацыям раёна. Спадзяёмся ад рэалізацыі бульбы атрымаць не менш за 300 тыс. рублёў, рэнтабельнасць складзе каля 13%. Трэба адзначыць, што вырошчванне бульбы – справа працаёмкая. І хаця гаспадарка мае бульбапасадачную машыну, бульбаўборачныя камбайны,  ручной працы хапае. Гэта і ўборка, і фасоўка, і рэалізацыя. На сённяшні дзень у ААТ «Прынёманскі» ўжо ўбрана 65% плошчаў, з якіх атрымана больш за 1600 тон бульбы. Зараз уборка бульбы вядзецца двума бульбаўборачнымі камбайнамі. На вытворчы ўчастак гаспадаркі, які ўзначальвае М.Л. Лукашэвіч, мы завіталі невыпадкова. Ураджайнасць бульбы на ім рэкордная – больш за 400 ц/га. – Добрая глеба, якасны насенны матэрыял, своечасовы догляд за культурай – вось і ўсе сакрэты высокага ўраджаю, – гаворыць Мікалай Лявонцьевіч. – Уборка ідзе зладжана, людзі працуюць адказна, старанна. Думаю, з усімі работамі справімся своечасова. На бульбаўборачным камбайне – вопытны механізатар В.І. Баброўскі, які працуе не першы год і добра ведае сваю справу.Яшчэ здалёк бачна, як упэўнена рухаецца па барознах бульбаўборачны камбайн. З транспарцёра  спорна сыплюцца ў бункер важкія клубні бульбы, а непадалёку ўжо чакае МАЗ, каб без прамаруджвання адвезці бульбу новага ўраджаю на сартавальны пункт бульбасховішча. Восень  прыспешвае земляробаў – трэба як мага хутчэй убраць да апошняга клубня вырашчаную бульбу, каб яна не трапіла пад раннія восеньскія замаразкі. Таму стараюцца ў гаспадарцы з найбольшай эфектыўнасцю выкарыстоўваць кожную пагодную гадзіну.

    Теги: 
    • {Нет тегов}